Ю.А.Кулакоўскі : «Выбарчая кампанія праходзіць спакойна, у прававым рэчышчы»

Як мы паведамлялі, наш зямляк Ю.А.Кулакоўскі, які зараз працуе намеснікам дырэктара інфармацыйна-аналітычнага дэпартамента, начальнікам аналітычнага аддзела Выканаўчага камітэта СНД, з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аддзялення місіі назіральнікаў СНД па Магілёўскай вобласці. Напрыканцы мінулага тыдня ён прыняў удзел у пасяджэнні Кіраўскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе былі падведзены вынікі праверкі даставернасці подпісаў у падпісных лістах, якія прадаставілі ініцыятыўныя групы ў падтрымку кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
На здымку: доўгатэрміновы назіральнік місіі СНД Ю.А.Кулакоўскі прымае ўдзел у пасяджэнні раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пасля пасяджэння камісіі мы папрасілі Ю.А.Кулакоўскага адказаць на шэраг пытанняў.
— Юрый Аляксандравіч, якія напрамкі работы і функцыі місіі наглядальнікаў СНД на прэзідэнцкіх выбарах?

— Наша місія была акрэдытавана 20 кастрычніка. Пасведчанне міжнароднага назіральніка №1 атрымаў кіраўнік місіі наглядальнікаў СНД С.М.Лебедзеў. Увогуле бягучы год быў вельмі насычаным для выканкама СНД: нашы місіі былі акрэдытаваны на выбарах у Таджыкістане, дзе якраз я быў назіральнікам, выбарах у мясцовыя органы ўлады ў Кіргізіі, Туркменістане, парламенцкіх выбарах у Азербайджане, Малдове. А ў цэлым за ўвесь час было 58 місій, працавала больш 10 тысяч назіральнікаў.
На дадзены момант на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь акрэдытавана 42 доўгатэрміновых назіральнікі ад СНД і будзе каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. У нашу задачу ўваходзіць паэтапны маніторынг захавання не толькі выбарчага заканадаўства Беларусі, але і міжнародных пагадненняў.
— І якая Ваша ацэнка прайшоўшых этапаў выбарчай кампаніі?
— Хочацца адзначыць, што першыя этапы выбарчай кампаніі праходзяць вельмі спакойна, па-дзелавому, у тым ліку і ў Магілёўскай вобласці, дзе я з’яўляюся назіральнікам. Толькі што прымаў удзел у пасяджэннях камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Бабруйскага раёна, адміністрацыі Ленінскага раёна г.Бабруйска, вось і Кіраўскай раённай камісіі, і гавару ўпэўнена, што выбарчая кампанія праходзіць у прававым рэчышчы. Пры рабоце ініцыятыўных груп грубых парушэнняў у прававым плане таксама не назіралася. Намаганні ўлады, як заўжды, накіраваны на тое, каб арганізаваць выбары адкрыта і гарантаваць свабоднае волевыяўленне грамадзян.
— Юрый Аляксандравіч, ці заўважылі Вы нейкія адметнасці ў ходзе цяперашняй выбарчай кампаніі?
— Трэба адзначыць, прававы статус і ўлады, і насельніцтва, якое будзе прымаць удзел у выбарах кіраўніка нашай дзяржавы, вельмі вырас у параўнанні з ранейшымі прэзідэнцкімі выбарамі і парламенцкімі.
Як вядома, штаб-кватэра СНД знаходзіцца ў Беларусі, якая, а таксама дзеючы Кіраўнік краіны А.Р.Лукашэнка задае тон у вызначэнні прававых норм, пытанняў, выносімых на савет кіраўнікоў урадаў, дзяржаў, выступае ініцыятарам многіх праграм.
Важна, што Беларусь з’яўляецца прыкладам для многіх дзяржаў у правядзенні выбараў, у нас захоўваюцца ўсе дэмакратычныя, прававыя нормы, у тым ліку і міжнародныя.
Думаю, што і ў далейшым гэтак жа па-дзелавому, у межах прававога поля будзе праходзіць выбарчая кампанія, і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, маючыя права ўдзельнічаць у выбарах, памяркоўна і ўсвядомлена аддадуць свае галасы за выбранага імі кандыдата, які здольны ўзначаліць нашу Рэспубліку Беларусь у якасці Прэзідэнта.
Думаю, што гэтыя выбары стануць эталонам для іншых дзяржаў.
Гутарыла Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.