Да халадоў — гатовы!

У краіне стартаваў ацяпляльны сезон сёлетняга года. Не застаўся ў баку і наш раён, балазе, камунальная служба да гэтага важнага перыяду падрыхтавалася загадзя. Гарадскія і раённыя кацельні яшчэ ў кастрычніку, паколькі на працягу пяці дзён тэмпература паветра трымалася ніжэй за 80С, распачалі сваю “зімовую” вахту. А з 10 лістапада да іх падключылася і льнозаводская кацельня, якая была здадзена ў эксплуатацыю летась. Абслугоўвае жылы сектар амаль паловы горада: ад райаграпрамтэхзабеспячэння да Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў.
У нашым раёне гэтая кацельня не толькі самая магутная, але і самая эканамічная. Працуе яна на мясцовым відзе паліва — шчапе, якая пакуль закупляецца ў Бабруйскім лясгасе, але ўжо набыта драбілка і хутка шчапу УКП “Жылкамгас” будзе нарыхтоўваць самастойна. Калектыў кацельні складаецца з 14 чалавек: майстра, 8-мі аператараў, слесара-рамонтніка і 4-х апаратчыкаў хімічнай водаачысткі. Кожныя 2 гадзіны праводзіцца аналіз вады, і калі ён не адпавядае норме, апаратчыкі аператыўна прымаюць меры па стабілізацыі яе хімічнага саставу.
Каб працаваць на такім сучасным і даволі складаным абсталяванні, якое маецца тут, трэба валодаць спецыяльнымі ведамі і навыкамі. Таму ўвесь абслугоўваючы персанал кацельні прайшоў абучэнне ў Дзяржпрамнаглядзе, і акрамя таго кожныя 5 год яны будуць праходзіць пера-кваліфікацыйныя курсы пры гэтай установе.
Не забываецца УКП “Жылкамгас” і на іншыя кацельні — усе яны своечасова дагледжаны, адрамантаваны, таму непакоіцца аб “лютым холадзе” ў кватэрах кіраўчанам не прыдзецца.
Аб тым, колькі гэта будзе каштаваць, мы спыталіся ў спецыялістаў УКП “Жылкамгас”. Як нам паведамілі, у сярэднім за 1 м2 жылля гаспадарам давядзецца плаціць па 950 руб. Такім чынам, ацяпленне, напрыклад, 2-пакаёвай кватэры агульнай плошчай 60м2 у месяц абыдзецца ў 57 тыс.рублёў.
Сяргей Аўсянік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.