Акцыя «Беларусь — гэта мы!»

Канцэрт рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Беларусь — гэта мы!” у мінулую нядзелю адбыўся ў Магілёве, у Лядовым палацы. На ім пабывала і дэлегацыя нашага раёна.
Як вядома, старт акцыі быў дадзены 14 лютага ў Гомелі канцэртам “Я люблю Беларусь!”. На працягу года на сцэнічных пляцоўках, у канцэртных залах, Дамах культуры дэманстравалася ўсё лепшае, што сёння ёсць у нацыянальнай культуры: адбыліся прэзентацыі творчых праектаў, прайшлі агляды-конкурсы прафесійнага і аматарскага мастацтва і інш.
Асноўная мэта акцыі — звярнуць увагу шырокіх слаёў грамадскасці на найбольш яркія з’явы нацыянальнай культуры, аказаць падтрымку ў развіцці творчых калектываў і выканаўцаў, паказаць, што Беларусь — гэта ўсе мы, хто жыве і працуе на карысць нашай Радзімы.
Адкрываючы канцэрт у рамках акцыі “Беларусь — гэта мы!”, кіраўнік вобласці П.М.Руднік падкрэсліў, што галоўная гордасць нашай Беларусі — гэта людзі.
“Вельмі сімвалічна, — адзначыў губернатар, — што акцыя праходзіць 14 лістапада — у Сусветны дзень якасці. — Я ўпэўнены, што знак якасці можна будзе прысвоіць і дадзенаму мерапрыемству.” Яго арганізатары, заўважыў П.М.Руднік, далі акцыі вельмі трапную назву, бо любая краіна — гэта, перш за ўсё, народ. “Беларусы — міралюбівая нацыя. Мы — гасцінныя і ветлівыя. Але разам з тым, мы — моцны, горды і незалежны народ. І гэткі ж імідж падтрымлівае наша краіна на міжнароднай арэне”, — адзначыў старшыня аблвыканкама.
На прадстаячых выбарах губернатар заклікаў зрабіць правільны выбар. “Я ўпэўнены, што мудрасць жыхароў нашай краіны дапаможа ў чарговы раз прыняць правільнае рашэнне”.
На сцэне Лядовага палаца выступілі: Анатоль Ярмоленка і ансамбль “Сябры”, Алеся, Георгій Калдун, іншыя знакамітыя выканаўцы і калектывы і, вядома ж, нашы зямлячкі — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева і Іскуі Абалян.
Завяршыўся канцэрт песняй “Сэрца зямлі маёй” у выкананні Ірыны Дарафеевай.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.