“Прывітанне, юнацтва камсамольскае маё!”

У дзень нараджэння камсамола адбылася сустрэча ветэранаў маладзёжнага руху з падрастаючым пакаленнем раёна. Гэта памятная дата аб’яднала былых камсамольцаў-актывістаў, якія сваімі слаўнымі справамі ўпісалі яркія старонкі ў гісторыю Кіраўшчыны.
У гэты ўрачысты вечар сустрэч і ўспамінаў, які праходзіў у глядзельнай зале Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, гучалі наказы і пажаданні юнакам і дзяўчатам, вершы, песні…
На здымку: удзельнікі сустрэчы спяваюць
«Песню о тревожной молодости».

З гісторыі камсамола Кіраўшчыны
У студзені 1936 года ў клубе в.Букіно адбылася першая раённая камсамольская канферэнцыя. 121 яе дэлегат прадстаўляў 18 пярвічных камсамольскіх арганізацый. На канферэнцыі перад моладдзю была пастаўлена задача — садзейнічаць стварэнню калгасаў. Улічваючы вострую запатрабаванасць у механізатарскіх кадрах, камсамольцы кінулі заклік: “Камсамолец — на трактар!”.
Першым сакратаром РК ЛКСМБ стаў Р.П.Чэхаў.
Мужнасцю і адвагай вылучаліся камсамольцы Кіраўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны вялі агітацыйную работу, хадзілі ў разведку, стваралі падпольныя групы, рабілі дыверсіі, збіралі зброю, здабывалі медыкаменты для параненых.
Сакратаром падпольнага РК ЛКСМБ быў І.М.Савіцкі. Герасім Комар, адзін з першых камсамольцаў Кіраўшчыны, узначаліў партызанскі рух на тэрыторыі раёна.
“Камсамольцы, наперад!”, “Калі загіну, прашу лічыць мяне камсамольцам” — гэтыя заклікі былі ў душах і сэрцах маладых юнакоў і дзяўчат, якія, не шкадуючы жыцця, абаранялі сваю Айчыну. Камсамольцы Уладзімір Парахневіч, які пусціў пад адхон 20 варожых эшалонаў, і Яўген Зуеў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Якая яна, вайна не кніжная, даведаліся ў 80-я гады тыя, хто выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. З гэтай вайны не вярнуліся на родную Кіраўшчыну камсамольцы Аляксандр Ядлоўскі, Віктар Шумілаў і Пётр Петрусевіч.
Памяць загінуўшых камсамольцаў удзельнікі сустрэчы ўшанавалі мінутай маўчання.
Каманда маладосці нашай
Камсамольская арганізацыя раёна дастойна прайшла свой шлях. І гэта заслуга тых, хто быў шчыра адданы сваёй справе, з пачуццём высокай адказнасці выконваў грамадзянскі абавязак.
На сцэну школы мастацтваў былі запрошаны камсамольскія работнікі розных часін: былы кіраўнік райкама камсамола, потым — маладзёжнага калгаса імя Куйбышава А.Н.Падаляк; першы сакратар райкама камсамола 1973 — 1977 гадоў, былы загадчык аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі М.М.Сілкоў; першы сакратар райкама 1983 — 1985 гадоў М.А.Дрозд, камсамольская дзейнасць якога адзначана юбілейным знакам ЦК ВЛКСМ; другі сакратар райкама камсамола 1982 — 1986 гадоў, а зараз — начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н.П.Суравец; уладальніца знакаў ЦК ВЛКСМ і “Лепшы піянерскі важаты”, юбілейнага медаля “За добрасумленную працу” В.М.Казак; былы вызвалены сакратар Жыліцкага сельскагаспадарчага тэхнікума В.А.Вінаградаў і былая старшыня раённага Савета піянераў, загадчыца аддзела навучэнцкай і студэнцкай моладзі райкама камсамола Н.У.Шкадровіч. Дарэчы, Ніна Уладзіміраўна напярэдадні дня нараджэння камсамола адзначыла свой асабісты юбілей.
Запявалы карысных спраў
Камсамольская арганізацыя давала пуцёўку ў жыццё тым, хто імкнуўся да ведаў, адказнай работы, павышэння інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню. Моладзь мела магчымасць праяўляць сябе і вырашаць многія пытанні свайго жыцця. А запяваламі камсамольскіх спраў былі сакратары пярвічак, актывісты.
Сярод такіх людзей, якія і праз шмат год не страцілі ў душы камсамольскага запалу, — Т.У.Юрачка. Набыты ёю падчас актыўнай камсамольскай работы навык весці за сабой атрымаў прадаўжэнне і ў прафесійнай дзейнасці: з 36 год педстажу 28 — яна была дырэктарам школы.
Не губляюць актыўнасці Л.М.Лукановіч, няштатны аўтар “раёнкі”; А.М.Леановіч, былы член камсамольскага студатрада, а зараз — упраўляючая справамі райвыканкама; Э.А.Самбур, былы сакратар камсамольскай арганізацыі, былы старшыня Кіраўскага пасялковага Савета дэпутатаў; С.Н.Міхалёнак, сакратар камітэта камсамола Жыліцкага сельгастэхнікума ў 1983 — 1988 гады; Т.М.Анціпенка, якая, як адна з лепшых прадстаўнікоў моладзі краіны, была ўдастоена гонару быць сфатаграфаванай каля Сцяга Перамогі ў Маскве.
Дэлегаты маладзёжных форумаў
Яскравымі падзеямі ў жыцці камсамольцаў былі з’езды. Гонару прадстаўляць раён на гэтых маладзёжных форумах удастойваліся лепшыя з лепшых.
На сустрэчу з моладдзю, каб падзяліцца пачуццямі, якія і дагэтуль жывуць у сэрцы, завіталі дэлегат XVI з’езда ВЛКСМ, выбраны, як перадавы механізатар-камсамолец калгаса імя Куйбышава, В.У.Бандарэнка; дэлегат XXIII з’езда камсамола Беларусі, першы ў раёне майстар спорту СССР і адзіны ў раёне суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі У.С.Бяляўскі; дэлегат XXIV з’езда камсамола Беларусі, лепшая на той час піянерская важатая раёна, С.Д.Каранкевіч.
Ім песня будаваць і жыць дапамагала…
Падчас урачыстай сустрэчы ўвагі былі ўдастоены тыя былыя камсамольцы, якія самааддана шчыравалі на палях і фермах, стаялі ля станка, будавалі жыллё — перадавікі 60-х, 70-х і 80-х гадоў: уладальніца медаля “За асваенне цалінных і абложных земляў” Г.С.Сямёнава; актывістка камсамольскага маладзёжнага калектыву льнозавода В.М.Раманенка; кіраўнік камсамольскага маладзёжнага калектыву магазіна “Універмаг” Т.А.Дзюндзіна; камсамольскі актывіст 60-х, член пярвічкі камсамола сельгастэхнікі В.Е.Баяршчонак; перадавы механізатар-камсамолец калгаса “III з’езд Саветаў” Л.С.Юркавец; перадавая швачка камбіната бытавога абслугоўвання З.І.Мысягіна.
На сцэне школы мастацтваў віталі тых, хто дзякуючы камсамолу, змог праявіць свае таленты і ў далейшым рэалізавацца ў творчым фармаце: выкладчыка Мышкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў У.Б.Барэйшу, галоўнага рэдактара раённай газеты “Кіравец” Н.А.Хадакову, выкладчыка Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў А.У.Хадакова, музычнага кіраўніка дзіцячага садка №3 Л.В.Каранкевіч,ветэрана органаў унутраных спраў І.У.Рудзько.
А.У.Хадакоў і І.У.Рудзько падарылі прысутным свае песні.
Змена на змену ідзе
Падчас сустрэчы адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця лепшых вучняў гімназіі ў рады ГА “БРПА”.
Чырвоныя гальштукі хлопчыкам і дзяўчынкам павязалі былыя важатыя піянерскіх атрадаў Т.М.Раманькова, А.Л.Манько, Н.Р.Пузевіч, Л.Ф.Будніцкая і іншыя ветэраны камсамола.
Прысутных віталі в.а.першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Аляксей Каранькоў і сакратары пярвічак маладзёжнай арганізацыі.
Намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова ўручыла ўдзельнікам рэспубліканскай маладзёжнай акцыі “Пытанне Прэзідэнту” Падзячныя пісьмы ад Кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі. Іх атрымалі вучні гімназіі Аліна Костка, Яна Куляўцова, Даша Рыжова, вучні Чыгірынскай СШ Аня Стрынадка, Віка Шаўцова, Таццяна Кавалёва, Марына Ісаенка, вучні Стаўпіцкай БШ Дзіна Чуманевіч і Аляксей Комар.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.