Паездка ветэранаў

Актыў грамадскіх спраў раённага савета ветэранаў папаўняюць экскурсіі па памятных і адметных мясцінах роднага краю. Бабулі і дзядулі з задавальненнем пакідаюць свае хатнія штодзённыя справы і падарожнічаюць.
Некалькі разоў ветэраны вайны і працы наведвалі мемарыяльны комплекс на Буйніцкім поле, заасад у Магілёве.
Чарговым экскурсійным аб’ектам стаў мемарыял “Помнік дзецям, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 г.г.”, размешчаны ў в.Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.

Мемарыял, які з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння, быў пабудаваны ў 2007 годзе па праекту творчай групы заслужанага архітэктара Беларусі, лаўрэта Ленінскай прэміі Леаніда Левіна.
У гады нямецкай акупацыі ў в.Чырвоны Бераг размяшчаўся адзін з буйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў. У ім утрымліваліся дзеці ва ўзросце ад 8-мі да 14-ці год, якіх сілком забіралі ад матуль. У хлопчыкаў і дзяўчынак бралі кроў для нацысцкіх салдат і афіцэраў, а тых, хто пасля гэтага заставаўся жывым, гналі на катаржныя работы ў Германію. Аднак выжывалі не многія…
Кампазіцыя мемарыялу ўяўляе сабой сонечнае кола. Прамяні сонейка — сцежкі разыходзяцца па яблыневаму саду. Адзін з іх — “Промень памяці” вымашчаны пліткай чорнага колеру. Ён праходзіць праз “Мёртвы клас” з белых пустых парт і школьнай дошкі. Радкі з размешчанага на ёй тэксту перадсмяротнага пісьма-завяшчання 15-гадовай Каці Сусанінай бацьку з фашысцкай няволі кранулі сэрцы кожнага з групы наведвальнікаў мемарыялу. А моцны, амаль заліўны восеньскі дождж нібы аплакваў памяць загінуўшых у вайну хлопчыкаў і дзяўчынак…
З адваротнага боку класнай дошкі — карта Беларусі, на якой адзначаны яшчэ 16 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх пакутвалі дзеці.
Далей знаходзіцца самая светлая частка мемарыялу, так званая “Плошча Сонца”. У цэнтры — “Белы паруснік”, які сімвалізуе дзіцячыя мары, якім было наканавана лёсам ніколі не збыцца. А за паруснікам — 24 мальберты з дзіцячымі малюнкамі.
Разам з ветэранамі ў падарожжы да сонечнага кола былі члены раённага таварыства інвалідаў, раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, актывісты БРСМ з СШ №1 райцэнтра.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.