Сваім пунктам гледжання і меркаваннямі па праблеме ВІЧ/СНІД мы папрасілі падзяліцца чытачоў «раёнкі»:
Аляксей ХАДАСЕВІЧ, студэнт:
— Аб праблеме існавання і распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі і СНІД я ведаю яшчэ з часін навучання ў школе. Пачынаючы з малодшых класаў, на ўроках, класных гадзінах настаўнікі расказвалі нам пра гэта. Наладжваліся адпаведныя сустрэчы з медыкамі, праводзіліся тэматычныя вечарыны і дыскатэкі. І зараз, ва ўніверсітэце, гэта праблема не абыдзена ўвагай. Таму аб інфекцыі, хваробе і аб элементарных правілах абароны я ведаю. Калі часам узнікае неабходнасць даведацца аб нейкім аспекце больш падрабязна, шукаю інфармацыю ў Інтэрнеце, адпаведнай літаратуры, сродках масавай інфармацыі.
Элементарна: каб не стаць ахвярай ВІЧ-інфекцыі, трэба весці здаровы і высокамаральны лад жыцця. Аднак ведаю, што ёсць выпадкі, калі людзі былі інфіцыраваны выпадкова, таму, лічу, што не ўсе хворыя на СНІД — несумленныя, абыякавыя да жыцця і акружаючых. Думаю, не трэба да такіх людзей ставіцца з непавагай, абвінавачваць іх і абыходзіць бокам.
Клаўдзія Рыгораўна, пенсіянерка:
— Гэтае невылечнае інфекцыйнае захворванне, распаўсюджанае ва ўсім свеце, датычыцца і нас. Трывожыць тое, што яно з кожным годам маладзее, захворваюць на СНІД 15-гадовыя юнакі і дзяўчаты. Таму не толькі ў Сусветны дзень барацьбы з гэтай хваробай трэба ўспамінаць пра прафілактыку, а пастаянна яе праводзіць.
З друку вядома, што па нашай вобласці ўжо маюцца выпадкі смерці ВІЧ-інфіцыраваных, сярод якіх і маладыя людзі. І гэта вельмі засмучае і насцярожвае.
Лічу, што на барацьбу з гэтай хваробай павінны паўстаць усе, тут абыякавых быць не можа. Нам, бацькам, ды і ўсёй грамадскасці трэба клапаціцца аб падрастаючым пакаленні, здароўі нашай нацыі.
Аліна, кіраўчанка:
— СНІД — хвароба, якую вось ужо на працягу не аднаго дзесяцігоддзя чалавецтву не па сілах перамагчы. Разам з тым, гэта адно з захворванняў, якога можна пазбегнуць сваімі правільнымі паводзінамі. Боязь ад таго, што любы чалавек не застрахаваны ад СНІДу, адчуваецца. Але, калі не ўжываць наркотыкі, не весці амаральны лад жыцця, чалавек у стане практычна выключыць рызыку захварэць на СІНД.
Максім Мікешын, 24 гады, кіраўчанін:
— Праблема ВІЧ/СНІД застаецца вельмі вострай, панацэя пакуль не вынайдзена. Таму, на мой погляд, кожны павінен разумець, што ніхто, акрамя яго самога, ад гэтай бяды не застрахуе. Але, на жаль, вялікая колькасць моладзі аб гэтым не думае, не клапоціцца аб сваім здароўі.
Калі гаварыць аб правах ВІЧ-інфіцыраваных, то, перш за ўсё, трэба памятаць, што, нягледзячы на хваробу, мы ўсе — людзі. І імі павінны заставацца! Не трэба хавацца і баяцца, пазбягаць такіх людзей, назаўсёды выкрэсліваць іх з ліку сваіх знаёмых, сяброў. І калі кожны чалавек зразумее гэта, перастане глядзець на хворых, як на другарадны прадукт цывілізацыі, тады і гэтае пытанне згубіць вастрыню, а з часам увойдзе ў гісторыю.
Каб не стаць ахвярай
Вторник, 30.11.2010 16:57. Рубрика: Без рубрики