З удзячнасцю працаўнікам вёскі

Па традыцыі, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці мы падводзім вынікі сельскагаспадарчага года, называем лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна.
Наш субяседнік — першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.В.Осіпаў.

— Аляксандр Васільевіч, заканамерна, што сяльчане адзначаюць сваё прафесійнае свята ў канцы лістапада, калі завершаны ўсе работы па ўборцы ўраджаю. Якіх паказчыкаў удалося дасягнуць па выніках сёлетняй уборачнай кампаніі? Якія сельгасарганізацыі сталі яе лідэрамі?
— Нягледзячы на складаныя пагодныя ўмовы гэтага года, працаўнікі аграпрамысловага комплексу раёна падышлі да свайго прафесійнага свята з неблагімі паказчыкамі.
Згодна вынікаў сёлетняга жніва, атрымана 52463 тоны збожжа, ураджайнасць склала 35,8 цэнтнера з гектара (па вобласці — 33,8 ц/га). Пад дзяржзаказ адгружана 12276 тон збожжа — гэта 126 % да задання.
Ураджайнасць рапсу склала 23,6 ц/га, другога беларускага хлеба — бульбы — 266 ц/га.
Працаўнікамі раслінаводчай галіны раёна атрымана 854 тоны льновалакна, 27641 тоны цукровых буракоў, 8740 тоны агародніны закрытага і адкрытага грунту.
Найбольшых поспехаў ва ўборачнай кампаніі гэтага года дабіліся працаўнікі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага: ураджайнасць збожжавых тут склала 50,6 ц/га; бульбы — 286 ц/га; рапсу — 33,6 ц/га; агародніны адкрытага грунту — 428 ц/га. У СВК “Чырвоны баец” і ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» ўраджайнасць збожжа склала адпаведна па 40,1 і 39,2 ц/га. Па 24 ц/га рапсу намалацілі ў СВК Чырвоны баец”, СВК “Добасна-агра”, РУП “Жылічы”.
Ужо сёлета закладзена аснова будучага ўраджаю: сяўба азімых збожжавых и рапсу была праведзена на высокім агратэхнічным узроўні і ў аптымальныя тэрміны. У дадзены перыяд у гаспадарках вядуцца работы па вывазцы і ўнясенні мінеральных і арганічных угнаенняў.
Напярэдадні свята хочацца адзначыць працаўнікоў, якія ўнеслі дастойны ўклад у агульную справу падчас пасяўной кампаніі і на ўборцы ўраджаю-2010. На сяўбе яравых культур: У.М.Лебедзеў з СВК “Калгас “Ніва”, Я.М. Патапаў з СВК “Калгас “Свярдлова”, Р.П.Канавалаў з РУП “Жылічы”, Г.А. Волас з СВК “Калгас “Беларусь”, К.К.Пятруша з ААТ “Кіраўск-Лён”, У.Д.Комар з ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
На ўборцы ўраджаю 2010 года тысячны рубеж па намалоце збожжа дасягнулі 17 экіпажаў, больш тысячы тон перавезлі 19 вадзіцеляў. Найбольш важкія рэзультаты — на рахунку экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў у саставе А.М.Бяляўскага і Я.А.Манько, А.С.Міхалькова і І.В.Лучыны з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, В.В.Дырыкава з СВК “Чырвоны баец”, М.В.Галомзіка і М.С.Куляновіча з СВК Добасна-агра”, У.Д. Комара і Д.У.Комара з РАПЗ, А.С.Петранкова і М.А.Котава з СВК “Калгас “Ніва”.
Старанна шчыравалі на адвозцы збожжа вадзіцелі аўтамашын Я.А.Скрыпуноў з СВК “Калгас “Беларусь”, Д.Л.Багамолаў і Г.Н.Гукаў з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, А.В. Котаў з СВК “Калгас “Ніва”.
Добрасумленна працавалі машыністы зернесушыльных комплексаў А.П.Еўдакімаў, А.І.Ліс, С.С.Каранкевіч з СВК “Калгас “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, Д.А.Папкоў, В.А.Сулімскі, В.М. Манін з РАПТЗ.
Неабходна адзначыць і важкі ўклад кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый — пад іх кіраў-ніцтвам і пры непасрэдным удзеле былі дасягнуты адзначаныя вышэй паказчыкі. Сярод іх — галоўны аграном СВК “Калгас “Ніва” А.Л.Семашкевіч і галоўны інжынер гэтай гаспадаркі В.П.Капцялоў, галоўны аграном СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага А.В.Юркавец, галоўны інжынер СГФ “Чыгірынка” А.М.Цыбульскі і іншыя.
— Мы з Вамі спыніліся на рабоце раслінаводчай галіны. А як ідуць справы ў жывёлаводаў?
— Трэба адзначыць, што сёлета, дзякуючы ўкараненню сучасных тэхналогій вытворчасці малака, сельгасарганізацыі раёна сталі атрымліваць малако сортам “экстра”. Яго на ААТ “Бабушкіна крынка” за 9 месяцаў накіравана 11,6% ад агульнага аб’ёму рэалізацыі, а таксама каля 70% — вышэйшым сортам. Найбольшых поспехаў у вытворчасці малака дабіліся працаўнікі РУП “Беларуснафта-Магілёўнафтапрадукт” СГФ “Чыгірынка” і ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне», дзе прырост малака ў адпаведнасці з аналагічным перыядам мінулага года склаў адпаведна 31,9% і 27,5%.
За студзень — кастрычнік гэтага года сельгасарганізацыі атрымалі 36721 тону малака, сярэдні надой ад каровы склаў 4579 кг, рэалізавана дзяржаве 31734 т (101% да задання).
Вытворчасць мяса склала 4981т (104,2% да ўзроўню 2009 г.), сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і свіней — адпаведна 664 і 551 г. Найбольшых сярэднясутачных прываг удалося дасягнуць жывёлаводам СВК “Чырвоны баец” і “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Адзначым лепшых прадстаўнікоў жывёлагадоўчай галіны раёна: гэта даяркі А.У.Мялешкіна з СВК “Калгас “Ніва”, Н.Ф.Смольская з РАПТЗ, С.М.Пацёмкіна з СВК “Калгас “Беларусь”; аператары на адкорме БРЖ Р.І.Камай з СВК “Чырвоны баец”, Н.Я.Чубаева і В.П.Сяргейчык з СВК “Калгас “Ніва”; цялятніцы па дарошчванню маладняку БРЖ А.М. Чарапуха з РАПТЗ, А.С.Лабанаў і В.У.Маркевіч з РУП “Жылічы”; са спецыялістаў — галоўны заатэхнік А.П. Храпянкоў з СВК “Калгас “Ніва“, загадчык малочна-таварнай фермы “Дваранінавічы” М.І.Пятруша.
— Наколькі трывалая кармавая база створана ў гаспадарках для правядзення зімова-стойлавага перыяду ўтрымання грамадскага пагалоўя жывёлы?
— У раёне пастаянна вядзецца работа па ўдасканаленні кармавой базы ў мэтах павышэння прадуктыўнасці і канкурэнта-здольнасці жывёлагадоўчай галіны. На зімова-стойлавы перыяд 2010-2011 г.г. нарыхтавана для грамадскага пагалоўя 70170 тон кармавых адзінак, травяных кармоў — 108,1% да ўзроўню мінулага года. На адну ўмоўную галаву жывёлы прыходзіцца па 23,3 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што больш леташняга ўзроўню.
На нарыхтоўцы кармоў вылучыліся: У.В.Асос з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, М.В.Бялянаў з СВК “Калгас “Беларусь”, С.Л.Іваноў з СВК “Чырвоны баец”, І.П.Лазаковіч з РАПТЗ.
У цяперашні час сельгасарганізацыі раёна ў мэтах рацыянальнага выкарыстання выдзеленага зернефуражу для грамадскага пагалоўя перапрацоўваюць яго ў камбікармы для ўсіх полаўзроставых груп. На працягу апошніх трох год у гаспадарках раёна нарыхтоўваюцца кармы з паўтарагадовым запасам.
— Бягучы год — завяршаючы год пяцігодкі і рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Аляксандр Васільевіч, давайце напярэдадні свята нагадаем асноўныя вынікі выканання Праграмы ў раёне. Якія змены дзякуючы гэтаму адбыліся ў вытворчай і сацыяльнай сферы вёскі?
— Ставілася мэта стварыць ўмовы для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі, павышэння эфектыўнасці работы сельскагаспадарчага комплексу, росту ўзроўню даходаў сельскага насельніцтва, уладкавання сельскіх тэрыторый. На рэалізацыю мерапрыемстваў Праграмы з усіх крыніц фінансавання накіравана 616 млрд. рублёў, у тым ліку на развіццё сацыяльнай сферы — 58,8 млрд. рублёў, вытворчай — 557,2 млрд. рублёў.
За 2005-2009 г.г. у раёне створана 9 аграгарадкоў з вытворчай, інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктурай у адпаведнасці з дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі па абслугоўванні насель-ніцтва. Набліжаюцца да завяршэння работы па фарміраванні аграгарадка Скрыпліца.
У рамках выканання Праграмы праведзена шырокамаштабная мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне сельскагаспадарчай вытворчасці.
Уведзена ў эксплуатацыю 4 сучасныя зернеачышчальна-сушыльныя комплексы і 5 зернесушылак, пабудавана цяпліца ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага агульнай плошчай 3,2 га з прымяненнем энергазберагаючых тэхналогій.
Уведзена ў дзеянне 6 даільных залаў, праведзены рэканструкцыя, тэхнічнае перааснашчэнне і рамонт 6 малочнатаварных ферм, закуплена сучаснае абсталяванне для аб’ектаў жывёлагадоўлі.
Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №332 пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма на 690 галоў у СВК “Калгас “Ніва”. У цяперашні час вядзецца рэканструкцыя МТФ у СВК “Чырвоны баец”, “Калгас “Беларусь”, комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы ў СВК “Добасна-агра”.
За 2006-2010 г.г. машынна-трактарны парк сельскагаспадарчых арганізацый раёна папоўніўся новымі высокапрадукцыйнымі машынамі і прыладамі, здольнымі сумяшчаць шэраг аперацый па апрацоўцы глебы, збожжаўборачнымі камбайнамі і іншай тэхнікай.
У ходзе рэалізацыі Праграмы асаблівая ўвага надавалася паляпшэнню фінансавага стану арганізацый АПК. Пастаянна вядзецца мэтанакіраваная работа па зніжэнні затратнага механізму, павышэнні рэнтабельнасці вытворчасці. За 2005 г. рэфармавана 5 стратных сельгасарганізацый, за 2008 г. — адна.
Праводзімыя мерапрыемствы дазволілі забяспечыць за 2005-2010 г.г. тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак на ўзроўні 145% (заданне Праграмы), па сельгасарганізацыях —164% (чакаемыя дадзеныя). Па выніках работы за 2006-2010 г.г. чакаецца выкананне задання па вытворчасці збожжа на 107,1%, агародніны — 152,7%, цукровых буракоў — 144,4%, рапсу — 230%, ільновалакна — 102,7%, малака — 103,8%, мяса — 100%.
— З павышэннем эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці за апошнія гады вырасла і заработная плата працаўнікоў вёскі…
— Сацыяльна-эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый, фарміраванне неабходных умоў для жыццезабеспячэння насельніцтва дазволілі палепшыць дабрабыт сяльчан, павысіць узровень іх даходаў. Сярэднямесячная заработная плата за 10 месяцаў месяцаў бягучага года склала 823,8 тыс. рублёў (293 долары ЗША). За перыяд дзеяння Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі рост зарплаты забяспечаны больш чым у 2,5 раза.
На завяршэнне нашай размовы хочацца сардэчна павіншаваць працаўнікоў вёскі, перапрацоўчай прамысловасці, ветэранаў працы з надыходзячым святам, выказаць словы шчырай удзячнасці за іх самаадданую, добрасумленную працу на карысць працвітання раёна і нашай Рэспублікі Беларусь.
Зараз паўсюдна ідзе абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 г.г. Перакананы, што працаўнікі аграпрамысловага комплексу раёна ўпэўнена ўступяць у новую пяцігодку і ўнясуць дастойны ўклад у выкананне намечаных на гэты перыяд рубяжоў!
Размову вяла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.