Некаторыя патэнцыяльныя кандыдаты адмаўляюцца ад удзелу ў перадвыбарнай барацьбе

Некаторыя патэнцыяльныя кандыдаты адмаўляюцца ад далейшага ўдзелу ў перадвыбарнай барацьбе, не атрымаўшы чаканай падтрымкі выбаршчыкаў. Такое меркаванне выказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, каменціруючы заявы ў СМІ асобных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду аб зняцці сваёй кандыдатуры з перадвыбарнай гонкі.
Мікалай Лазавік лічыць, што некаторыя людзі, вырашыўшы балаціравацца, крыху пераацанілі свае магчымасці. «Для таго каб стаць кандыдатам у Прэзідэнты, недастаткова аднаго толькі жадання. Трэба мець значны арганізацыйны і кадравы рэсурс, патрэбна моцная каманда аднадумцаў, здольная эфектыўна працаваць і збіраць подпісы», — сцвярджае прадстаўнік ЦВК.
Ён растлумачыў, што па законе прэтэндэнты не абавязаны паведамляць ЦВК аб прынятым рашэнні. Любы з удзельнікаў выбарчай кампаніі мае права на любым этапе добраахвотна «сысці з дыстанцыі», не тлумачачы прычын. Нават пасля вусных публічных заяў аб адмове ад далейшага ўдзелу ў выбарах патэнцыяльныя кандыдаты могуць прадаўжаць збор подпісаў і прадстаўляць падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя камісіі. Аднак калі яны пададуць афіцыйную заяву ў ЦВК, то камісіі на месцах не стануць правяраць і падлічваць подпісы выбаршчыкаў у іх падтрымку. Пакуль з 17 прэтэндэнтаў толькі адзін афіцыйна інфармаваў ЦВК аб адмове ад удзелу ў выбарах, яшчэ двое зрабілі вусныя заявы, якія растыражавалі СМІ.
Назваць дакладную колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку таго ці іншага патэнцыяльнага кандыдата, можна будзе пасля таго, як ЦВК атрымае афіцыйныя дадзеныя з абласцей і Мінска.
Тэхналогія падліку подпісаў такая: ініцыятыўная група збірае подпісы і перадае падпісныя лісты ў раённую выбарчую камісію па месцы збору подпісаў. Камісія на працягу 10 дзён правярае дакладнасць подпісаў. Калі колькасць недакладных подпісаў, выяўленых пры праверцы, не перавышае 15 %, інфармацыя перадаецца далей у абласную камісію. Яна збірае дадзеныя з усёй вобласці і перадае ў ЦВК. Калі недакладных подпісаў больш як 15 %, то ўсе подпісы, сабраныя ў раёне, прызнаюцца недакладнымі.
Апошні дзень для прадастаўлення падпісных лістоў у тэрытарыяльныя камісіі — 29 кастрычніка. Адразу пасля гэтага (з 30 кастрычніка па 13 лістапада) патэнцыяльныя кандыдаты павінны прадаставіць у ЦВК пісьмовую заяву аб згодзе балаціравацца кандыдатам у Прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі дадзенымі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці.
Паводле слоў Мікалая Лазавіка, Цэнтрвыбаркам будзе імкнуцца да таго, каб зарэгістраваць кандыдатаў за месяц да выбараў (гэта значыць да 19 лістапада), каб у іх засталося дастаткова часу на правядзенне агітацыйнай кампаніі.
Па матэрыялах БелТА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.