У добры шлях, новы комплекс!

Некалькі дзён таму ў працоўным жыцці жывёлаводаў Дваранінавіцкай малочнатаварнай фермы СВК “Чырвоны баец” адбылася радасная падзея: на базе іх аб’екта ўведзены ў строй дзеючых сучасны малочнатаварны комплекс. Да маючыхся на ферме хлявоў дабаві-ліся два новыя і даільная зала, абсталяваная на вышэйшым тэхналагічным узроўні. Дзякуючы гэтаму тут плануюць атрымліваць усё малако гатунку “экстра”, што дасць значны эканамічны эфект.
У сувязі з тым, што большая частка працаёмкіх працэсаў на комплексе аўтаматызанава, зменшылася і патрэбнасць у абслугоўваючым персанале. Але людзей гэта ніколькі не ўсхвалявала, бо для ўсіх прапанаваны новыя рабочыя месцы. А вось падбор кадраў для работы на комплексе праходзіў на конкурснай аснове. Сюды пераведзены лепшыя даяркі малочнатаварнай фермы А.М.Кузьміч, І.М.Булах, Н.В.Навуменка, Г.П.Здункевіч. Гэтыя жанчыны за 11 месяцаў надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы больш чым па 6 тысяч кілаграмаў малака, па ферме гэты паказчык таксама немалы — 5645 кг. Сёлета прададзена дзяржаве 2791 тона якаснага малака.
Поспех жывёлаводаў залежыць ад многіх фактараў: наяўнасці высакаякасных кармоў, стаўлення працаўнікоў да справы, арганізацыі племянной работы і інш.
Каб зімоўка грамадскага статка (у гаспадарцы налічваецца 1567 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 520 кароў) была сытнай, пастараліся механізатары. Яны нарыхтавалі ў дастатковай колькасці сена, сенажу, сіласу, саломы. Да таго ж, быў пераходны запас кармоў з леташняй зімоўкі. Хапае і камбікорму ўласнага прыгатавання.
Для таго, каб комплекс працаваў на поўную магутнасць, тут неабходна размясціць 594 галавы буйной рагатай жывёлы. З маючагася статка ўжо выдзелены 423 высокапрадуктыўныя каровы, а таксама 100 цельных цялушак. Зааветспецыялісты мяркуюць, што пры правільным раздоі першацёлкі змогуць даваць не менш 15 кілаграмаў малака ў суткі.
Праблем з запаўненнем комплексу неабходнай колькасцю дойнага высокапрадуктыўнага пагалоўя не будзе. У параўнанні з леташнім у бягучым годзе павялічаны прыплод кароў: атрымана 648 (супраць 639 у 2009 г.) цялят, а асноўныя расцёлы зараз толькі пачынаюцца.
Для жывёлаводаў створаны добрыя ўмовы працы і адпачынку. Маюцца душавыя, закуплены новыя шафкі для адзення. Усіх працуючых на комплексе, якія пражываюць у іншых населеных пунктах, на работу і дадому дастаўляюць на аўтобусе сельгаспрадпрыемства.
Як адзначыў заатэхнік гаспадаркі В.П.Даніленка, усе стымулы дзейнічаюць станоўча: у іх няма парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. А пра вынікі працы мы ўжо вялі гаворку.
Няхай жа на новым комплексе і паказчыкі будуць яшчэ больш уражваючымі!
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.