Навагодняя казка пад знакам дабрыні і святла

Новы год — гэта самае чароўнае свята, якое з нецярпеннем чакаюць як дзеці, так і дарослыя. Першыя — каб сустрэцца з неверагоднымі цудамі і нечаканасцямі, атрымаць падарункі, а апошнія — каб іх дарыць, а таксама ствараць хлопчыкам і дзяўчынкам атмасферу радасці, весялосці, незабыўных уражанняў.
Вось і ўчора на базе Мышкавіцкага сельскага Дома культуры адбылося раённае дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам членаў райвыканкама. На яго сабраліся пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, рабяты, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выхаванцы Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку.
Парадавацца за сваіх выхаванцаў і дзяцей прыехалі настаўнікі і бацькі, бабулі і дзядулі. Падвоз усіх удзельнікаў святочнага мерапрыемства быў арганізаваны транспартам аддзела адукацыі райвыканкама. Наогул, мясцовы ачаг культуры ў гэты дзень быў перапоўнены.
Спачатку ўсе прысутныя сабраліся ва ўпрыгожанай глядзельнай зале. З віншаваннямі да дзяцей і дарослых звярнуліся: старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч. Яны пажадалі хлопчыкам і дзяўчынкам выдатнага настрою, спаўнення ўсіх мараў і жаданняў, каб іх дзяцінства было шчаслівым і бесклапотным.
Было адзначана, што нашы дзеці эрудзіраваныя, фізічна развітыя, ім па сіле дасягненне новых і новых вяршынь, выказана ўпэўненасць у тым, што ў далейшым нашы юнакі і дзяўчаты стануць дастойнымі патрыётамі сваёй Радзімы.
Ад імя ўсіх вучняў раёна У.У.Піскіжаву і Н.А. Каранкевіч былі ўручаны сувеніры, зробленыя рукамі хлопчыкаў і дзяўчынак.
Для дзецей і дарослых было паказана святочнае прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, іншых казачных персанажаў.
Затым Дзед Мароз запрасіў усіх прысутных у фае Дома культуры, дзе працягвалася святочнае гулянне. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з членамі райвыканкама, казачнымі персанажамі вадзілі карагоды вакол прыгажуні-елкі. Тут была наладжана цікавая забаўляльная праграма, праводзіліся шматлікія конкурсы. Таксама працавалі атракцыёны «Чароўная елка», «Казачны шацёр», «Атрымай прыз» і інш. Дзед Мароз частаваў усіх цукеркамі, актыўных удзельнікаў конкурсаў заахвочваў сувенірамі.
Усе рабяты атрымалі салодкія падарункі, якія прадаставіў райвыканкам, а таксама прадпрыемствы, арганізацыі, сельгаспрадпрыемствы, у якіх працуюць бацькі дзяцей, запрошаных на навагодняе свята. Прадаставілі падарункі і прадпрымальнікі М.А. Дрозд, А.В.Лазаковіч, Т.В.Лыза, А.М.Падашэўскі.
Супрацоўнікі раённага Цэнтра пазашкольнай работы ў фае Дома культуры наладзілі продаж сувеніраў, вырабленых рукамі наведвальнікаў гурткоў, а таксама арганізавалі бяспройгрышную латарэю.
На працягу дзвюх гадзін у сельскім Доме культуры гучала музыка, чуўся вясёлы дзіцячы смех, вочы хлопчыкаў і дзяўчынак свяціліся радасцю, а дарослыя з замілаваннем любаваліся ўсімі дзецьмі.
Таццяна
БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.