Кіраўшчына: свядомы выбар

Арганізавана, зладжана, адкрыта, пры высокай яўцы выбаршчыкаў прайшло 19 снежня ў нашым раёне галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Жыхары Кіраўшчыны прадэманстравалі сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, неабыякавасць да таго, хто будзе знаходзіцца на вышэйшым дзяржаўным пасту, як далей будзе развівацца наша дзяржава, а таксама адказнасць за яе будучыню. І тыя, з кім давялося размаўляць, адзначалі, што прагаласавалі за стабільнасць, дабрабыт і працвітанне, з якімі звязваюць асобу дзеючага Прэзідэнта.
Традыцыйна разам з сям’ёй прыйшоў на Кіраўскі ўчастак для галасавання №3, размешчаны ў гімназіі, старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Пасля таго, як кіраўнік раёна апусціў бюлетэнь у урну для галасавання, мы папрасілі яго падзяліцца сваімі ўражаннямі:
— Выбары — вельмі адказнае мерапрыемства, а тым больш — выбары Прэзідэнта: гэта знакавая падзея для кожнага беларуса, кожнага грамадзяніна, для маёй сям’і ў тым ліку. Настрой у нас святочны, як і ва ўсіх кіраўчан. Завяршаюцца год, пяцігодка, раён падыходзіць да іх фінішу з добрымі вынікамі, у чым заслуга працоўных калектываў, — гэтыя здабыткі даюць падставу мець усім прыўзняты настрой.
— Гэтыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — працягваў далей У.У.Піскіжаў, — па сваёй дэмакратычнасці беспрэцэдэнтныя: 10 кандыдатаў вылучана на вышэйшы дзяржаўны пост, такога ніколі не было ў гісторыі Беларусі. У гэтай сітуацыі, лічу, выбар кожнага павінен быць вельмі ўсвядомленым і адказным. Я назіраў, як праходзіла датэрміновае галасаванне, і сёння бачу, што яўка выбаршчыкаў высокая, людзі з задавальненнем прыходзяць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі — грамадзянская пазіцыя ў кожнага актыўная. І я ўпэўнены, што кіраўчане зробяць правільны выбар на карысць далейшага працвітання нашай рэспублікі.
У ліку першых выбаршчыкаў прыйшоў на ўчастак №3 ветэран Вялікай Айчыннай вайны А.К.Шумілаў і, прагаласаваўшы, адзначыў, што настрой у яго добры, а свой голас аддаў за А.Р.Лукашэнку. Аркадзь Канстанцінавіч цэніць клопат дзяржавы аб ветэранах, пенсіянерах, а таксама жадае шчаслівай, мірнай будучыні сваім шасцярым унукам, двум праўнукам і ўсяму маладому пакаленню.
Ажыўлена было і на Кіраўскім участку для галасавання №1, знаходзячымся ў фае другога паверха раённага Дома культуры. Яшчэ знізу да нас даляцелі гукі музыкі: якраз у гэты момант перад выбаршчыкамі з канцэртам выступалі вучні Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, культработнікі, яшчэ больш узнімаючы святочны настрой.
Як адзначыў старшыня ўчастковай камісіі В.П.Ставер, у іх у спісе выбаршчыкаў 2350 чалавек, з іх 1014 прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні. 13 маладых людзей упершыню прымаюць удзел у галасаванні. Атмасферу на ўчастку ён ахарактарызаваў як спакойную, урачыстую, людзі з ахвотай і добрым настроем прыходзяць галасаваць.
Далей рэдакцыя наведала Баравіцкі ўчастак для галасавання №19. Тут таксама была спакойная, дзелавая атмасфера. У якасці назіральніка на ўчастку працаваў старшыня СВК “Бераснёўскі “ В.Б Таркан.
Зрабіць свой выбар у гэты дзень мелі магчымасць і жыхары аддаленых, маланаселеных вёсак раёна.
Згодна паступіўшых просьбаў выбаршчыкаў, якія па стане здароўя не маглі прыйсці ў памяшканне для галасавання, было арганізавана галасаванне па месцы іх знаходжання: з урнамі да іх выехалі члены ўчастковых камісій. Так, у в.Боркі разам з прадстаўнікамі ўчастковай камісіі Шалаёўскага ўчастка для галасавання №22 мы наведалі дома ветэрана Вялікай Айчыннай вайны У.А.Варанчукова. У гасцінным доме бацькоў у гэты дзень сабраліся дзеці, унукі ветэрана. Уладзімір Андрэевіч заявіў, што аддаў свой голас за дзеючага Прэзідэнта: маўляў, да ветэранаў і ўвогуле пажылых людзей адносіны чулыя і ўважлівыя, намечаныя на наступную пяцігодку планы даюць падставу думаць, што, сумленна працуючы, беларусы даб’юцца яшчэ больш важкіх поспехаў.
Як адзначыла сакратар участковай камісіі А.М. Сідарэнка, на іх участку ўсяго па спісе 259 выбаршчыкаў, датэрмінова прагаласавала 83. У Борках 36 чалавек унесены ў спісы выбаршчыкаў, тут у асноўным пражываюць састарэлыя людзі, таму 23 жыхары звярнуліся ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы іх знаходжання, што і было зроблена.
Падчас наведвання супрацоўнікамі рэдакцыі Борак сюды прыбыў назіральнік ад місіі СНД А.К.Есаналіеў (Рэспубліка Казахстан) у суправаджэнні намесніка старшыні райвыканкама В.У.Гаршковай. Замежны госць агледзеў мемарыяльны комплекс, аддаў даніну памяці загінуўшым, усклаўшы кветкі да Сцяны памяці спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Магілёўскай вобласці.
А ўвогуле ў раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было акрэдытавана 9 назіральнікаў, у тым ліку доўгатэрміновыя міжнародныя назіральнікі са Швейцарыі і Ірландыі, кароткатэрміновыя — з ЗША, Нарвегіі, назіральнікі ад місіі СНД, і ўсе актыўна працавалі на ўчастках для галасавання раёна.
Цэнтрам, куды накіроўвалася інфармацыя аб ходзе галасавання і які каардынаваў усю работу падчас выбараў, была, безумоўна, раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размешчаная ў райвыканкаме.
Яе старшыня А.М. Леановіч раніцай у панядзелак паведаміла рэдакцыі, што 100-працэнтную яўку прадэманстравалі выбаршчыкі на Гарадзецкім і Дабрыцкім участках для галасавання, высокай была яўка на Барсукоўскім, Паўлавіцкім, Хвайніцкім, Барчыцкім, Чыгірынскім, Мышкавіцкім, Дабаснянскім, трох Кіраўскіх і іншых участках для галасавання.
Кіраўшчына зрабіла свой свядомы выбар, як і ўся краіна, — на карысць дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА
і Віктара СТАВЕРА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.