Прэс-цэнтр райвыканкама інфармуе

На ўчарашняй расшыранай аператыўнай нарадзе ў райвыканкаме кіраўнік раённай вертыкалі ўлады У.У.Піскіжаў, які з’яўляўся дэлегатам чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, засяродзіў увагу прысутных кіраўнікоў працоўных калектываў на стратэгічных задачах і арыенцірах, вызначаных на наступную пяцігодку на народным форуме.
Старшыня райвыканкама зрабіў акцэнт менавіта на тым, якія кардынальныя змены адбудуцца ў рабоце рэгіёнаў, ацэнцы іх дзейнасці на ўзроўні рэспублікі.
Што актуальна для нашага сельскага раёна, у новай пяцігодцы будзе працягвацца рэалізацыя праграмы развіцця вёскі, але новыя аграгарадкі будавацца не будуць: як адзначыў у сваёй прамове на Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт, на працягу 1,5-2 гадоў будзе праводзіцца “шліфоўка” таго, што было зроблена для забеспячэння выканання паказчыкаў мінімальных сацыяльных стандартаў, павышэння камфортнасці жыцця сельскага насельніцтва.
У Кіраўску, і гэта для развіцця горада вельмі важна, падкрэсліў У.У.Піскіжаў, неабходна забяспечыць тэхналагічны прарыў за кошт стварэння прадпрыемстваў, перш за ўсё, на базе існуючых, а таксама новых вытворчасцей, арыентуючыся на арганізацыю выпуску той прадукцыі, якая імпартуецца. Кіраўнік раёна падзяліўся сваім бачаннем вырашэння гэтых задач.
Аддзелу эканомікі даручана прааналізаваць пералік тавараў, якія ўвозяцца з-за мяжы, вытворчасць якіх па сілах асвоіць у раёне, улічваючы магчымасці крэдытавання праз кітайскія крэдытныя лініі, выдзеленыя нашай рэспубліцы, а таксама кадравы, тэхнічны патэнцыял прамысловых і іншых прадпрыемстваў раёна. Няхай адразу гэта будзе 5-10 вытворчасцей, адзначыў старшыня райвыканкама, але неабходна зрабіць першы крок, каб стаць на шлях інавацыйнага развіцця, як нацэльвае ўсіх Кіраўнік нашай дзяржавы.
Будзе распрацоўвацца і пытанне стварэння новых вытворчасцей на базе камунальных прадпрыемстваў: УКП “Жылкамгас”, “Бытпаслугі”.
Адной з важнейшых задач, сугучнай са стварэннем новых прадпрыемстваў, застанецца стварэнне новых рабочых месц.
У новай пяцігодцы будзе стымулявацца працоўная мабільнасць: перасяленне насельніцтва з вялікіх гарадоў, мегаполісу, для чаго ўзрасце будаўніцтва жылля ў рэгіёнах і, як было сказана на сходзе, палова яго будзе будавацца для сацыяльных патрэб.
Для стымулявання працоўнай мабільнасці, паведаміў У.У.Піскіжаў, ужо прынята рашэнне аб павелічэнні надбавак да заработнай платы маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у сельскія населеныя пункты, у бліжэйшы час гэткае ж рашэнне мяркуецца прыняць у дачыненні малых гарадоў, як наш Кіраўск.
Важнейшай задачай развіцця сацыяльнай сферы на сходзе вызначана стварэнне камфортных умоў пражывання насельніцтва. А стратэгічная мэта нашага развіцця — увайсці ў колькасць першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. У.У.Піскіжаў нагадаў паказчыкі, якія вызначаць узровень і якасць жыцця чалавека: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы і камфортнае жыццё.
Абагульняючы паказчык сацыяльна-эканамічнага развіцця — рост валавога ўнутранага прадукта: значных тэмпаў краіна дасягнула ў мінулай пяцігодцы, на наступную плануецца дасягнуць 162 % — ніжняя планка, 168% — верхняя. Складаная, ам-біцыйная задача, але дзякуючы агульным намаганням яна павінна быць вырашана.
Вельмі важны напрамак дзейнасці — развіццё энергетычнай бяспекі. На Усебеларускім народным сходзе пастаўлена задача пабудаваць у кожным раённым цэнтры цепла-электрастанцыю, а ў цэлым па рэспубліцы 160-170 — з мэтай выкарыстання мясцовых відаў паліва і выпрацоўкі электраэнергіі.
Старшыня райвыканкама спыніўся і на іншых напрамках развіцця рэспублікі, у ліку якіх — стварэнне лякарственнай бяспекі. Застаецца таксама актуальнай работа як па імпартазамяшчэнні, так і нарошчванні экспарту.
А ўвогуле, як адзначыў У.У.Піскіжаў, чацвёрты Усебеларускі народны сход прайшоў нефармальна, кожны ўдзельнік меў магчымасць выказаць сваю пазіцыю, задаць пытанне. На форуме панаваў дзелавы настрой, дэлегаты прыехалі з гатоўнасцю працаваць і прымаць важныя для далейшага развіцця нашай краіны рашэнні.
Згодна зацверджанага старшынёй райвыканкама графіка, дэлегаты чацвёртага Усебеларускага народнага сходу выступаюць у працоўных калектывах раёна, даносяць рашэнні народнага веча да ўсіх працаўнікоў і жыхароў Кіраўшчыны.
У ходзе аператыўнай нарады ў райвыканкаме былі разгледжаны актуальныя для раёна пытанні: аб ходзе выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; аб памерах і своечасовай выплаце заработнай платы ў працоўных калектывах; аб стане спраў у галіне жывёлагадоўлі і іншыя.
Зусім мала часу засталося да Новага года, таму на планёрцы было ўзнята пытанне падрыхтоўкі да гэтага чакаемага ўсімі свята: правядзення дабрачынных акцый, упрыгожвання адміністрацыйных будынкаў, аб’ектаў, наладжвання культурных мерапрыемстваў і змястоўнага спартыўнага адпачынку.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.