2010 год — Год якасці

У адзін з нядаўніх кастрычніцкіх дзён мы накіраваліся на Барчыцкую малочнатаварную ферму СВК “Калгас “Беларусь”. Калі пад’язджалі да вытворчых памяшканняў, успомнілася, як яны ўлетку нібыта патаналі ў кветках. Парадак панаваў тут і зараз. І ўсё гэта дзякуючы намаганням мясцовых жывёлаводаў.
На здымку:загадчыца фермы М.І.Лысянкова (справа) разам з аператарамі машыннага даення С.М.Пацёмкінай і Г.І.Фядотавай.

— Сапраўды, — усклікнулі жанчыны, — як у нас тут было ўлетку прыгожа! Ідзеш на працу — душа радуецца, узнімаецца настрой. Гэта наша загадчыцца Марыя Лысянкова стараецца арганізаваць, каб было і на ферме, і вакол яе ўтульна і прыгожа…
— А што, — усміхаецца Марыя Іванаўна, — будзе добры настрой у даяркі, будзе і працавацца весялей, а адсюль, глядзіш, і надоі ўзрастуць.
— А мае родзічы, прыехаўшыя з Расіі, наогул здівіліся, — падтрымлівае гутарку цялятніца Надзея Штэфан. — Кажуць, у іх на ферму без гумавых ботаў не зойдзеш, а тут — кветкавае царства!..
Зразумела, толькі вонкавае аблічча фермы не вырашае харчовай праграмы, і не ўзрастаюць ад яго вытворчыя паказчыкі. Аднак не пагадзіцца з жывёлаводамі нельга: калі на душы радасна, то і жыць, і працаваць весялей. Кветкі вакол будынка — гэта толькі дэталь, але гаворыць яна пра многае. Па ёй можна меркаваць, як ставяцца мясцовыя жывёлаводы да сваіх абавязкаў. Парадак павінен быць ва ўсім — гэтую аксіёму работнікі фермы засвоілі даўно і імкнуцца прытрымлівацца яе штодня.
На ферме ў Барчыцах сканцэнтравана асноўнае пагалоўе гаспадаркі: дойны статак, цялушкі ўзнаўлення, маладняк — усяго 1467 галоў з 1877 па СВК. Дарэчы жывёлы ў “Беларусі” ў параўнанні з мінулым годам прыбавілася на 168 галоў. Усяго зараз у Барчыцах дзейнічае 6 вытворчых памяшканняў, падыходзіць да завяршэння будаўніцтва яшчэ аднаго. У будучым практычна ўсё пагалоўе сельгаспрадпрыемства плануецца паступова перавесці сюды.
— Калектыў фермы ў нас дружны, — адзначае галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Салаўёва, — а як інакш, калі жывёлаводы на ферме знаходзяцца столькі часу побач. Рабочаму графіку даяркі не пазайздросціш. Першая дойка — у 4 гадзіны раніцы. Наступная — апоўдні. А ўвечары трэба быць на рабочым месцы ў 19 гадзін. Дадому — позна ўвечары. А трэба ж і дома што зрабіць, па гаспадарцы… Але ўсе прывыкшыя, ніхто не скардзіцца. Ды і зарплата дастойная: хто па мільёну рублёў атрымлівае, а хто і больш.
Але задарма зарплата, безумоўна, не даецца. У мясцовага лідэра па надоях Святланы Пацёмкінай, да прыкладу, у групе 60 рагуль. Падаіць кожную — памнажай на тры!.. Ад сваіх падапечных Святлана Міхайлаўна ў суткі атрымлівае па 19 кілаграмаў малака. Летась перадавая даярка надаіла 198,9 тоны, а сёлета ўжо за 9 месяцаў — 218,8 тоны малака. У тым, што аператар па выніках года перакрочыць 5-тысячны рубеж, сумненняў у кіраўніцтва гаспадаркі не выклікае. Больш, чым па 200 тон надаілі Наталя Карповіч, Кацярына Дзятлава. Як падкрэсліваюць спецыялісты гаспадаркі, усе жывёлаводы перажываюць за справу, хвалююцца, каб не “змінусаваць”. А таму абсалютна ўсе пераўзыходзяць свае леташнія паказчыкі. Усе разам яны надаілі на 334 тоны больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
Так жа старанна, як і даяркі, працуюць даглядчыкі. Вышэй названая Надзея Штэфан, да прыкладу, разам з Цімафеем Ерамеевым даглядаюць больш за 100 самых маленькіх цялятак — ад нараджэння да 1 месяца. Кожнага трэба тройчы выпаіць цёплым малаком, каб зменшыць захворваемасць, пакарміць. Аб сумленнай працы даглядчыкаў гаворыць канкрэтная лічба: у сярэднім гадаванцы прыбаўляюць у вазе на 800 грамаў.
Малако, як вядома, у каровы на языку. Без збалансаванага кармлення не атрымаеш высокіх надояў. Зараз барчыцкія рагулі кормяцца па зімова-стойлавым рацыёне, згодна якога атрымліваюць у суткі па 20 кг сенажу, столькі ж сіласу, 2 кг сена, 10 кг буракоў і канцэнтраты — па 400 грамаў на надоены літр. Наладжана і водапаенне жывёлы.
Клапоцяцца ў гаспадарцы не толькі аб тым, каб належным чынам утрымліваўся грамадскі статак. І для работнікаў створаны добрыя ўмовы для працы і адпачынку. Ёсць дзе жывёлаводам сабрацца пасля заканчэння работы, сагрэцца гарачым чаем, прыняць душ, перад тым, як пайсці дадому.
Вось такія зусім несакрэтныя аспекты, калі яны ажыцяўляюцца ў комплексе, і з’яўляюцца складаемымі эфектыўнай работы.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.