На хвалі творчасці і натхнення…

На Магілёўшчыне прайшоў трохдзённы семінар па абмену вопытам работы для кіраўнікоў клубных устаноў культуры Брэсцкай вобласці па тэме: “Работа метадычных служб вобласці па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны”. Для наведвання былі выбраны тыя раёны Магілёўшчыны, дзе сістэмна і найбольш цікава наладжана дзейнасць устаноў культуры ў гэтым напрамку. Адзін з іх — Кіраўскі раён.
Гасцінная сустрэча
Дэманстраваць удзельнікам семінара ўзровень майстэрства і дзяліцца вопытам работнікі культуры раёна пачалі з першых мінут знаходжання ўдзельнікаў семінара на Кіраўшчыне. На мяжы нашага і Рагачоўскага раёнаў для гасцей наладзілі сардэчную сустрэчу. Завітала да нас больш за 30 чалавек: кіраўнікі аддзелаў культуры, цэнтралізаваных клубных сістэм, метадычных цэнтраў Брэстчыны, а таксама прадстаўнікі Магілёўскага абласнога метадычна-культурнага цэнтра. Удзельнікі ўзорнага дзіцячага харэаграфічнага калектыву “Паскакушкі” па традыцыі віталі гасцей духмяным кіраўскім караваем. На дэгустацыю ім былі прапанаваны стравы мясцовай кухні: юшка, сальца з блінамі і аладкамі, дранікі.
Заўзятыя танцы дапамаглі гасцям сагрэцца ў халаднаватае восеньскае надвор’е, а пахмурнае неба расквецілі запушчаныя рознакаляровыя шары дружбы.
Калі ласка, на свецкі баль!
У прыўзнятым настроі, ахопленыя яскравымі ўражаннямі, удзельнікі семінара пачалі падарожжа па Кіраўшчыне. Першым аб’ектам наведвання стаў Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль. З атмасферы па-кіраўску гасціннай прывітальнай кампазіцыі госці нібы акунуліся ў часіны вытанчаных свецкіх баляў. На ганку палаца іх сустрэў элегантна апрануты дварэцкі. Два пажы запрасілі прайсціся па пакоях палаца. У вялікай танцавальнай зале дамы і кавалеры кружыліся ў танцы. Умела выкананыя рэверансы, менуэты, шамаценне пышных бальных сукенак захапілі ўвагу гасцей. Яны былі прыемна здзіўлены гэтым бліскуча-вытанчаным, па-сапраўднаму свецкім прыёмам, увасобленым работнікамі палацава-паркавага ансамбля, Жыліцкай дзіцячай школай мастацтваў.
Знаёмства з сялянскім побытам
Пасля балю ў палацы гасцей сустракалі ў Любоніцкім сельскім Доме культуры.
Гаспадары музея сялянскага быту Марыя і Іван Салановічы прадэманстравалі экспанаты, расказалі гісторыю кожнага з іх. Прадстаўнікі Брэстчыны адзначылі, што ў іх таксама маюцца куточкі захавання прадметаў сялянскага быту, аднак настолькі разнастайных і шматлікіх экспазіцый няма.
Удзельнікі мясцовай мастацкай самадзейнасці, народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Спадчына” віталі гасцей вершаванымі радкамі.
Настаўнік Любоніцкай СШ Сяргей Салановіч, які выхаваў вядомых на Кіраўшчыне і за яе межамі выканаўцаў Аляксандра Бабрыковіча і Марыну Мелех, прадставіў творчасць новых юных вакалістаў, якія маюць падставы таксама яскрава заззяць на небасхіле талентаў.
Адзіны ў сваім родзе
Менавіта такім з’яўляецца трэці аб’ект гонару сярод устаноў культуры раёна — Мышкавіцкі сельскі Дом культуры. Ён — адзіны ў вобласці, які носіць званне мадэльнага. У СДК дзейнічаюць аб’яднанні мясцовай мастацкай самадзейнасці, дзіцячая школа мастацтваў, спартыўныя секцыі.
Як толькі ўдзельнікі семінара перакрочылі парог Дома культуры, фае запоўнілі гукі меладычных кампазіцый у выкананні народнага ансамбля песні “Мілавіца”. Гучныя апладысменты і задаволенае “брава” завітаўшых стала прыемнай узнагародай для прыхільнікаў народнай творчасці.
Увазе гасцей былі прадстаўлены тэатральная, танцавальная і вакальная творчасць калектываў мастацкай самадзейнасці СДК, выхавальнікаў і выхаванцаў Мышкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, а на другім паверсе Дома культуры была наладжана выстава работ выкладчыка мастацкага аддзялення Аляксандра Гацко і яго вучняў, якія паспелі вызначыцца на конкурсах рознага ўзроўню.
Аднак самае цікавае чакала ўдзельнікаў семінара напрыканцы візіту.
Работнікі культуры ўвасобілі ў жыццё адзін з народных абрадаў, на якія багатая наша Кіраўшчына: “Камаедзіца” — буджэнне мядзведзя пасля зімовай спячкі.
На памяць аб наведванні нашага раёна ўдзельнікі семінара атрымалі сувеніры, зробленыя рукамі выхаванцаў Кіраўскай і Жыліцкай дзіцячых школ мастацтваў.
Абмен вопытам — справа карысная
Практыка правядзення падобных семінараў у краіне існуе не першы год. Прадстаўнікі галіны культуры нашага раёна былі з такімі візітамі ў Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.
— Удзел у гэтых мерапрыемствах — справа карысная, — гаворыць начальнік аддзела культуры райвыканкама Т.Л.Галубоўская. — Адзначу, што жанры, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце, усюды аднолькавыя, а вось падыходы, спосабы самавыяўлення ў адпаведнасці з мясцовым менталітэтам, звычкамі — вядома ж, розныя, па-свойму арыгінальныя. Наш раён наведалі не проста прыхільнікі творчасці, мастацтва, а сапраўдныя прафесіяналы ў галіне культуры, якія добра разбіраюцца ў тонкасцях работы, адразу бачаць, ці ёсць сістэмнасць. Высокая ацэнка нашай дзейнасці ўдзельнікамі семінара — гэта агульная заслуга ўсіх работнікаў сферы культуры Кіраўшчыны.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.