Гадзіннік як прыкмета стылю і часу

У музеі Жыліцкага палаца-паркавага ансамбля працуе выстава гадзіннікаў. Самым «старажытным» з экспанатаў — паўстагоддзя. Пагадзіцеся, гэта не так і мала…
Што такое час? Адказ на гэтае пытанне шукае не адно пакаленне філосафаў, астраномаў, фізікаў, гісторыкаў. І кожнай эпосе ўласціва сваё ўяўленне аб яго прыродзе і спосабах вызначэння. А галоўным вымяральным прыборам яго, бясспрэчна, з’яўляецца гадзіннік.
Некаторыя працягваюць лічыць, што гэта ўсяго толькі жыццёва неабходная прылада. У пэўнай ступені яны правыя, але цалкам пагадзіцца з імі нельга. У розны час гадзіннікі з’яўляліся і прадметамі інтэр’еру, і ўпрыгожваннем, якое вызначала прэстыж іх уладальніка. А што датычыцца форм, дызайну корпусу, то тут фантазія майстроў проста бязмежная. Апісаць усю прыгажосць гадзіннікаў, сярод якіх ёсць сапраўдныя творы мастацтва — немагчыма.
За шматвекавую гісторыю чалавецтва гадзіннікі прайшлі вялікі шлях мадэрнізацыі: сонечныя, вадзяныя, агнявыя, пясочныя, механічныя, электрычныя, электронныя, а яшчэ наручныя, шахматныя… Працягваць можна бясконца. Але, як гаворыцца, лепш адзін раз пабачыць…
Так што, спяшайцеся на выставу.
— Дарэчы, наша выстава цікавая яшчэ і тым, — гаворыць дырэктар музея Л.В.Забелава, — што ўсе экспанаты сабраны ў нашым раёне. Ідэя яе стварэння ўзнікла ў работнікаў музея ўжо даўно, не хапала толькі самага галоўнага — гадзіннікаў. І вось, за некалькі год, у нас сабралася больш за 100 экспанатаў, якія мы храналагічна падзялілі. У нас можна пабачыць наручныя гадзіннікі ад розных вытворцаў — насценныя, камінныя, якія больш падобныя на невялікія скульптуры і інш. Маюцца ў экспазіцыі і эксклюзіўныя экспанаты — гадзіннікі вядомых сусветных брэндаў «Frank Muller», «Rolex».
Да 31 студзеня кожны жадаючы можа прыехаць у Жыліцкі палац і наведаць гэтую выставу, а мы, супрацоўнікі музея, з радасцю раскажам аб гісторыі сабраных экспанатаў.
Дададзім яшчэ, што выставу можна папаўняць, калі ў вас захаваліся цікавыя гадзіннікі.
Сяргей АЎСЯНІК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.