Насустрач чацвёртаму Усебеларускаму народнаму сходу

Працягваем знаёміць чытачоў раённай газеты з дэлегатамі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ад нашага раёна. Сярод іх — Н.Р.Бокач, прадавец 6-га разраду ўніверсама «Меркурый». У сферы гандлю жанчына працуе шэсць гадоў. Яна з адказнасцю ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, старанная і прынцыповая. Неаднаразова выступала перад калегамі з прапановамі па ўдасканальванні форм і метадаў абслугоўвання пакупнікоў.
На здымку: галоўнае ў рабоце Н.Р.Бокач — уважлівасць і ветлівасць да пакупнікоў.

Універсам «Меркурый», дзе Наталля Раманаўна працуе пяты год, можна назваць своеасаблівай візітнай карткай нашага горада. Тут кожны дзень бывае шмат пакупнікоў: не толькі кіраўчан, але і праязджаючых жыхароў іншых населеных пунктаў нашай рэспублікі, замежжа. І на калектыў магазіна, а працуюць тут 20 чалавек, ускладзены адказныя задачы: забяспечваць пастаянную наяўнасць тавараў (іх у продажы звыш 20 тысяч назваў, прычым — шырокі асартымент тавараў айчынных вытворцаў), пільна сачыць за тэрмінамі захоўвання прадуктаў харчавання, пастаянна ўдасканальваць эстэтыку выкладкі тавараў. Трэба адзначыць, што работнікам універсама гэта ўдаецца. Пацвярджэнне таму — добрыя водгукі пакупнікоў і той факт, што па выніках раённага спаборніцтва сярод калектываў гарадскіх магазінаў за 2009 год калектыў «Меркурыя» прызнаны лепшым. У гэтым немалая заслуга і Н.Р. Бокач.
Сёлета работнікі магазіна таксама паспяхова забяспечваюць выкананне даведзеных заданняў: за 10 месяцаў рэалізавана тавараў на 3 млрд. 946 млн. рублёў, тэмп росту склаў 133%.
Па словах Н.Р.Бокач, работнікам гандлю трэба пастаянна працаваць над павышэннем якасці абслугоўвання пакупнікоў. «Мяркую, што работа па павышэнні якасці жыцця людзей, праведзеная ў рэспубліцы,— адзначыла Наталля Раманаўна,— будзе абмеркавана на IV Усебеларускім народным сходзе».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.