Соцыум

Прадстаўнікамі органаў раённай улады, зацікаўленых структур, райаддзела ўнутраных спраў, грамадскасці была наладжана сустрэча з грамадзянамі, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі; асуджанымі, пакаранне якіх не звязана з пазбаўленнем волі; непаўналетнімі, маючымі судзімасці. Задачай ставілася высветліць, з якімі жыццёвымі цяжкасцямі гэтыя асобы сутыкаюцца, і, па магчымасці, дапамагчы.
Украў, выпіў — у турму…
Чаму людзі пераступаюць мяжу закона? Гэтае пытанне хвалюе як тых, хто па службоваму абавязку вядзе барацьбу са злачыннасцю, так і звычайных абывацелей, якія ведаюць пра злачынствы і пакаранні па чутках.
Па водгуках саміх грамадзян, маючых сацыяльны статус “судзімы”, першы раз можна проста спатыкнуцца на жыццёвай дарозе, наступнае злачынства ў большасці выпадкаў учыняецца ўжо асэнсавана. Пераступаючы мяжу закона ў чарговы раз, людзі кіруюцца думкамі: “Я нікому не патрэбен”, “У мяне ніколі не будзе добрай работы, моцнай сям’і, светлай будучыні, таму мне губляць няма чаго…”.
Такім чынам, адсутнасць разумення з боку грамадства, родных і былых сяброў, у большасці выпадкаў — непраца-ўладкаванасць судзімых, страта сацыяльна карысных сувязей становяцца асноўнымі прычынамі рэцыдыўнай злачыннасці. А, значыць, жыцця па накатанай дарожцы. Часта ў гэтым пераліку — яшчэ і злоўжыванне алкаголем.
У раёне за 6 месяцаў бягучага года агульная колькасць злачынстваў, учыненых судзімымі асобамі, павялічылася на 21% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС ініцыіравалі правядзенні ў раёне акцыі «Альтэрнатыва”. Яе мэта — прапанаваць замест сітуацыі “ўкраў, выпіў — у турму” шлях выпраўлення з вырашэннем праблем з працаўладкаваннем, забеспячэннем нармальнымі жыллёва-бытавымі ўмовамі, наладжваннем сацыяльных сувязей з грамадствам.
Шанц ўладкавання на працу
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прапаноўвае грамадзянам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, дапамогу пры аднаўленні дакументаў, працаўладкаванні, аказанні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай, а таксама гуманітарнай дапамогі, псіхалагічнае і юрыдычнае кансультаванне.
Так, у сектары занятасці ўпраўлення, дзе судзімыя грамадзяне рэгіструюцца як беспрацоўныя, ім аказваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні. Па жаданні можна прайсці прафесійную перападрыхтоўку, пераабучэнне, павысіць кваліфікацыю.
Напрыклад, пераабучэнне можна прайсці па будаўнічых спецыяльнасцях — муляр, маляр, тынкоўшчык, сантэхнік, а таксама па спецыяльнасцях цырульнік, прадавец, кандытар, вадзіцель розных катэгорый і іншых. Наладжана яно за кошт сродкаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Акрамя гэтага для працаўладкавання грамадзян дадзенай катэгорыі насельніцтва ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна існуе так званая броня.
Шанц на цвярозы лад жыцця
Згубная цяга да спіртнога разбурае нармальны парадак жыцця, не дазваляе мець пастаяннае месца работы, наладжваць сацыяльна карысныя сувязі, ствараць добрыя сем’і.
Нярэдка алкаголь становіцца адзіным «памочнікам» у вырашэнні праблем. Аднак утапіць праблему ў шклянцы з гарэлкай зусім не азначае яе пазбавіцца…
Пераадолець алкагольную залежнасць дапамогуць у цэнтральнай раённай бальніцы. Адзінае, што для гэтага патрэбна, — асабістае жаданне грамадзяніна. Кожны аўторак у райбальніцы вядзе прыём урач-нарколаг, які праводзіць лячэнне ад алкаголю, дае кансультацыі.
Раз у квартал для кадзіравання ад алкагольнай залежнасці ў раён прыязджае брыгада Магілёўскага абласнога наркалагічнага дыспансера. Аднак, калі з’явіцца жаданне тэрмінова закадзіравацца ад алкаголю, у райбальніцу можна звяртацца ў любы дзень, каб атрымаць накірунак на гэту працэдуру ў Бабруйску альбо Магілёве.
Шанц на духоўнае адраджэнне
Дапамогу і падтрымку на шляху выпраўлення можна атрымаць у Кіраўскім Свята-Пакроўскім храме. У мінулым і сучасным вядома нямала прыкладаў, калі нават самыя заўзятыя атэісты ў пераломны момант свайго жыцця звярталіся за дапамогай і разуменнем менавіта да Бога і атрымлівалі іх.
Настаяцель храма іерэй Дзмітрый Первій расказаў, што людзям, якія збіліся з правільнага жыццёвага шляху, у тым ліку і судзімым, царкоўныя служачыя могуць дапамагчы ежай, адзеннем, магчыма, жыллём.
Паміж Свята-Пакроўскім храмам і Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыром існуе дамоўленасць: жадаючыя жыхары раёна могуць паехаць у манастыр, каб знайсці там душэўны спакой і раўнавагу, працаваць, сацыяльна адапціравацца. Напрыклад, сёлета жаданне такім чынам паспрабаваць стаць на шлях выпраўлення і духоўнага адраджэння выказалі пяць судзімых жыхароў раёна, аднак паехалі толькі два. Адзін з іх жыве і працуе ў Жыровіцкім манастыры і дагэтуль.
Кожнаму чалавеку прадастаўляецца шанц выправіцца. Трэба толькі задумацца: якое жыццё вам патрэбна? І зрабіць адпаведны выбар. Наяўнасць судзімасці — яшчэ не прыгавор, каб апускацца на дно і сваімі ж рукамі ламаць сабе жыццё. Галоўнае — жадаць выправіцца, тады знойдуцца і разуменне, і падтрымка, і праца, і блізкія сэрцу людзі.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.