Малы бізнес у раёне

На здымку: дырэктар прадпремства Арцём Варонін (справа) і майстар Вячаслаў Галімскі.
У краіне значная ўвага надаецца развіццю малога бізнесу, асабліва ў невялікіх рэгіёнах, як наш. Грамадзянам, якія вырашылі заняцца сваёй справай, аказваецца рознабаковая дзяржаўная падтрымка, пачынаючы ад простых кансультацый і завяршаючы выдачай грашовых крэдытаў.
Як адкрыць сваё прадпрыемства, наладзіць на ім работу і атрымліваць ад гэтага прыбытак? Як навучыцца пачынаючым бізнесменам пераадольваць цяжкасці, перакрочваць праз сумненні і знаходзіць выйсце з рызыковых сітуацый, каб утрымацца на плаву і, магчыма, пашырыць поле дзейнасці? Асабістым вопытам вядзення прыватнага бізнесу з чытачамі “раёнкі” падзяліўся заснавальнік ПУВП “Янатаўр” Мікалай Яскевіч.

— Мікалай Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, чым займаецца ваша прадпрыемства?
— Значная частка мясцовых аўтаматараў ведае, што “Янатаўр” — гэта аўтамайстэрня ў Кіраўску. Аўтамабіль, які ўжо даўно са сродка раскошы ператварыўся ў звычайную неабходнасць, для некаторых служыць яшчэ і сродкам заробку. Як і любую рэч, машыну час ад часу трэба рамантаваць. Вось тады запатрабаванымі, а ў некаторых выпадках і востра неабходнымі становяцца аўтаслесары — майстры, якія выправяць любую паломку, прывядуць аўтамабіль у належны тэхнічны стан, дзякуючы чаму вы зноў будзеце “на колах”.
— Падзяліцеся з чытачамі, як узнікла ідэя займацца прыватным рамонтам аўтамабіляў і з чаго вы пачыналі?
— Мой сын Арцём, які зараз з’яўляецца дырэктарам “Янатаўра”, некаторы час працаваў аўтаслесарам у “шынамантажках” у Магілёве і Бабруйску. Набраўся вопыту, вывучыў на практыцы некаторыя тонкасці аўтарамонтаў і прапанаваў мне паспрабаваць адкрыць сваю справу. Паразважаўшы, мы разам з ім прынялі такое рашэнне. Потым я звярнуўся ў райвыканкам, атрымаў кансультацыю і пачаў афармляць неабходную дакументацыю. У 2005 годзе я стаў індывідуальным прадпрымальнікам, арандаваў на базе райаграпрамтэхзабеспячэння вытворчае памяшканне, і ўдваіх з Арцёмам мы пачалі прымаць першых кліентаў.
— Цікава, а з чаго складаўся ваш першапачатковы капітал?
— З накопленых раней асабістых грашовых сродкаў. На іх мы закупілі недарагое, самае неабходнае абсталяванне, былое ва ўжыванні.
— Калі ж не новым і не дарагім абсталяваннем, то чым жа вы прыцягвалі сваіх першых кліентаў?
— Якасцю работ! Бадай, самае важнае ў рамонце транспартнага сродку не затрачаны на гэта час, не атрыманая сума, а якасць нашай паслугі. Як вядома, ад тэхнічнага стану аўтамабіля залежыць здароўе, а, галоўнае, жыццё людзей. З першых дзён работы мы выконвалі свае абавязкі з максімальнай адказнасцю і ўвагай. Акрамя таго, хоць наша абсталяванне было не новае, аднак яно дазволіла пашырыць спектр паслуг у параўнанні з ужо маючыміся ў Кіраўску “шынамантажкамі”. Такім чынам, з самага пачатку нам удалося напрацаваць групу пастаянных кліентаў, якія абслугоўваюць у нас свае аўтамабілі і дагэтуль.
— Адразу ўзнікае пытанне: а хто ж складае спектр кліентаў “Янатаўра”?
— Гэта жыхары Магілёва, Бабруйска і, вядома ж, Кіраўска. Акрамя таго мы заключаем дагаворы на абслугоўванне транспартных сродкаў арганізацый раёна. Напрыклад, рамантуем транспарт СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага і “Добасна-агра”, УКП “Бытпаслугі”, раённага вузла паштовай сувязі, ДТСААФ, аддзялення дэпартамента аховы.
Здарылася так, што нам трэба было прыпыніць сваю дзейнасць на тры месяцы. А калі яе аднавілі, усе кліенты адразу вярнуліся да нас.
— Мікалай Мікалаевіч, пяць год таму вы пачыналі весці сваю справу як індывідуальны прадпрымальнік. А зараз вы — заснавальнік прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства. Ужо не арандуеце, а маеце сваё вытворчае памяшканне, набралі больш работнікаў…
— З цягам часу, як толькі наша справа больш-менш наладзілася, вырашылі пашырацца. Спачатку хацелі пабудаваць сваё памяшканне. Я зноў звярнуўся ў райвыканкам, мне выдзелілі зямлю ў раёне былой сельгасхіміі, пачалі будаўніцтва. У 2007 годзе са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны Міністэрства працы і сацыяльнай абароны мне прадаставілі бюджэтную пазыку. Гэтыя сродкі дазволілі завяршыць будаўніцтва, набыць новае абсталяванне, адкрыць дадатковыя рабочыя месцы. Такім чынам мы былі рэарганізаваны ў прадпрыемства.
— Колькі людзей у вас зараз працуе?
— Наш калектыў складаецца з сямі чалавек: дырэктара, бухгалтара, майстара, газаэлектра-зваршчыка, трох аўтаслесараў — гэта Дзмітрый Багамолаў, Аляксандр Хутарцоў, Дзяніс Раманаў.
— Калі прымалі людзей на работу, праводзілі адбор на прафпрыгоднасць?
— Ведаеце, калі чалавек умее рабіць сваю справу, то гэта адразу бачна, нават тая “корачка” аб адукацыі не патрэбна. Рабяты прыйшлі на прадпрыемства па асабістым жаданні, пакуль ніхто не звольніўся. Усе яны — кіраўчане, да таго ж, кожны з іх ужо меў пэўны вопыт работы. Стараемся па меры магчымасці павялічваць зарплату.
— Ці адчуваеце канкурэнцыю? Калі так, то як з ёю спраўляецеся?
— Канкурэнцыя — гэта добра! Гэта стымул для далейшага развіцця! Аднак востра яе не адчуваем: мы напрацавалі пастаянных кліентаў, маем прыбытак. Аднак бывала так, што ў дзень зараблялі ўсяго 3 тысячы рублёў. Ды і зараз можна за дзень адрамантаваць толькі 2 машыны, а можна і 50. На мой погляд выйграць пры любой канкурэнцыі можна, забяспечваючы высокую якасць работы.
— Ну, і напрыканцы нашай сустрэчы, дайце, калі ласка, некалькі парад тым, хто толькі мае намер заняцца прыватным бізнесам.
— Ніколі не трэба апускаць рукі і спыняцца. Калі штосьці не атрымалася, спрабаваць зноў, магчыма, з другога боку. Каб весці сваю справу, трэба быць цярплівым і настойлівым. А яшчэ важна мець падтрымку, у тым ліку і дзяржаўную.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.