Шчаслівыя разам!

Сапраўдным выратавальным кругам для сям’і Таранавых з Барсукоў сталі іх дзеці — удачароная Аліна і прыёмныя, якіх вось ужо на працягу шасці год бяруць на выхаванне мама Вольга і тата Мікалай. Агульных дзяцей гэтай пары Бог не даў, і тады муж і жонка Таранавы самі вырашылі праблему: аформілі бацькоўства на Аліну,якая засталася без таты і мамы, калі ёй было ўсяго паўтара годзікі. Услед за гэтым прыйшло рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі для іншых абяздоленых дзяцей, якія сталі сіротамі пры жывых бацьках. Так у Таранавых з’явілася новая прафесія — бацькі-выхавальнікі аддзела адукацыі райвыканкама.
Сярод “выпускнікоў” Вольгі Паўлаўны і Мікалая Рыгоравіча чацвёра дзяцей, яшчэ дваіх, пражыўшых у сям’і тры з паловай гады, вярнула сабе родная маці, якая стала на шлях выпраўлення і аднавіла бацькоўскія правы.
Мікалай Рыгоравіч успамінае, якім слабенькім і хваравітым трапіў да іх Вадзім, але бацькавы загартоўваючыя працэдуры, гарачая лазня, матчыны смачныя абеды зрабілі сваю справу: за тры з паловай гады ў гэтай сям’і хлопчык ні разу не хварэў.
Уласныя дзеці Вольгі Паўлаўны ўжо дарослыя: дачка Алена пасля заканчэння Жыліцкага сельгаскаледжа жыве ў Клічаўскім раёне, дзе працуе галоўным аграномам у адной з гаспадарак, сын Аляксандр служыць у арміі. А ў Таранавых зноў поўны дом дзятвы. Цяперашнія прыёмныя іх дзеці: васьмікласніца Ірына, трэцякласнік Уладзік і Дзіма, які разам з Алінай вучыцца ў 2-м класе. Дарэчы, Дзіма — самы “малодшы” ў сям’і — у прыёмных бацькоў жыве трэці год. У Ірыны і Уладзіка «стаж» пражывання тут большы — адпаведна пяць і шэсць год. Усе разам — дружная і шчаслівая сям’я, у якой усё робіцца разам, дзе дзеці адчуваюць сябе абароненымі і любімымі. Усе яны паспяхова вучацца: малодшыя — у НПК “Барсукоўскі дзіцячы садок-пачатковая школа”, старэйшая дачка Ірына — у Паўлавіцкай СШ.
Свой вольны час дзеці бавяць за гульнёй у настольныя развіваючыя гульні, праглядам тэлеперадач, а яшчэ клапоцяцца аб дамашнім любімцы — марской свінцы па мянушцы Кроха. Ёсць камп’ютэр і ноўтбук, што дапамагае рабятам быць больш дасведчанымі і інфармаванымі. Разам з бацькамі дзеці шмат майструюць, іх падзелкі і творчыя работы не раз удзельнічалі ў раённых выставах. Да матулінага дня нараджэння, які, дарэчы, сёння, таксама падрыхтавалі падарункі.
Сямейнае выхаванне ў Таранавых пастаўлена так, што дзеці змалку прывучаюцца да працы, самаабслугоўвання. А таму чысціня і парадак пануюць ва ўсіх пакоях іх вялікага і ўтульнага дома, у палісадніку, на агародзе. Дзеці — добрыя памочнікі бацькам. Вольга Паўлаўна з гордасцю адзначае, што сёлета і падросшыя малышы ўдзельнічалі ва ўборцы вырашчанага ўраджаю. У сямейнай падсобнай гаспадарцы ёсць уласны конь, а таксама карова, свінні, дамашняя птушка. Усё гэта істотна дапамагае вырашаць прадуктовае пытанне, а вырашчанае ўласнымі рукамі — такое смачнае!
Не забываюць сваіх прыёмных бацькоў іх былыя выхаванцы. Вось і Юра, які год таму пакінуў дом і вучыцца ў Бабруйску, прыязджае на выхадныя: тут яго любяць і чакаюць, дапамагаюць, чым могуць. У адным з пакояў у доме Таранавых — заўсёды напагатове два дадатковыя ложкі: раптам хтосьці з дзяцей прыедзе, заначуе. А яшчэ мама Вольга цешыць сябе марай, што зменіцца заканадаўства, і замест чатырох дзяцей можна будзе браць на выхаванне больш. Вось было б цудоўна!
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.