Моладзь зрабіла свой выбар!

Маладзёжны форум «Зрабі свой выбар», прысвечаны 90-годдзю камсамола Беларусі, прайшоў у сталічным Футбольным манежы . Наш раён на ім прадстаўляў галоўны спецыяліст райкама ГА «БРСМ» Аляксей КАРАНЬКОЎ. Сёння ён дзеліцца з чытачамі «раёнкі» сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве:
— Я вельмі задаволены, што мне пашчасціла прымаць удзел у гэтым маладзёжным форуме, які, без сумнення, стаў па-сапраўднаму ўнікальнай з’явай у маладзёжнай культуры Беларусі. Аб тым, што гэта будзе нешта незвычайнае і асаблівае, здагадаліся яшчэ на падыходзе да футбольнага манежа: тут на 25-мятровым палатне маладыя людзі, якія ўзброіліся балончыкамі з фарбай і ўльтрасучаснымі ідэямі, «пісалі» карціну сучаснай Беларусі.
Маладзёжны форум сабраў каля 10 тысяч юнакоў і дзяўчат з усёй рэспублікі, прычым мерапрыемства аб’яднала не толькі большасць членаў ГА «БРСМ», але і проста моладзь, якая любіць сваю Радзіму.
Адкрыў форум першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Ігар Бузоўскі, які перадаў моладзі краіны і ветэранам камсамольскага руху віншаванні ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.
Мэтай свята ставілася з’арыентаваць маладых людзей на тое, каб яны зрабілі правільны выбар у сваім жыцці, будучай вучобе, кар’еры і выбарах. І гэта ў арганізатараў мерапрыемства атрымалася!
Былі прадстаўлены самыя смелыя праекты, якія заваявалі прызнанне моладзі і ўвасоблены ёю ў жыццё, — спаборніцтвы «Скураны мяч» і «Залатая шайба», валанцёрскі рух «Добрае сэрца», Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі» і іншыя.
На 20-ці тэматычных пляцоўках, арганізаваных тэрытарыяльнымі камітэтамі маладзёжнай арганізацыі, былі прадстаўлены галоўныя напрамкі дзейнасці ГА «БРСМ» и яго лепшыя праекты, удзельнікі форуму маглі не толькі назіраць, але пры жаданні і паўдзельнічаць у іх аса-біста.
Футбольны манеж на пэўны час быў аддадзены самай крэатыўнай, інтэрактыўнай і вясёлай частцы насельніцтва Беларусі – моладзі. Паглядзець было на што. У адной частцы манежа сваё майстэрства дэманстравалі ролеры і велатрыалісты, а побач праходзілі турнір па зборцы пазлаў беларускай тэматыкі, фотакастынг і многае іншае.
Удельнікі паруснай рэгаты вучылі вязаць вузлы, а прадстаўнікі маладзёжнага атрада аховы правапарадку давалі ўрокі самаабароны, можна было запісацца ў валанцёрскі лагер або вызначыцца на танцавальнай пляцоўцы ў час бітвы дыджэяў.
У час правядзення форуму жыхары і госці сталіцы сталі гледачамі яшчэ аднаго цікавага мерапрыемстсва: па двух галоўных праспектах Мінска зрабілі аўтапрабег два дзесяткі эксклюзіўных рэтра-аўтамабіляў удзельнікаў ГА «АўтаАмерыка». Яны стартавалі ад Нацыянальнай бібліятэкі. Узначальвалі і замыкалі калону магутныя ваенныя машыны БТР з лунаючымі сцягамі Рэспублікі Беларусь і ГА «БРСМ». Побач з рарытэтнымі аўтамабілямі савецкага машынабудаўніцтва ЗІЛ, ЗІС, «Победа», «Волга» ў калоне рухаліся аўтамабілі замежнай вытворчасці на чале з кадылакам 1958 года выпуску. Пасля ўрачыстага праезду па гораду рэтра-машыны размясціліся на пляцоўцы каля Футбольнага манежа.
У гэты час у зале манежа ішло выступленне «зорак» беларускай эстрады, танцавальных калектываў, былі наладжаны паказальныя выступленні байцоў спецназа, беларускага волата, рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінеса Кірыла Шымко, магілёўскага клуба сілавога экстрыму і многае іншае.
А ўвечары ў Футбольным манежы адбылася бітва мацнейшых зборных брэйк-данс каманд краіны.
Адным словам, усё прайшло на самым высокім узроўні, было вельмі цікава, а, галоўнае, моладзь зрабіла свой выбар: на карысць Радзімы, прагрэсу, незалежнасці. Упэўнены, што ўдел у жыцці саюза моладзі – выдатны шанц для кожнага!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.