Аб дзяржаўнай сацыяльнай падтрымцы

На базе рэдакцыі была праведзена “прамая тэлефонная лінія” па пытаннях прадастаўлення льгот і гарантый інвалідам, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. На тэлефонныя званкі адказвалі: галоўны спецыяліст па сацыяльных пытаннях упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І.А.Пятроўская, дырэктар раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л.А.Дарошка, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Л.М.Лукановіч, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы І.М.Карніцкая.
Трое тэлефанаваўшых на “прамую лінію”: кіраўчанкі В.І.Бяляцкая, Я.Л.Мароз, Л.М.Бяляўская — выказалі ўдзячнасць раённай арганізацыі таварыства інвалідаў і, у прыватнасці, яе кіраўніку Л.М.Лукановіч — за чулыя і ўважлівыя адносіны да іх родных — інвалідаў, канкрэтную дапамогу і падтрымку. Як адзначылі жанчыны, без увагі цяжка хворыя іх родныя людзі ніколі не заставаліся: і добрым, спагадлівым словам, і справай дапамагала Л.М.Лукановіч, дастаўляючы памперсы, пялёнкі, прадастаўленыя спонсарскімі структурамі. Тэлефанаваўшыя заўважылі, што менавіта такія людзі, шчырыя душой, павінны працаваць у такіх арганізацыях, як таварыства інвалідаў.
— Якая дзяржаўная сацыяльная дапамога аказана інвалідам у раёне сёлета?
Т.Бяляўская, г.Кіраўск.
— Матэрыяльная дапамога з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь аказана 63 інвалідам на суму 8,3 млн. рублёў. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2009 года № 458 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе” дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе сацыяльнай дапамогі на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі назначана 28 інвалідам 3-й групы на суму 10,2 млн. рублёў. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі назначана 10 адзінокім інвалідам на суму 3,2 млн. рублёў.
З пачатку бягучага года 28 інвалідаў 2-й групы забяспечаны інваліднымі крэсламі-каляскамі.
На “прамой лініі”
дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.