“Будаўніцтву жылля — дэпутацкі клопат”

Менавіта так была акрэслена тэма “круглага стала”, наладжанага раённым Саветам дэпутатаў на чале з яго старшынёй Н.А.Каранкевіч.
Выбар тэмы размовы невыпадковы. Будаўніцтву жылля ў нашай краіне традыцыйна надаецца значная ўвага. Што датычыцца нашага раёна, то ў аб’ёме будаўніча-мантажных работ будаўніцтва жылля займае больш за 70%. І гэтыя суадносіны захоўваюцца на працягу многіх год. Якія ж перспектывы далейшай забудовы горада? Данесці да шырокіх колаў насельніцтва дакладную інфармацыю аб планах і магчымасцях будаўнічай галіны раёна, расказаць аб існуючых праблемах і ставілася мэтай адбыўшайся сустрэчы за “круглым сталом”, удзел у якой прынялі: намеснік старшыні райвыканкама Я.У.Арэшка, начальнік ПМК-255, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў В.І.Бабарыка, старшыня Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Н.І.Бяляўская, старшыня Дабаснянскага сельскага Савета дэпутатаў Н.П.Шчур, прадстаўнік ПВГУП “Векабелпласт” В.В.Кажэўнікаў, старшыні жыллёва-будаўнічых кааператываў С.М.Чабан і А.С.Каранкевіч.
На здымку: размову за «круглым сталом» вядзе
старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч.

Распачынаючы размову за “круглым сталом”, Н.А.Каранкевіч адзначыла:
— Сённяшняя сустрэча — першы крок у абнаўленні форм работы з дэпутацкім корпусам раёна, насельніцтвам. У рабоце раённага і сельскіх Саветаў дэтутаў галоўнае — сувязь з людзьмі. Сустракаючыся з насельніцтвам, вылучаем найбольш хвалюючыя пытанні.
У практыку работы абласнога Савета дэпутатаў трывала ўвайшла арганізацыя пасяджэнняў за «круглым сталом» з абмеркаваннем надзённых праблем Магілёў-шчыны. Нядаўна ў цэнтры ўвагі была будаўнічая тэма. Гэта тэма хвалюе і кіраўчан.
Будаўніцтва — найбольш запатрабаваны від чалавечай дзейнасці, і адносіны да людзей гэтай прафесіі ў грамадстве заўсёды былі і застаюцца асабліва паважлівымі, бо тое, што ўзводзіцца працавітымі рукамі будаўнікоў, застаецца на доўгія гады. Як і ў любой галіне, у будаўнікоў існуе нямала праблем. Але нельга не адзначыць, што будаваць у раёне сталі лепш. І каб не страціць здабыткаў, дакладна павінен працаваць ланцужок “якасць — спецыяліст — зарплата”.
Тэма наступнага “круглага стала” таксама будзе абумоўлена патрэбамі людзей.
ПЛАНЫ І ЗДАБЫТКІ
Я.У.Арэшка:
— Сёлета ў раёне запланавана будаўніцтва 17 тыс. м2 жылля. На сённяшні дзень здадзена ў эксплуатацыю 13, 6 м2. Уведзены ў строй дзеючых СЖБК №4 і СЖБК №3, да канца года будзе закончана будаўніцтва СЖБК №6, размешчанага за магазінам “Мэбля”. Варта адзначыць, што падобнага — тры шматпавярхоўкі за год — за ўсю гісторыю нашага горада не назіралася!
Засталося здаць у эксплуатацыю яшчэ адзін пяціпавярховы дом, які будуе ПМК-255, і даведзены гадавы план будзе закрыты.
Зараз стаўка робіцца на развіццё новага мікрараёна горада — Паўночна-Заходняга, які разлічаны на 1300 чалавек. Гэта прыкладна 12 дамоў. У дадатак да існуючай інфраструктуры, тут будзе свой міні-рынак, дзіцячае кафэ і іншае. Зараз стаіць задача тэрытарыяльнага ўладкавання гэтага раёна. На сённяшні дзень падрыхтавана дакументацыя па СЖБК №7 і СЖБК №8, якія мяркуецца тут узвесці. Першы ўжо распачаты. Па другім ёсць праект, думаю, яго будаўніцтва пачнем.
Набіраем зараз новы кааператыў — на будаўніцтва СЖБК №9 і СЖБК №10. Гэта будуць 20-ці і 100-кватэрны дамы.
І як ні парадаксальна, але ў сувязі з гэтым узнікае праблема іншага плана: колькасці жадаючых пабудаваць сабе кватэру.
Зараз жыллё будуюць тыя, хто станавіўся на чаргу ў красавіку-маі 2009 года. Жыллёвае будаўніцтва ў горадзе вядзецца такімі тэмпамі, што многія з маладых сем’яў, якія першапачаткова разлічвалі на 2-пакаёвую кватэру, адмаўляюцца ад сваёй чаргі, бо ў іх яшчэ не нарадзіліся дзеці.
Асноўная падрадная арганізацыя, якая займаецца будаўніцтвам жылля на тэрыторыі раёна, гэта ПМК-255. Нядрэнна сябе зарэкамендавала ПВГУП “Векабелпласт”, якое ўвяло ў строй дзеючых 15 домікаў. Працавала на падрадзе ААТ “Кіраўсквадгас”.
Працуе ў раёне Бабруйскае ПМК-243, на субпадрадзе ў якога знаходзіцца фірма “Будкомплекс”. Яны робяць дзве секцыі жылога дома па вул. Савецкай, увод якога быў запланаваны ў лістападзе. Але да канца года ён па суб’ектыўных прычынах здадзены не будзе. Для параўнання: адначасова з бабруйчанамі распачыналі работы на іншым аб’екце будаўнікі з нашага ПМК-255, і імі ўжо здадзены адзін дом і заканчваецца ўзвядзенне другога. Бабруйчане ж толькі ўзяліся за другі паверх у дзвюх секцыях.
Будаўнічыя матэрыялы і сродкі для плённай і прадукцыйнай работы ёсць. Зараз кіраўніцтвам раёна прымаюцца меры па нарошчванні аб’ёмаў і тэмпаў будаўніцтва.
За 9 месяцаў 2010 года ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 13,6 тыс. м2 агульнай плошчы жылых дамоў або 180% да адпаведнага перыяду мінулага года.
Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудавана 9907 м2 жылля або 162,1% да адпаведнага перыяду мінулага года.
У сельскай мясцовасці ўведзены ў эксплуатацыю жылыя дамы агульнай плошчай 2269 м2. Удзельная вага жылля, уведзенага ў эксплуатацыю ў сельскай мясцовасці, склала 16,7% ў агульным аб’ёме ўводу жылля па раёне.
Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна здадзена ў эксплуатацыю 40 жылых дамоў агульнай плошчай 3662 м2 або 235% да задання.
У г.Кіраўску пабудавана 157 жылых дамоў і кватэр агульнай плошчай 11336 м2.
На дадзены момант у аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, згодна прынятых рашэнняў, знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў 778 сем’яў. У тым ліку 60 будуць зняты ў сувязі з будаўніцтвам СЖБК №4, 40 пабудавалі кватэры ў саставе СЖБК №3, адпаведна 60, 40, 70 і 50 уключаны ў састаў СЖБК № 5,6,7 і 8, яшчэ 25 сем’яў уключаны ў спісы на атрыманне крэдыту для індывідуальнага будаўніцтва. Усяго ўжо ўключана ў спісы на будаўніцтва кватэр 345 сем’яў.
На ўліку знаходзіцца 111 дзяцей-сірот і асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі.
Ёсць сем’і, якім неаднаразова прапаноўвалася будаўніцтва кватэр або індывідуальных жылых дамоў, аднак яны ад атрымання крэдыту па розных прычынах адмаўляюцца. Так, за перыяд з 1975 года па студзень 2006 года на чарзе знаходзіцца 120 сем’яў пры тым, што ў састаў СЖБК №7 і №8 увайшлі грамадзяне, якія сталі на ўлік у сакавіку 2009 года.
40 адзінокіх грамадзян, пражываючых у бацькоў з дастатковай жылплошчай, сталі на ўлік у мінулым годзе і пачатку бягучага года. Аднак ці будзе ім выдадзены льготны крэдыт, пакуль пад пытаннем.
У выніку застаецца прыкладна 150 сем’яў, якія змогуць будаваць жыллё ў саставе СЖБК.
ГАЛОЎНАЕ — ЯКАСЦЬ!
В.І.Бабарыка:
— Работа будаўнікоў заўсёды на віду, асабліва ў такім невялікім горадзе, як наш: цвік не даб’еш — і то ўсе ведаць будуць. Больш складана нам і ў тым плане, што людзі, як правіла, будуюць кватэры раз у жыцці, і патрабаванні да нашай работы высокія. Праблемы ж у будаўнікоў агульнавядомыя: кадры, зарплата, старыя тэхналогіі…
Тым не менш, стараемся з году ў год прыбаўляць у якасці работ. Зараз у арганізацыі працуе 220 чалавек, што больш, чым у лепшыя даперабудовачныя часіны: за апошнія тры гады колькасны састаў раённых будаўнікоў узрос на 73 чалавекі. Наогул, варта адзначыць, што апошнія гады былі ўдалымі для будаўнічай галіны раёна, мелі мы і прыбытак, і зарплату. А ўсё таму, што здолелі сабраць калектыў сапраўдных прафесіяналаў, адсеялі гультаёў, набралі добрых спецыялістаў.
На сённяшні дзень перад будаўнічай галіной стаіць задача будаваць шмат і танна.
Па будматэрыялах праблем няма, іх навучыліся рабіць, як і па цэгле і цэменту. На сённяшні дзень адчуваем дэфіцыт жалезабетону, шчабёнкі. Раней па вырабах з жалезабетону працавалі з адным Бабруйскам, зараз жыццё прымушае шукаць партнёраў па ўсёй Беларусі.
Новай тэхнікі набылі летась на 1 млрд 200 тыс. руб.: новы кран, аўтабетоназмяшальнік, МАЗ, новы пагрузчык, трактар. Лічу, прыстойна абнавіліся. Пад нашу колькасць людзей мы тэхнічна аптымальна ўкамплектаваны.
НЕ ТОЛЬКІ ПАТРАБАВАЦЬ…
Н.А.Каранкевіч:
— Людзі іншы раз скардзяцца, што, маўляў, грошы: квартплату, за камунальныя паслугі, на тэхабслугоўванне і іншае — плацім, а куды яны расходваюцца? Толькі пры гэтым многія забываюць, што плацяжы гэтыя, па сутнасці, нязначныя, у межах 300 рублёў за м2. Між тым, капітальны рамонт толькі аднаго даху дома каштуе дзесяткі мільёнаў. Жыльцы, засяляючыся ў дом, разлічваюць самастойна назапашваць сродкі для правядзення тых або іншых работ, а па сутнасці 70-кватэрны дом ( 4 тысячы м2) у год у стане сабраць каля 12 млн. рублёў. Шмат за гэтыя грошы не зробіш, вунь адна адмостка па перыметру дома абыходзіцца ў 19 млн. рублёў! А вось УКП “Жылкамгас”, акумулюючы ў сябе сродкі ад многіх дамоў і жыхароў, у стане праводзіць капітальны рамонт жылога фонду.
І некалькі слоў аб культуры пражывання жыльцоў шматкватэрных дамоў. Здавалася б, кааператыўны дом — агульная маёмасць і можна было б утрымліваць пад’езды, лесвічныя пляцоўкі, двор ва ўзорным парадку. Ды толькі ў нашых людзей часам праяўляецца ўтрымальніцкі падыход: прывыклі патрабаваць, не думаючы, што і самім штосьці рабіць трэба.
БУДАЎНІЦТВА НА ВЁСЦЫ
Н.С.Бяляўская:
— У нас у сельсавеце на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца 71 сям’я і яшчэ 20 — у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Забяспечваюць у гаспадарцы жыллём у першую чаргу спецыялістаў, якіх запрашаюць сюды на работу. Гэта правільна. Але чарга існуе і сярод радавых работнікаў сельгаспрадпрыемства, жыхароў Мышкавіч, прычым з 1998 года. У сувязі з гэтым ёсць прапанова. Мышкавічы размешчаны амаль побач з Кіраўскам. У горадзе адчуваецца праблема з жадаючымі будаваць, а мы гатовы прадаставіць прэтэндэнтаў з ліку сем’яў, якія стаяць у нас на чарзе. Ці магчыма такое?
Сітуацыю каменціруе галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.У.ДЗ’ЯКАВА:
— У адпаведнасці з п. 1.10 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2000 г. №185 “Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў” грамадзяне, пражываючыя ў сельскіх населеных пунктах, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў шляхам будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылых памяшканняў у іншых населеных пунктах у межах граніц адпаведнага раёна, уключаюцца раённымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў спісы на атрыманне льготных крэдытаў з захаваннем чарговасці грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы будаўніцтва (набыцця) жылых памяшканняў.
Такім чынам, сям’я, якая знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сельскім выканаўчым камітэце або па месцы работы ў сельскагападарчай арганізацыі, размешчанай на тэрыторыі нашага раёна, мае права ажыццявіць будаўніцтва жылых памяшканняў у саставе СЖБК, размешчаных у г.Кіраўску, а таксама індывідуальных жылых дамоў.
Для прыняцця ў члены СЖБК названых грамадзян, ім неабходна прадаставіць у аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама звесткі аб тым, з якога часу яны знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і ў парадку існуючай чарговасці гэтыя грамадзяне ўключаюцца ў састаў СЖБК.
Н.П.Шчур:
— Будаўніцтва заўсёды звязана і з добраўпарадкаваннем. У нас у Добасне, дзе будаваў “Векабелпласт” — усё менавіта так і зроблена. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць удзячнасць кіраўніцтву гэтага прадпрыемства за наведзены парадак, зробленую пляцоўку для збору смецця, устаноўленыя кантэйнеры. Гэта толькі ў вашым праекце было так запланавана, ці так павінны рабіць усе?
Я.У.Арэшка:
— Па новых тыпавых праектах так і павінна быць. У раёне па іх пакуль працаваў менавіта “Векабелпласт”. Ёсць такія будоўлі ў Кіраўску, Любонічах, адным словам, сёлета рэалізоўваюцца праекты дамоў з прадугледжанымі пляцоўкамі для збору смецця.
Н.П.Шчур:
— Ці будуць у далейшым у нас у Жылічах, у прыватнасці, у Пархімкавічах, будаваць жыллё?
Я.У.Арэшка:
— У наступным годзе ў Пархімкавічах ПМК-255 будзе будаваць 3 дамы, заказаны праект на рамонт вул.Садовай у Лёўкавічах. Пастараемся да канца адрамантаваць дарожнае пакрыццё (застаўшыеся метраў 100) па вул.Лугавой у Добасне.
КАДРЫ
Я.У.Арэшка:
— Лічу, ёсць у будаўнічай галіне раёна яшчэ адна праблема. Наш ліцэй №15 выпускае газаэлектразваршчыкаў, муляраў. Але практычнымі навыкамі яны валодаюць слаба.
В.І.Бабарыка:
— А мы ў сябе ў арганізацыі на дыплом і “корачкі” не глядзім, галоўнае, каб чалавек быў сумленны і ўмеў працаваць, жадаў асвоіць будаўнічую прафесію. Бяром, вучым. Зараз служба занятасці прадаставіла нам 16 абучаных “спецыялістаў”, аднак праз год толькі палова з іх змогуць называць сябе мулярамі. Праблема ў людзях, іх імкненні плённа працаваць. Гэта не праблема ліцэя.
А вось у спецыялістах-будаўніках з вышэйшай адукацыяй сапраўды недахоп адчуваем. Сёлета да нас прыйшоў на пасаду майстра Уладзімір Шчарбуноў, які закончыў БСГА па спецыяльнасці інжынер-будаўнік. Нам бы яшчэ такіх траіх — гора б не ведалі! Маладых спецыялістаў да сябе запрашаем пастаянна і зарплату належную прапаноўваем, але гараджане застаюцца ў горадзе, няхай і за “капеечную” зарплату.
Канешне, рыхтуем сабе маладую змену: у ПМК-255 чалавек 10 вучацца завочна. Аднак стаць сапраўдным будаўніком не так проста. За практыку маёй работы ў нас з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй перабыло чалавек 15. А сапраўднай схільнасці да будаўнічай прафесіі ў іх не назіралася. Прараб жа павінен і ў чарцяжах разбірацца, і з людзьмі правацаць умець, адным словам, каб супадалі арганізатарскія здольнасці і інжынерная падрыхтоўка.
В.В.Кажэўнікаў:
— У нас такія ж праблемы. Памятаеце, было ў савецкія часіны такое паняцце, як “воўчы білет”? Калі чалавека за пастаянныя прагулы, дрэнную работу звальнялі, то больш ён нікуды не мог потым уладкавацца, бо нікому гора-спецыяліст не патрэбен быў. Зараз жа як: працуе брыгада, ведаюць тэрміны здачы аб’екта, і раптам у адзін момант могуць сабрацца і спакойна пакінуць рабочае месца, незакончаную работу. Проста, без усялякіх заяў. Ну, звольню я іх за прагулы. А толку? Такім людзям усё роўна, што кагосьці падводзяць. Яны прыйдуць праз нейкі час у іншую будаўнічую арганізацыю, паплачуцца, маўляў, на 15 мінут спазніліся, а нас і звольнілі! І ведаеце што? Іх прымуць на работу! Вось калі выганяюць за п’янку, тут яшчэ наймальнік паглядзіць, ці варта “работнічка” браць.
Так што, адна з найбольш вострых праблем у будаўніцтве — кадры.
Хацелася б мець уяўленне аб перспектыве работ, якія аб’екты чакаюць наперадзе, каб планаваць рабочую сілу і спецыялістаў.
Я.У.АРЭШКА:
— Мяркуецца даручыць вашай арганізацыі будаўніцтва 6 жылых дамоў у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, па два дамы —у а/г Добасна, вёсках Барчыцы і Капусціна.
КВАТЭРА З ДАПРАЦОЎКАЙ…
С.М.Чабан:
— Наш дом — ЖБК “Мара” — здаваўся ў снежні 2006 года. Засяляцца пачалі ў сярэдзіне 2007 года. Паўгода давалася на аддзелачныя работы: дом здаваўся, як мы і заказвалі, з “голымі” сценамі і падлогай. Папрацаваць, каб давесці ўсё да ладу, давялося нямала. Няма прэтэнзій да ПМК-255 у тым плане, што тэрыторыя вакол будоўлі была добраўпарадкавана. Дзве кватэры здаваліся з правядзеннем аддзелачных работ: адна — за кошт сродкаў чарнобыльскіх і адна — службовая.
Скажу сумленна — быць старшынёй кааператыва складана. Дом мы пакуль не здаем на абслугоўванне УКП “Жылкамгас”, а “цягнем” усе клопаты па яго абслугоўванні самастойна. Пры неабходнасці наймаем электрыка, ёсць свой дворнік. Дом пакуль новы, асаблівых праблем не дастаўляе. Таму і сумы збору, скажу шчыра, нязначныя. Жыве ў нашым доме 40 сем’яў. Людзі рознага дастатку, выхавання, сацыяльнага статусу, з рознымі адносінамі да жыцця. Але ёсць сярод іх адказныя жыльцы, якія своечасова ўносяць плацяжы, ёсць і тыя, хто ўсяляк пазбягае гэтага. І так у любым іншым доме. Таму год — два — тры кааператывы чапляюцца за самастойнасць, а потым усё роўна здаюцца на тэхабслугоўванне ва УКП “Жылкамгас”.
Жыхары нашага дома і бліжэйшыя суседзі стварылі новы кааператыў — гаражны. Зямля адве-дзена, праект на 50 гаражэй зроблены, будоўля разгарнецца непадалёк, літаральна метрах у 30-ці ад дома.
… І «ПАД КЛЮЧ»
А.С.Каранкевіч:
— Лічу, што будаваць дом з правядзеннем аддзелачных работ значна лепш, чым поркацца самім, не такая ўжо гэта і эканомія! Варта помніць, што, крэдытуецца ўся сума будаўніцтва. І калі запланаваны аддзелачныя работы, то яны таксама крэдытуецца, а вырашыў рамонтам самастойна займацца — то, калі ласка! Толькі за ўласныя сродкі.
Наш кааператыўны дом, што на рагу вул. Пушкінскай і К.Маркса будаваўся на ўмовах поўнай аддзелкі кватэр. І, на мой погляд, гэта вельмі зручна. Не трэба чакаць ніколькі: атрымаў ключы, перанёс мэблю, і жыві! Пол драўляны, пакрыты лакам. Зроблена ўсё, скажу сумленна, проста выдатна! Мы ўклаліся ў тэрміны, і з надыходам халадоў уключылі ацяпленне. Яно ў нас пакватэрнае. Пададзены газ. Людзі задаволены. Але згодны з меркаваннем Сяргея Міхайлавіча, што ўсе сем’і розныя.
Згодны, што праз вызначаны 2-гадавы гарантыйны тэрмін прыдзецца перадаць дом на абслугоўванне ва УКП “Жылкамгас”: сабраць сродкі на гаспадарчыя патрэбы вельмі складана, а гэта рэальная магчымасць мець электрыка, дворніка і інш.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.