Упэўнена глядзець у будучыню

Старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў заўсёды адкрыты і даступны для размовы з жыхарамі раёна: грамадзяне маюць магчымасць выказаць яму свае праблемы, меркаванні, заўвагі, прапановы і прыйшоўшы да яго на прыём у райвыканкам, і звярнуўшыся на “прамую лінію”, і ў ходзе прыёмаў па асабістых пытаннях у населеных пунктах сельсаветаў, і на сустрэчах у працоўных калектывах падчас правядзення адзіных дзён інфармавання. І не ў яго характары і стылі кіраўніцтва “адмахвацца” ад людскіх праблем ці даваць пустыя абяцанні: калі нейкае пытанне магчыма вырашыць, да гэтага будуць прыкладзены ўсе сілы і намаганні, а калі не — чалавеку аб гэтым будзе сказана прама і адкрыта, і рашэнне дакладна абгрунтавана. Да гэтага ў рабоце з грамадзянамі ён заўжды заклікае і кіраўнікоў арганізацый, розных службаў.
На здымку: Размова старшыні райвыканкама У.У.Піскіжава з навучэнцамі ліцэя прадоўжылася і пасля заканчэння сустрэчы.

З шэрагам прапаноў, унесеных працаўнікамі нашага раёна па пытаннях, якія, на іх думку, ёсць патрэба абавязкова вырашыць, едзе на чацвёрты Усебеларускі народны сход дэлегацыя Кіраўшчыны, якую ўзначаліць кіраўнік раённай вертыкалі ўлады: у ліку сямі іншых прадстаўнікоў раёна У.У.Піскіжаў быў аднадушна выбраны ўдзельнікам народнага веча. Аб тым, з якімі думкамі і прапановамі едуць на гэты форум кіраўчане, Уладзімір Уладзіміравіч расказаў днямі падчас сустрэчы з выкладчыкамі і навучэнцамі дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №15.
Кіраўнік раёна заўважыў у сваёй прамове, што, як прадстаўнік інтарэсаў жыхароў Кіраўскага раёна на народным форуме, ён упаўнаважаны і абавязаны даводзіць да ведама працоўных і вучнёўскіх калектываў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі і нашага рэгіёна за адыходзячы пяцігадовы перыяд, знаёміць з рубяжамі, вызначанымі на 2011-2015 г.г., якія прадстаіць прыняць на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе — ад яго рашэнняў залежыць дынаміка далейшага развіцця нашай краіны.
Старшыня райвыканкама расказаў аб дасягненнях раёна за апошнія пяць год у эканоміцы і сацыяльнай сферы, аб тым, як змянілася аблічча вёсак, аб новых, значных для жыхароў Кіраўшчыны аб’ектах.
У прыватнасці, заўважыў ён, значна ўмацаваўся будаўнічы комплекс раёна, у выніку чаго ўзровень забяспечанасці жыллём на сённяшні дзень складае ў сярэднім 36,2 кв. метра на аднаго чалавека — гэта адзін з лепшых паказчыкаў па Магілёўскай вобласці, які дасягнуты дзякуючы штогадоваму росту аб’ёмаў будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю жылля. За бягучую пяцігодку ў раёне планавалася здаць у эксплуатацыю 38,9 тыс. кв. метраў жылля. Мяркуецца гэты паказчык перавыканаць і здаць каля 48-мі тыс. кв. метраў.
Штогадовым прыростам характарызуецца дынаміка аб’ёмаў аказання платных паслуг насельніцтву. Па папярэдніх падліках, тэмп росту платных паслуг за пяцігодку складзе 161,7 % пры прагнозе 153%.
Згодна папярэдніх падлікаў, адзначыў У.У.Піскіжаў, наш раён справіўся з задачамі, вызначанымі на гэтую пяцігодку, а па некаторых параметрах і перавыканаў прагнозныя паказчыкі. І ў гэтым заслуга працоўных калектываў раёна, якія сур’ёзна папрацавалі па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Старшыня райвыканкама адказаў на пытанні ліцэістаў аб прадастаўленні жылля для маладых спецыялістаў, расшырэнні фізкультурна-спартыўнай базы раёна. У сувязі з апошнім зваротам У.У.Піскіжаў праінфармаваў, што на цокальным паверсе раённага Дома культуры завяршаюцца работы па ўладкаванні памяшкання для заняткаў фізкультурай і спортам, якое пачне працаваць у снежні бягучага года.
Далей размова перайшла ў іншае рэчышча, і пры ўдзеле начальніка РАУС А.В.Шункевіча, намесніка старшыні райвыканкама В.У.Гаршковай, дырэктара ліцэя В.С.Панушкова з выкладчыкамі і навучэнцамі былі абмеркаваны шляхі ўдасканальвання прафілактычнай работы па зніжэнні колькасці правапарушэнняў і злачынстваў сярод ліцэістаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.