Першае месца — без праблем!

У занальным аглядзе-конкурсе агітбрыгад Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных (БМГАВП), які праходзіў у канцы лістапада ў г.Бабруйску, каманда “Няма праблем” гімназіі г.Кіраўска заняла першае месца.
Удзел у такіх конкурсах, без сумнення — адзін з самых запамінальных момантаў школьнага жыцця. За кулісамі — хваляванне і мітусня, а ў глядзельнай зале — зацікаўленыя твары сяброў, аднадумцаў і прыхільнікаў гэтага маладзёжнага руху з іншых навучальных устаноў і раёнаў.
У аглядзе-конкурсе прымалі ўдзел 6 каманд з г.Бабруйска і Бабруйскага раёна, Асіповіч, Клічава, Глускага раёна і Кіраўска. Рабяты не толькі дэманстравалі свае веды асноў бяспекі жыццядзейнасці, але і прымушалі іншых задумацца пра неабходнасць выканання элементарных супрацьпажарных правілаў.
Праграма спаборніцтваў складалася з трох конкурсаў: відэапрэзентацыі “Новае пакаленне выбірае БМГАВП”, прадстаўлення відэароліка сацыяльнай скіраванасці і паказу музычна-тэатралізаванага прадстаўлення “Моладзь — за бяспечнасць!”
Варта адзначыць, што ўсе прадстаўленыя на конкурс відэаматэрыялы былі падрыхтаваны з творчым падыходам, заслугоўвалі высокай адзнакі.
Самым жа яркім атрымаўся музычна-тэатралізаваны конкурс. Яго складанасць заключалася ў тым, што ў першую чаргу, ацэньвалася інфармацыйна-прапагандысцкая скіраванасць выступлення. Паказаныя праграмы вызначаліся непаўторнасцю і насычанасцю, дынамізмам. Трэба адзначыць, што гатовы матэрыял пры іх падрыхтоўцы выкарыстаць было немагчыма. А таму давялося творча пераасэнсоўваць змест вядомых казак, песень. Наша каманда, напрыклад, звярнулася да сюжэту папулярнага мультсерыяла “Маша і мядзведзь”, а закончылі рабяты сваё выступленне песняй у рок-стылі, выкананай на беларускай мове.
І вось, нарэшце, доўгачаканы момант абвяшчэння вынікаў спаборніцтваў. У першых дзвюх намінацыях наша каманда “Няма праблем” атрымала дыпломы першай ступені. Наконт трэцяга конкурсу сімпатыі журы раздзяліліся, і толькі з перавагай у паўбала перамога была аддадзена камандзе з Асіповіч. У выніку трэцяе месца ва ўпартай барацьбе дасталося камандзе “Вогнетушыцель” з г.Асіповічы, другое — камандзе “Праметэй” з г.Бабруйска, ну, а на першую прыступку п’едэсталу гонару ўзнялася наша каманда!
Вікторыя КАРАНКЕВІЧ,
старшыня пярвічнай арганізацыі БМГАВП гімназіі г.Кіраўска.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.