Служба дазнання — адказная

Служба дазнання МУС Рэспублікі Беларусь адзначыла 90-годдзе з дня ўтварэння.
У аддзяленні дазнання Кіраўскага РАУС пад кіраўніцтвам капітана міліцыі Л.І.Тарабуева плённа працуюць яшчэ 3 супрацоўнікі. У кампетэнцыю дазнаўцаў уваходзіць папярэджванне, раскрыццё і расследаванне злачынстваў, якія не ўяўляюць сабой значную небяспеку, а гэта — амаль палова ўсіх спраў РАУС.
На здымку: старшы лейтэнант Віталь Котаў.

— Работа са сведкавай базай і доказамі, — гаворыць начальнік аддзялення Л.І.Тарабуеў, — вельмі карпатлівая, напружаная, але і цікавая адначасова. Працягваецца часам да позняга вечара, не заканчваецца і ў выхадныя дні. Супрацоўнікі нашага аддзялення неадкладна выязджаюць у складзе аператыўнай групы на месца злачынства, нясуць асноўную адказнасць за збор неабходных дадзенных, матэрыялаў.
Старшыя лейтэнанты Павел Мартуль і Яўгенія Варапай у аддзяленні з 2009 года і праявілі сябе толькі з лепшага боку. А імкненне працаваць якасна, удасканальваць свае прафесійныя навыкі характарызуюць іх як адказных, перспектыўных спецыялістаў.
Старшы лейтэнант Віталь Котаў у службе дазнання працуе з 2008 года. Спецыялізуецца на расследаванні спраў, якія ўяўляюць асаблівую складанасць у ходзе дазнання. І з кожнай з іх Віталь спраўляецца з поспехам, у вызначаны тэрмін. За бездакорную службу ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністра унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а нядаўна кіраўніцтва РАУС вылучыла яго кандыдатуру на конкурс лепшага дазнаўцы вобласці.
Сяргей АЎСЯНІК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.