Збор подпісаў завершаны 29 кастрычніка

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі завяршыўся 29 кастрычніка. Аб гэтым паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
На праверку дакладнасці падпісных лістоў заканадаўствам адводзіцца 10 дзён. Калі ў лістах будзе выяўлена больш за 15 % недакладных подпісаў, то ўсе подпісы, сабраныя ў гэтым раёне, не ўлічваюцца. Калі іх колькасць не перасягне 15 %, інфармацыя будзе перададзена ў абласныя і Мінскую гарадскую выбарчыя камісіі. Да 13 лістапада яны павінны падвесці вынікі па збору подпісаў і прадаставіць у Цэнтрвыбаркам пратаколы з дакладнай колькасцю подпісаў у падтрымку кандыдатаў.
Набліжаецца да завяршэння яшчэ адзін важны этап выбарчай кампаніі — фарміраванне выбарчых камісій (яны павінны быць утвораны да 3 лістапада). 31 кастрычніка быў апошні дзень для вылучэння прадстаўнікоў у склад участковых камісій.
Згодна з патрабаваннямі Выбарчага кодэкса, не менш як адну трэць месц ва ўчастковых камісіях павінны заняць прадстаўнікі партый і грамадскіх аб’яднанняў, не больш за адну трэць — дзяржслужачыя. «Гэтыя патрабаванні выконваліся і на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у пачатку бягучага года. Няма сумненняў, што яны будуць захаваны і цяпер», — сказаў Мікалай Лазавік. Хоць, паводле яго слоў, некаторыя кіраўнікі партый лічаць, што пры фарміраванні ўчастковых камісій прыярытэт трэба аддаваць вылучэнцам ад палітычных партый. «Але такога патрабавання ў выбарчым заканадаўстве няма. Традыцыйна асноўную частку камісій складаюць прадстаўнікі буйнейшых грамадскіх аб’яднанняў — прафсаюзаў, маладзёжных, ветэранскіх, жаночых арганізацый. Менавіта яны ў сваіх радах аб’ядноўваюць сотні тысяч выбаршчыкаў, у той час як некаторыя палітычныя партыі налічваюць не больш за некалькі тысяч чалавек», — растлумачыў сакратар Цэнтрвыбаркама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.