Пра самае важнае…

У мінулы чацвер уся наша краіна адзначыла цудоўнае свята — Дзень маці. З гэтай нагоды хочацца крыху паразважаць аб лёсах тых дзяцей, якія засталіся без мацярынскай пяшчоты і любові, штодзень чакаюць: калі ж да іх прыедзе мама…
Некаторыя жанчыны, якім выпала шчасце нарадзіць дзіцяці, не пажадалі яго любіць, лячыць, калі яно захварэла, шанаваць, аберагаць і плакаць ад радасці, калі любімыя дачушка ці сынок дасягаюць поспехаў, няхай нават і не самых значных.
Жанчыны, якія пакінулі сваіх дзяцей на волю лёсу, на маю думку, не ведаюць, у чым сэнс нашага жыцця. Дзеці — прадаўжэнне рода чалавечага, гэта тое, што радуе і дорыць надзею і веру ў будучае.
Нядаўна я наведала дзіцячы дом. Цяжка ўспамінаць аб тым, што давялося там убачыць: сотні дзіцячых вочак глядзяць на цябе з надзеяй і сумам. У першы момант знаходжання ва ўстанове мне хацелася адразу ж выбегчы адтуль, і ў той жа час абняць гэтых малышоў, пачуць біццё іх сардэчак.
Я прыехала да дзяцей з падарункамі. Пасля іх уручэння зразумела: я магу парадаваць гэтых малышоў, аднак мне не ўдасца сагрэць іх маленькія ручкі, вярнуць мацярынскую любоў.
Калі я пакідала дзіцячы дом, хлопчыкі і дзяўчынкі шчыра ўсміхаліся. А адна маленькая дзяўчынка падарыла на памяць сваю заколку і запрасіла наведаць яе яшчэ і прывезці з сабою кніжку з дзіцячымі казкамі.
Юлія КАРАНКЕВІЧ,
студэнтка факультэта славянскай філалогіі МДУ
імя А.Куляшова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.