Не расстануся з камсамолам, буду вечна маладым!

Гэтым радком з любімай многімі пакаленнямі камсамольцаў песні можна было ахарактарызаваць пачуцці былых камсамольскіх важакоў і актывістаў раёна, якія сабраліся на сустрэчу, прысвечаную 90-годдзю ЛКСМБ, арганізаваную аддзелам па справах моладзі райвыканкама і райкамам БРСМ.
Успамінам аб камсамольскай маладосці, народжаным ім эмоцыям і пачуццям, здавалася, не будзе канца… Шчырай сяброўскай атмасферы спрыяла і тое, што сустрэча праходзіла ў маляўнічым месцы — на турбазе “Барсукі”. Былыя камсамольцы розных год і сённяшнія БРСМаўцы вялі размову аб традыцыях і пераемнасці пакаленняў, аб цудоўным часе жыцця пад назвай “маладосць”.
З юбілеем камсамола Беларусі ўсіх павіншавала намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова і, зразумела, не ўстрымалася ад уласных успамінаў аб тым, як была актывісткай камсамольскага руху ў школе і інстытуце, як па сваёй ініцыятыве яны наладжвалі шмат добрых і карысных спраў. І пажадала равеснікам агеньчык, запалены ў душы камсамолам, несці праз усё жыццё, натхняючы сучасную моладзь на стваральныя справы і здзяйсненні.
Безліч эпізодаў з гадоў бурлівага камсамольскага жыцця нагадаў А.Н.Падаляк, які, уступіўшы ў 1953 годе ў рады ЛКСМБ, застаўся верным яго ідэям і традыцыям на ўсё жыццё: праз пэўны час узначаліў Кіраўскі райкам камсамола, потым — маладзёжны калгас, як называлі тады калгас імя Куйбышава нашага раёна, бо там працавала шмат камсамольцаў і моладзі. Энтузіязм, гатоўнасць зрабіць родную зямлю прыгажэйшай, а жыццё — цікавым — усё гэта было ўласціва юнакам і дзяўчатам. Высокіх паказчыкаў у працы дасягалі і ў складаных сітуацыях не пасавалі. Былыя камсамольцы калгаса Н.І.Гушчына, зараз намеснік дырэктара РАПТЗ па ідэалагічнай рабоце, і В.П.Капцялоў, галоўны інжынер СВК “Калгас “Ніва”, нагадалі наладжаную моладдзю аперацыю “Цюк”, калі пасля працоўнага дня збіралі, ачышчаючы поле, цюкі саломы і грузілі на меўшыся ў наяўнасці транспарт.
В.П.Капцялоў трапіў “да Падаляка” ў 1972 годзе пасля арміі. У калгасе ўсе былі практычна аднаго ўзросту: дзяўчаты, хлопцы — усюды разам — жыццё бруіла! На турпоездзе ездзілі на экскурсіі па Прыбалтыцы, Сярэдняй Азіі. Калі б вярнуць тыя гады, прызнаўся Васіль Піліпавіч, не пашкадаваў бы ні аб чым. Падзяліўся з прысутнымі яшчэ і тым, што ў яго было камсамольскае вяселле, і дасюль з жонкай жывуць у згодзе!
Як заўважыў у ходзе размовы Л.А.Карпук, які ў свой час быў другім сакратаром райкама ЛКСМБ, а зараз працуе ў землеўпарадкавальнай службе раёна, камсамольская школа заўжды была добрым падмуркам для далейшай работы ў партыйных, савецкіх і гаспадарчых органах. Прыходзілася вырашаць сур’ёзныя пытанні. Напрыклад, у гаспадарках не хапала механізатараў. Камсамол Кіраўшчыны ў 1974 годзе выступіў са зваротам “Усе — на трактар”, які падтрымаў ЦК ЛКСМБ, і справа зрушылася з месца.
Былі, безумоўна, у жыцці і рабоце нягоды, расчараванні, але, галоўнае, адзначыў Л.А.Карпук, яны разумелі, што не варта спыняцца, трэба знаходзіць сваё месца ў жыцці, імкнуцца наперад. У райцэнтры былі захламлены парк, стадыён. Райкам камсамола кінуў кліч: на маладзёжны суботнік! І мясцовымі юнакамі і дзяўчатамі быў наведзены ўзорны парадак.
Былы першы сакратар РК ЛКСМБ С.М.Токарава, зараз спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама, заўважыла ў размове, што прыярытэты ў сённяшняй рабоце БРСМ — тыя ж, што былі ў камсамола, і поспех справы залежыць ад умення працаваць з людзьмі, адчуваць, “чым яны дыхаюць”. Калі пастараешся ад душы, сваімі думкамі, імкненнямі захопіш добрых, ініцыятыўных, творчых маладых людзей. Камсамольская работа, працягвала С.М. Токарава, навучыла дысцыплінаванасці, уменню працаваць з рознымі дакументамі, што таксама немалаважна.
Членам камітэта камсамола быў у гады маладосці, падчас вучобы ў Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме В.В.Маркевіч, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. На стацыянары тады займалася 1200 чалавек, і камітэт камсамола захапіць навучэнцаў цікавымі, карыснымі справамі. Васіль Васільевіч выказаў пажаданне актывістам БРСМ шукаць новыя формы работы, не баяцца “набіваць шышкі”, рызыкаваць, і абавязкова ўсё атрымаецца! І прыслухоўвацца да старэйшага пакалення: парады і дапамога ўмудроных жыццёвым вопытам людзей ніколі не пашкодзяць.
Значны адрэзак свайго жыцця была параднёна з камсамолам Т.М.Анціпенка: узначальвала камсамольскую арганізацыю школы, затым — курса ва ўніверсітэце, потым — калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, і нават была сфатаграфавана ля Сцяга Перамогі за актыўную работу. У камсамоле, адзначыла Таісія Міхайлаўна, выхоўваліся лепшыя чалавечыя якасці. У калгасе “Рассвет” моладзь не была супрацьпастаўлена іншым, жылі адным дружным калектывам. Упартасць, прынцыповасць дапамагалі дасягаць мэты, не баяліся адкрываць розныя кабінеты, каб вырашыць надзённыя пытанні.
Удзельніца сустрэчы Н.І.Гушчына заўважыла, што сённяшнім кіраўнікам працоўных калектываў трэба больш давяраць моладзі, далучаць яе да сур’ёзнай работы, дапамагаць — ад гэтага будзе карысць абодвум бакам.
І.М.Палякоў, сакратар арганізацыі БРСМ райбальніцы, з імпэтам заявіў: настолькі моцная сіла духу ў былых камсамольцаў, так яна ўсіх згуртоўвае, што прама зараз хочацца ісці здзяйсняць добрыя справы, рабіць нешта карыснае! Порах у сучаснай моладзі ёсць, зазначыў Ігар Міхайлавіч, трэба толькі правільна распаліць яго. Маладосць даецца адзін раз, і неабходна пражыць гэтыя гады з карысцю.
Т.П.Лавіцкай прыйшлося працаваць у райкаме БПСМ: ён быў створаны праз дзесяць год пасля спынення дзейнасці камсамола — Таццяна Пятроўна ўзначальвала аддзел сацыяльнай абароны моладзі. Затым быў аб’яднальны з’езд БПСМ і БСМ і распачаў сваю дзейнасць БРСМ. Як успамінала на сустрэчы Т.П.Лавіцкая, яны стараліся вучыцца ў былых камсамольцаў усяму самаму лепшаму.
Падагульняючым акордам прагучала думка Э.М. Карпук, старшыні раённага савета ветеранаў, аб тым, што ў любой справе ўсё трымаецца на актывістах, якімі якраз былі і з’яўляюцца тыя, хто сабраўся на гэтую сустрэчу. Уменне арганізаваць работу належным чынам, укласці ў яе душу, павесці за сабой іншых — вось што вылучае такіх людзей…
З задавальненнем паглядзелі прысутныя фільм аб гісторыі камсамола, сучасным маладзёжным руху і сённяшнім дні ГА “БРСМ”, аб якім расказала в.а. першага сакратара РК БРСМ Алена Осіпава, паслухалі канцэртную праграму, праспявалі любімыя песні многіх пакаленняў камсамольцаў і моладзі.
На добрую памяць ад БРСМ і аддзела па справах моладзі ўдзельнікі сустрэчы атрымалі плакаты аб юбілеі ЛКСМБ і сувеніры.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.