Жыліцкі палац: учора, сёння, заўтра…

Цікава было б паназіраць за выразам твару пана Булгака, калі б ён убачыў Жыліцкі палац пасля рэстаўрацыі, прагуляўся па яго адноўленых калідорах і залах. Але, на жаль, час павярнуць назад немагчыма, таму мы можам толькі здагадвацца, што сказаў бы былы ўладар маёнтка.
З першага погляду палац здзіўляе сваімі памерамі. Яго плошча складае 4 тыс. квадратных метраў! Шляхціч Булгак жадаў пабудаваць рэзідэнцыю, якая зацьміла б сабой усе папярэднія сядзібы Беларусі, і гэта ажыццявіць яму ўдалося. Пан займаўся бізнесам: трымаў крухмальны завод, а выпускаемы ім цукар быў вядомы ва ўсёй Еўропе, таму і грошай хапала на здзяйсненне мараў.
На здымку: панарама праводзімых у Жыліцкім палацы работ: адрэстаўрыравана левае крыло будынка.

Будаўніцтва палаца пачалося ў 1825 годзе і працягвалася да пачатку ХХ стагоддзя.
У адным бакавым крыле быў пабудаваны касцёл, у другім — аранжарэя, якая, на жаль, не захавалася. Вялікую ўвагу гаспадар надаваў музыцы. Таму ўсе памяшканні палаца вылучаюцца выключнай акустыкай.
Практычна адразу пасля завяршэння будаўніцтва Ігнацій Булгак памёр, а яго сын Эдгар сям’ёй не абзавёўся. У яго былі палацы ў Пецярбургу, Варшаве і Парыжы, менавіта там ён і працягваў весці бацькоўскія справы. Але кожнае лета Эдгар праводзіў у Жылічах.
Калі перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй пачаліся народныя хваляванні, палац апусцеў. У гістарычных звестках пацвярджэння таго, куды выехалі гаспадары, няма.
У 20-я гады ў былым панскім маёнтку размясцілася школа рабочай моладзі, у 30-я — сельгастэхнікум. Падчас другой сусветнай вайны фашысты ператварылі Жыліцкі палац у шпіталь. А частку парка — у могілкі, дзе хавалі памёршых нямецкіх салдат. На першым паверсе палаца вайскоўцы зрабілі засекі для захоўвання збожжа. На другім размясціўся гарнізон.
Зараз аб знаходжанні ў палацы фашысцкіх войскаў нішто не нагадвае. Нават могілкі пасля вайны ўзаралі.
Да нашых дзён палац «дажыў» дзякуючы касметычным рамонтам, якія рэгулярна рабілі працуючыя ў ім людзі, ды і ў цэлым час не пашкадаваў гэты гістарычны помнік.
Работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі палаца пачаліся ў сакавіку мінулага года і актыўна працягваюцца зараз. На бягучы год для выканання запланаваных работ было выдзелена 3980 млн. руб., у тым ліку за кошт дзяржаўнай інавацыйнай праграмы — 1990 млн.руб. і столькі ж з абласнога бюджэту.
Займаюцца аднаўленнем гістарычнага помніка архітэктуры спецыялісты Магілёўскага ЗАТ «Будпраектінвест», рэстаўрацыйная работа якіх вядомая па ўсёй Беларусі: гэта палац Пацёмкіна ў Крычаве, чыгуначны і аўтобусны вакзалы ў г.Магілёве і інш. Пад умелым кіраўніцтвам прараба В.М.Навойчыка працуюць 25 чалавек, у тым ліку некалькі жылічан.
На сённяшні дзень практычна скончаны рэстаўрацыйныя работы паўночна-заходняга корпуса, у якім да размяшчалася дзіцячая школа мастацтваў. Таму, верагодна, зусім хутка ў сценах палаца зноў пальюцца цудоўныя гукі музыкі, і будзе чутны звонкі дзіцячы смех.
Але да поўнага аднаўлення будынка яшчэ далёка: наперадзе —другая, трэцяя чарга і будаўніцтва аранжарэі — на ўсё вызначана 6 год. Брыгада пакуль з заданнем спраўляецца на выдатна. Ужо зроблены каналізацыя, водаправод, цеплатраса, падведзена асвятленне (па ўсім перыметры двара будуць стаяць сучасныя ліхтары, стылізаваныя пад старасвецкі стыль), заменены вокны: яны з драўлянымі рамамі і шклопакетамі, зімой ў палацы будзе цёпла.
Паралельна з рэканструкцыяй палаца вядзецца экскурсійная дзейнасць (прыязджаюць сем’і, дэлегацыі арганізацый і прадпрыемстваў; турфірмы Бабруйска ўключаюць Жыліцкі палац у свае маршруты) і навукова-даследчая работа. Яна падчас рамонту набыла асаблівую актуальнасць — будаўнікі часта знаходзяць цагліны з клеймамі розных старадаўніх цагельных заводаў (адна такая цагліна была знойдзена падчас нашага візіту ў палац), бытавыя прылады і нават знайшлі мармурную пліту, праўда, пакуль невядома, з якой мэтай яе выкарыстоўвалі.
Важная задача для ўсіх нас — захаваць сваю гісторыю, каб нашы нашчадкі маглі смела называць сябе беларусамі са сваёй, беларускай, гісторыяй.
Сяргей Аўсянік.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.