У «Бухце капітанаў» — вучні Паўлавіцкай школы

Па прапанове абласнога цэнтра фізічнага выхавання і турызму за актыўны і рэзультатыўны ўдзел у абласной спартакіядзе школьнікаў нашы вучні сталі ўдзельнікамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па рухомых гульнях у тэлеконкурсе “Бухта капітанаў”.
Спаборніцтвы праходзяць на базе алімпійскага спартыўнага комплексу “Стайкі” пад Мінскам і ўключаюць эстафеты, конкурсы, рухомыя гульні.
На здымку: Ккаманда вучняў Паўлавіцкай СШ з вядучым тэлепраграмы “Бухта капітанаў” і яго памочнікамі.
Згодна палажэння, каманда складаецца з 10 чалавек: 2 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі дзесяці год, 2 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі адзінаццаці год і па аднаму хлопчыку і дзяўчынцы дванаццаці год.
У папярэдніх гульнях удзел у спаборніцтвах прынялі 36 каманд з ліку вучняў сельскіх агульна-адукацыйных устаноў, па 6 каманд ад кожнай вобласці. Сістэма розыгрышу —алімпійская: прайграў — выбыў, выйграў — ідзеш далей.
Першую гульню мы правялі з камандай Князеўскай гімназіі Зельвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Выйгралі і выйшлі ў наступны этап. У другі раз, згодна жэрабя, нам выпала спаборнічаць з камандай Козенскай школы Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Да слова, у гэтай школе вучыцца 600 дзяцей, а ў нашай — 141. Так што, уявіце розніцу ў выбары ўдзельнікаў гульні ў іх і ў нас. Але нашы дзеці пасля першага выйгрышу асмялелі, адчулі асалоду перамогі, да таго ж азнаёміліся з пляцоўкай, і ў выніку абыгралі сваіх сапернікаў. Такім чынам, мы трапілі ў васьмёрку прэтэндэнтаў на ўдзел у наступных гульнях.
Зараз мы чакаем запрашэння на далейшыя здымкі, якія пройдуць вясной. Дарэчы, ведаем ужо і сваіх сапернікаў. Гэта таксама прадстаўнікі Магілёўскай вобласці, вучні Бельскай школы Дрыбінскага раёна. Каманда вельмі моцная, але мы ў любым выпадку пастараемся выступіць дастойна, а пераможа мацнейшы.
Галоўнае, на маю думку, што дзецям вельмі спадабалася. Размяшчаліся мы ў алімпійскім спартыўным комплексе “Стайкі”, і нават для мяне, дарослага, за шчасце было пажыць у тых умовах, што і нашы спартсмены-алімпійцы, убачыць іх трэніровачныя палі, залы.
Да ўсяго рабяты атрымалі і падарункі: за першую перамогу — рукзачкі з лагатыпамі “Бухта капітанаў”, за другую — майкі, таксама з лагатыпам.
І асноўнае. Гульні тэлеконкурсу “Бухта капітанаў” дэманструюцца на тэлеканале ЛАД. Першую гульню нашых дзяцей можна ўбачыць 19 снежня гэтага года ў 11.40, другую — у гэты ж час 26 снежня.
Валерый ВАРОНІЧ, настаўнік фізкультуры Паўлавіцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.