Гарналыжныя трасы ў Сілічах пакарыліся кіраўчанам!

Відавочна, што ў тым, як арганізаваць вольны ад работы час цікава, насычана, з карысцю для здароўя і самаадчування, тон у нашым рэгіёне задаюць кіраўніцтва раёна на чале з У.У.Піскіжавым, работнікі райвыканкама і дэманструюць гэта на ўласным прыкладзе.
Э кскурсіі, розныя спартыўныя спаборніцтвы, турзлёты, паездкі ў спартыўны комплекс “Бабруйск-арэна”, басейн “Лясны” г.Бабруйска — гэта далёка не поўны пералік усяго, што арганізуецца і што можна запісаць у актыў здаровага ладу жыцця. Варта сюды ж дадаць удзел леташняй зімой у абласным спартыўным свяце «Беларуская лыжня-2010”, дзе кіраўская дэлегацыя была самай шматлікай, а балельшчыкі пераўзышлі ўсіх па эмоцыях і шчырасці падтрымкі сваіх лыжнікаў! Запомнілася і паездка ў Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр “Сілічы”. Але тады яна была па колькасці ўдзельнікаў нешматлікай, з’ездзілі, як гаворыцца, “у разведку”. А вось у мінулую нядзелю па ініцыятыве кіраўніка раённай вертыкалі ўлады, пры актыўнай падтрымцы работнікаў райвыканкама, іх сем’яў была наладжана масавая паездка ў Сілічы на двух аўтобусах. Хоць, здавалася б, нядзельнае надвор’е і не спрыяла адпачынку на прыродзе — зранку ішоў дождж — але настрой ва ўсіх быў бадзёрым і аптымістычным, і недарэмна: па прыездзе ў Сілічы капаць з неба перастала, а на заснежаных мясцовых схілах усе ўвогуле забыліся на капрызы надвор’я, настолькі захапілі навакольныя пейзажы і магчымасць суперцікава, суперкарысна і супервесела правесці выхадны дзень.
Занятак па душы знайшоўся для ўсіх кіраўчан. Самыя смелыя і рашучыя ўсталі на горныя лыжы і пакарылі рознай складанасці трасы, гэта У.У. Піскіжаў з сынамі, работнікі райвыканкама С.С.Гаўрылаў, В.У.Глекаў, Н.В.Свяцецкая і іншыя, а таксама прымкнуўшыя да дэлегацыі кіраўнікі раённых структур “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка” А.Г. Лявіцкая, А.М.Горбель з жонкай, начальнік РАУС А.В.Шункевіч…
У дзяцей масу радасных эмоцый выклікала катанне на цюбінгах, на каньках на крытым лядовым катку.
Група кіраўчан адзначылася і на бегавой лыжні: тут, мабыць, не менш, чым на гарналыжных спусках, хапіла адрэналіну: па лёдавай корцы, пакрыўшай трасу, лыжы ляцелі з касмічнай хуткасцю — толькі лавіруй, каб не ўпасці!
Кіраўчане таксама знайшлі час палюбавацца маляўнічым наваколлем, снежнай крэпасцю ля рэстарана “Завіруха”, які шчыра пачаставаў смачнымі стравамі.
Засталося дадаць, што, прыемна стомленыя і вельмі задаволеныя, вярталіся ўсе дадому і выказвалі жаданне аб наладжванні новай паездкі.
Уражанні і эмоцыі падагульніў У.У.Піскіжаў. Ён ад-значыў, што такі адпачынак — гэта здорава і здарова! Адметна, што ўсе паехалі сюды з ахвотай, нікога прымушаць не трэба было, і такі парыў дарагога каштуе! І вельмі цудоўна, заўважыў старшыня райвыканкама, што выехалі ў Сілічы сем’ямі, з дзецьмі — тут рабятам такое раздолле! Безумоўна, падобныя выезды трэба наладжваць і далей, прычым усім арганізацыям.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.