Я выбіраю «Кіравец»!

Ніна Фёдараўна РУДАК, пенсіянерка:
— “Кіравец” выпісваю і чытаю каля сарака гадоў. У свой час газета выходзіла на чатырох старонках, зараз яна больш аб’ёмная. Я даўно на пенсіі, таму часу хапае, каб прачытаць яе, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі. Мяне пастаянна цікавяць падзеі, якія адбываюцца ў раёне, люблю чытаць замалёўкі аб людзях. Бяру на заметку карысныя парады, рэцэпты.
Калі на старонках газеты змешчаны матэрыялы ці фотаздымкі з камбіната кааператыўнай прамысловасці, дзе я некалі працавала, то гонарам поўніцца сэрца за калектыў, у якога ладзяцца справы. Са старонак “Кіраўца” даведваюся і аб становішчы спраў на кансервавым заводзе, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак.
Асабліва па душы тэматычныя старонкі: “Кіраўск — наша любоў, наша гісторыя”, “Мой родны кут”, “Сям’я”, “Дамашняя мазаіка”. А наогул, у “Кіраўцы” можна знайсці інфармацыю па душы кожнаму: як сталым людзям, так і моладзі.
Па стану здароўя ў апошні час я не магу выходзіць на вуліцу, каб забраць любімае выданне з паштовай скрыні. Улічваючы маё становішча, наш паштальён Н.В.Пархамовіч прыносіць яго прама ў хату, за што я ёй вельмі ўдзячная.
Таму і ў далейшым абавязкова буду выпісваць любімую газету.
Дзякуй «раёнцы» за тое, што яна піша аб людзях і для людзей, удзячнасць тым, хто яе дастаўляе чытачам. Жадаю калектыву “Кіраўца”, каб і ў наступным годзе ў яго было шмат прыхільнікаў!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.