Пры аднадушнай падтрымцы

На пашыраным сходзе раённага гаспадарчага актыву, які адбыўся 23 лістапада ў зале пасяджэнняў райвыканкама, былі абмеркаваны пытанні: “Аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 — 2010 г.г. і аб праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 — 2015 г.г, “Аб Праектах Рэзалюцыі і Звароту ўдзельнікаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу”.
Удзел у рабоце сходу прынялі: старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, начальнік упраўлення эканомікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама В.В. Петручэня, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, выбраныя ўдзельнікі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ад нашага раёна, пракурор раёна.
З дакладам па асноўным пытанні выступіў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Ён адзначыў, што Рэспубліка Беларусь паслядоўна рэалізуе выбраную мадэль сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, прывёў у пацвярджэнне пераканаўчыя лічбы і факты, падрабязна спыніўся на выніках, з якімі завяршае пяцігодку Кіраўскі раён — яго аграпрамысловы, будаўнічы, сацыяльна-культурны сектар, уключаючы інвестыцыйную і экспартную дзейнасць, работу па стварэнні новых рабочых месцаў. Былі таксама акрэслены задачы, якія стаяць перад працоўнымі Кіраўшчыны на будучую пяцігодку.
Рэалізацыя пастаўленай Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 — 2015 г.г. мэты — далейшы рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове ўдасканальвання сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі — патрабуе канцэнтрацыі рэсурсаў на прыярытэтных накірунках: развіццё чалавечага патэнцыялу; прадпрымальніцтва і ініцыятыва; інавацыйнае развіццё і структурная перабудова эканомікі, стварэнне новых навукаёмістых, высокатэхналагічных вытворчасцей; рост экспарту тавараў і паслуг, збалансаванасць і эфектыўнасць знешняга гандлю; устойлівае развіццё рэгіёнаў; якаснае і даступнае жыллё; эфектыўны аграпрамысловы комплекс.
У развіцці чалавечага патэнцыялу важнейшая роля належыць праводзімай дзяржавай сацыяльнай палітыцы. Яе асноўная мэта ў новым пяцігоддзі — павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу на аснове павышэння функцыяніравання сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры і іншых відаў дзейнасці, якія адносяцца да сферы паслуг.
Асноўнай задачай развіцця аховы здароўя ў будучай пяцігодцы ставіцца паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва на аснове далейшага павышэння якасці паслуг, забеспячэння адзіных сацыяльных стандартаў медыцынскай дапамогі кожнаму чалавеку незалежна ад месца яго жыхарства. У раёне будзе прадоўжана мадэрнізацыя і рэканструкцыя аб’ектаў аховы здароўя, іх укамплектаванне медыцынскімі кадрамі.
Дзейнасць устаноў сферы адукацыі будзе накіравана на абнаўленне зместу і павышэнне якасці навучання з тым, каб стварыць школу, адкуль выходзіла б інтэлектуальная моладзь, валодаючая інфармацыйнымі тэхналогіямі і замежнымі мовамі. Прадугледжваецца паслядоўны рамонт гімназіі горада Кіраўска, СШ№1, дзіцячых дашкольных устаноў.
Асноўнымі задачамі развіцця сферы культуры ў 2011 — 2015 гадах, адзначыў У.У.Піскіжаў, для нас стануць забеспячэнне даступнасці культурных каштоўнасцей і паслуг для ўсіх слаёў насельніцтва; рэалізацыя праграмы рэстаўрацыі, рэканструкцыі і захавання прыярытэтных гісторыка-культурных каштоўнасцей (правядзенне трэцяга і чацвёртага этапаў рамонтна-аднаўленчых работ Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля). У наступнай пяцігодцы плануецца стварэнне стацыянарнага краязнаўчага музея ў а/г Любонічы, цэнтра рамёстваў на базе Скрыпліцкага сельскага Дома культуры.
Прыярытэтнымі напрамкамі застануцца: паляпшэнне жыллёвых умоў насельніцтва, умацаванне фізічнага здароўя грамадзян, ажыццяўленне маладзёжнай палітыкі, накіраванай на стварэнне ўмоў для ўсебаковага і гарманічнага развіцця маладых грамадзян краіны, актыўнае іх уключэнне ва ўсе сферы жыццядзейнасці краіны.
З а 2011 — 2015 г.г. прагназуецца павялічыць аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у цэлым па раёне ў 2 разы ў параўнанні з 2010 годам. Асноўныя аб’ёмы інвестыцый плануецца накіраваць у сельскую гаспадарку (на рэканструкцыю і мадэрнізацыю жывёлагадоўчых ферм, набыццё тэхнікі і г.д.), перапрацоўчую прамысловасць, гандаль і жыллёва-камунальнае будаўніцтва.
Будзе рэалізаваны важны інвестыцыйны праект — будаўніцтва біягазавай устаноўкі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Важнейшай задачай развіцця сельскай гаспадаркі ставіцца фарміраванне канкурэнта-здольнай, устойлівай і экалагічна бяспечнай вытворчасці, нарошчванне экспартнага патэнцыялу, а таксама павелічэнне рэнтабельнасці продажу.
У галіне раслінаводства плануецца пашырэнне пасеваў цукровых буракоў да 1350 га, бульбы — да 400 га, агародніны — да 170 га, насеннікаў шматгадовых траў — да 860 га і атрыманне, разам з традыцыйным насення такіх каштоўных траў, як канюшына белая, галега ўсходняя, мятліца лугавая.
Плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя 6-ці малочнатаварных ферм на базе СВК “Рассвает” імя К.П.Арлоўскага, “Калгас “Ніва”, “Добасна-агра”, “Бераснёўскі“, СГФ “Чыгірынка“, ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, свінакомплексу ў СВК “Чырвоны баец”, будзе прадоўжана рэканструкцыя комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы ў СВК “Добасна-агра”.
Адзін з накірункаў дзейнасці — стабілізацыя вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, фермерскіх гаспадарках і стварэнне ўмоў для іх вядзення.
Асноўнай задачай у галіне будаўніцтва жылля ставіцца ліквідацыя да 2012 года чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў. У цяперашні час у раёне будуецца 40-кватэрны жылы дом СЖБК №6, 60-кватэрны жылы дом СЖБК №5, завершана праектаванне 70-ці і 50-кватэрных жылых дамоў СЖБК №7 і №8. Дарэчы, у састаў СЖБК №7 увайшлі грамадзяне, якія сталі на чаргу ў 2009 годзе.
Вядзецца будаўніцтва сетак і збудаванняў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння магутнасцю 2 тыс.м3 у суткі ў г.Кіраўску і станцыі абезжалезьвання і сетак, збудаванняў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння ў а/г Жылічы магутнасцю 600 м3 у суткі. На 2011 год запланавана будаўніцтва лазні на 50 памывачных месцаў па вул.Мельнікава ў райцэнтры, сетак і збудаванняў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння ў бальнічным гарадку цэнтральнай раённай бальніцы магутнасцю 300 м3 у суткі, рэканструкцыя сетак і збудаванняў каналізацыі ў а/г Стайкі, ачышчальных збудаванняў у а/г Жылічы.
У будучай пяцігодцы, адзначыў у сваім дакладзе старшыня райвыканкама, галоўнай задачай развіцця сферы паслуг будзе забеспячэнне насельніцтва незалежна ад месца пражывання высокаякаснымі паслугамі па даступных цэнах. У новай пяцігодцы філіялам “Аўтапарк №14” павінна быць набыта не менш 9 грузавых аўтамабіляў і 5 аўтобусаў. Будзе прадоўжана мэтанакіраваная работа па развіцці сетак сувязі, укараненні новых відаў паслуг сувязі, да 2,1 тыс. чалавек стануць карыстальнікамі стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнет.
Не будзе абыдзена ўвагай і малое прадпрымальніцтва: вызначаны асноўныя задачы яго падтрымкі на перыяд да 2015 года.
У цэлым палітыка развіцця раёна, адзначыў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, будзе накіравана на максімальна эфектыўнае выкарыстанне магчымасцей рэгіёна з улікам спецыфікі кліматычных, эканамічных і чалавечых рэсурсаў.
Настаўнік працоўнага навучання СШ№1, удзельнік чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ад нашага раёна А.У.Пархамовіч зачытала тэксты Праектаў Рэзалюцыі і Звароту ўдзельнікаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу.
Адбылося абмеркаванне матэрыялаў і праектаў дакументаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу. Удзел у ім прынялі і ўнеслі канструктыўныя прапановы дырэктар ПУП “Кіраўскі камбінат кааператыўнай прамысловасці” С.М.Васільева, старшыня СВК “Чырвоны баец”, удзельнік чацвёртага Усебеларускага народнага сходу А.У.Серакоў, начальнік ПМК-255, дэпутат Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў В.І.Бабарыка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Н.І.Шапавалава, начальнік аддзела культуры райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Т.Л.Галубоўская. З прапановамі з месца выступілі трэнер ДЮСШ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў В.Г.Шакараў, дырэктар УКП “Жылкамгас” Ю.В. Мацюшонак, урач-дэрматавенеролаг райбальніцы, удзельнік чацвёртага Усебеларускага народнага сходу А.Р. Дворкін, старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў.
Удзельнікі сходу гаспадарчага актыву раёна прызналі, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2006 — 2010 г.г. у асноўным выканана, адобрылі ў цэлым матэрыялы і праекты дакументаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, пагадзіліся з праектам асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 — 2015 г.г. і падтрымалі прапанаваныя кіраўніцтвам краіны мэты і прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, што было разам з унесенымі ўдзельнікамі сходу гаспадарчага актыву прапановамі адлюстравана ў прынятай Рэзалюцыі. Над падрыхтоўкай праекта, абагульненнем прапаноў, заўваг, унесеных у ходзе работы сходу гаспадарчага актыву раёна, плённа працавала выбраная на сходзе рэдакцыйная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.А.Пеклінай.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.