На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Ц.Глаз правёў прыём грамадзян Дабаснянскага і Паўлавіцкага сельсаветаў і выступіў са справаздачай аб дэпутацкай дзейнасці перад сваімі выбаршчыкамі ў Жыліцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым каледжы і аграгарадку Паўлавічы.
Гаворачы аб рабоце парламентарыяў, А.Ц. Глаз адзначыў, што за два гады Палатай прадстаўнікоў было прынята больш 400 праектаў законаў. Значная іх доля тычылася Мытнага саюза, цэлы блок законапраектаў быў прыняты ў сувязі з фінансава-экана-мічным крызісам: яны давалі шэраг паўнамоцтваў гаспадарчым суб’-ектам у гэтых умовах работы, каб пазбегнуць абвалу эканомікі. Плюс законапраекты, якія тычыліся крымінальна-выканаўчай сістэмы, пракуратуры, работы з грамадзянамі, адміністрацыйных працэдур і іншыя, якія, вобразна кажучы, стаяць “у плане” законапраектнай дзейнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
А.Ц.Глаз падкрэсліў значнасць для кожнага грамадзяніна прынятага закона “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”, кіраўніком рабочай групы па распрацоўцы законапраекта якога ён быў. Дзякуючы гэтаму закону, зараз людзям, каб вырашыць свае пытанні ў частцы адміністрацыйных працэдур, трэба запаўняць значна менш папер і менш хадзіць па інстанцыях.
Наша дзяржава, заўважыў дэпутат, незалежна ад таго, што адбываецца навокал, робіць усё магчымае, каб узровень жыцця людзей не падаў. І ўжо бясспрэчная тая ісціна, што хто ў нас добрасумленна, якасна працуе, той мае магчымасць і добра жыць.
У цяперашні час, паведаміў А.Ц.Глаз, дэпутаты разглядаюць магчымасць павелічэння дародавага водпуску жанчынам на 2 тыдні, павелічэння на 40% сродкаў, выдзяляемых на харчаванне ў дзіцячых садках, а таксама пытанне ўдаскнальвання сістэмы крэдытавання будаўніцтва жылля ў жыллёва-будаўнічых кааператывах.
Былі прыняты папраўкі да Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: ён стаў больш лаяльным па сумах штрафных санкцый, бо быў дастаткова жорсткім у фінансавых адносінах.
А.Ц.Глаз заўважыў падчас справаздачы, што да канца лістапада Палатай прадстаўнікоў павінен быць прыняты ў першым чытанні вельмі важны па сваім значэнні праект закона аб зваротах грамадзян.
Дэпутат паведаміў прысутным, што найбольш прынцыповыя пытанні, якія датычацца жыцця людзей, ён заўжды ўзнімае ў Парламенце.
А.Ц.Глаз адзначыў на завяршэнне, што ўсім нам неабходна цаніць тое, чаго дасягнула наша дзяржава; галоўнае, што ўсе мы адчулі стабільнасць жыцця, а гэта — аснова руху наперад.
На адным з прыёмаў грамадзян жылічане звярнуліся да дэпутата з праблемай дрэннай якасці пітной вады ў аграгарадку і просьбай дапамагчы яе вырашыць. І вось дзякуючы сумеснай настойлівай рабоце з кіраўніком мясцовай улады У.У.Піскіжавым станоўча вырашана пытанне аб будаўніцтве ў Жылічах станцыі абезжалезьвання і сетак, збудаванняў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння магутнасцю 600 кубічных метраў у суткі. А.Ц.Глаз запэўніў, што неўзабаве жылічане атрымаюць якасную ваду і асабліва падкрэсліў заслугу ў гэтым раённай улады.
Паколькі сустрэчы з выбаршчыкамі праходзілі напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, А.Ц.Глаз павіншаваў працаўнікоў Жыліцкага сельгаскаледжа, РУП “Жылічы», СВК “Чырвоны баец” са святам, а падарункам з’явіліся песні ў яго выкананні разам з вядомай групай “Каскад”, у састаў якой уваходзяць былыя воіны-афганцы. Зала шчыра ўспрымала знаёмыя і любімыя песні, шчодрымі апладысментамі ацаніла творчыя здольнасці свайго дэпутата і калектыву групы.
Пасля выступлення ў каледжы А.Ц.Глаз, дырэктар сельгаскаледжа У.У.Белы, старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў В.А.Герасімовіч, удзельнікі групы “Каскад” наведалі магілу загінуўшага воіна-афганца Аляксандра Ядлоўскага, ушанавалі памяць аб ім мінутай маўчання і праспявалі “Песню сябру”.
Наталля ХАДАКОВА.
Сустрэчы з дэпутатам
Вторник, 30.11.2010 08:40. Рубрика: Без рубрики