Не зніжаць набраных тэмпаў!

Вынікі, атрыманыя жывёлаводамі СГФ “Чыгірынка” ў бягучым годзе, нас радуюць. За 10 месяцаў надоена 16519 цэнтнераў малака, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года складае 131,9%. Уся рэалізаваная дзяржаве прадукцыя, а гэта 14693 цэнтнеры, — вышэйшага гатунку. Гэта — рэзультат строгага кантролю за ўсім тэхналагічным працэсам. Акрамя стараннасці і добрасуменнасці даярак, збалансаванага кармлення, станоўчую ролю адыгрывае і работа малочнай лабараторыі, якая аснашчана сучаснымі вымяральнымі прыборамі.
На здымку: ладзяцца справы ў лепшага аператара машыннага даення кароў Н.С.Бальцэвіч.

На ферме ўтрымліваецца 1257 галоў жывёлы, у тым ліку 385 кароў. Дойны статак размяшчаецца ў 3 кароўніках. На зімова-стойлавы перыяд назапашана дастатковая колькасць якасных кармоў. Да таго ж, для рознага ўзросту жывёлы набываюцца канцэнтраты, неабходныя мінеральныя дабаўкі, якімі аздабліваецца свой размол зерня. Дарэчы, зараз кожная рагуля атрымлівае ў сярэднім па 16-17 цэнтнераў кармавых адзінак.
За 10 месяцаў надоена на карову па 4067 кілаграмаў малака. Усе 10 даярак прыкладаюць максімум намаганняў, каб не зніжаць сярэднясутачных надояў, а сёння ад кожнай каровы яны атрымліваюць па 14 кілаграмаў (прыбаўка складае 0,3 кг).
На належным узроўні ў гаспадарцы наладжана племянная работа. Вядзецца пастаянны кантроль за ўзнаўленнем дойнага статка высока-прадуктыўным пагалоўем: з групы раздою выдзяляюцца толькі тыя каровы, якія даюць не менш 10 кілаграмаў малака. Праз кожныя 10 дзён праводзяцца кантрольныя дойкі. І калі рагуля павялічвае колькасць малака, ёй у рацыён дабаўляюць адпаведна і канцэнтраты.
Стараннасцю на раздоі вызначаецца даярка Аксана Брага. У яе групе лепшая захаванасць цялят. Пры неабходнасці, калі, напрыклад, нейкае з іх захварэе, жанчына стараецца выхадзіць яго. Да яе ідуць за парадай іншыя даяркі, і нікому яна не адмовіць у дапамозе.
Нядрэнныя вынікі і на дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Хочацца адзначыць старанную працу жывёлаводаў Тамары Гаўрылавай, Таццяны Карпавай. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 678 грамаў (108,8%), за 10 месяцаў пастаўлена дзяржаве 928 цэнтнераў мяса (114%).
Наогул, калектыў жывёлаводаў падабраўся дружны, зладжаны. У нас на высокім узроўні тэхналагічная і выканальніцкая дысцыпліна.
Адчувальны клопат аб работніках праяўляе кіраўніцтва гаспадаркі, стварае ім належныя ўмовы для працы і адпачынку. А яны ў сваю чаргу адказваюць стараннай працай, утрымліваюць у парадку малочнатаварную ферму і тэрыторыю вакол яе.
Кожны дзень кіраўнік гаспадаркі І.У.Кузняцоў наведваецца на ферму, цікавіцца ў жывёлаводаў справамі. І што вельмі важна: забяспечвае своечасовае ўхіленне недахопаў. Такіх адносін да даручанай справы патрабуе і ад працаўнікоў.
Радуе той факт, што кіраўнік гаспадаркі жыве праблемамі сяльчан: кожнага вяскоўца выслухае, у абавязковым парадку прыйдзе на дапамогу. Мы своечасова атрымліваем заработную плату, а яна ў нас даволі высокая, за старанную працу выдаюцца прэміі.
Да кожнага свята мы наладжваем цікавую праграму, за кубкам гарачага чаю з тортам вядзем зацікаўленую размову. Гэта яшчэ больш нас збліжае, дапамагае своечасова вырашаць надзённыя пытанні.
На бягучы зімова-стойлавы перыяд перад нашым калектывам пастаўлена задача не знізіць набраных тэмпаў, дабівацца лепшых паказчыкаў. Думаю, што з гэтым мы справімся.
Любоў КОРЗУН,
вядучы заатэхнік
СГФ “Чыгірынка”
РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафта-прадукт”.
Фота Сяргея АЎСЯНІКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.