Лепшыя тэнісісты — сувязісты!

На базе аграгарадка Мышкавічы ў рамках круглагадовай спартакіяды калектываў фізічнай культуры раёна адбыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе. Удзел у іх прынялі 11 каманд, у састаў якіх уваходзілі па два мужчыны і адной жанчыне.
У выніку напружанай барацьбы перамогу заваявалі тэнісісты раённага вузла электрычнай сувязі, на другім месцы — спартсмены Жыліцкага сельгаскаледжа, на трэцім — вучгаса гэтай жа ўстановы.
У асабістым заліку не было роўных леташняму сярэбранаму прызёру спаборніцтваў Ігару Бокаму з каманды РВЭС. Анатоль Бэндзер з гэтай жа каманды і Яўген Гаршуноў з Жыліцкага сельгаскаледжа закончылі спаборніцтвы з аднолькавай колькасцю ачкоў, але перамога ў асабістай сустрэчы дала магчымасць Анатолю Бэндзеру заняць другое месца. Яўген Гаршуноў стаў трэцім.
У жанчын тройка прызёраў выглядае наступным чынам: Валерыя Жданава (РВЭС) — 1-е месца, Марыя Іванова (СВК “Чырвоны баец”) — 2-е месца, Марыя Еўдакімава (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага) — 3-е месца.
Пераможцы і прызёры турніру ў камандным заліку ўзнагароджаны дыпломамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, у асабістым заліку — дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
У плане спартакіяды засталіся 2 віды спаборніцтваў: жаночы і мужчынскі валейбол, якія пройдуць 4 і 11 снежня адпаведна ў спартыўнай зале ДЮСШ.
Канстанцін
ГАРБАЧОЎ,
начальнік аддзела фізічнай культуры,
спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.