“Навагодні кубак Кіраўшчыны-2011”: нашы — чэмпіёны!

Як мы паведамлялі ўжо, з 26 па 29 снежня мінулага года ў спартыўнай зале Жыліцкага сельгаскаледжа праходзіў традыцыйны міжнародны турнір па валейболе сярод дзявочых каманд. Упершыню пераможцамі турніру сталі юныя кіраўчанкі — валейбалісткі 1997 — 1998 года нараджэння.
Расказаць аб арганізацыі турніру і падзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў ім, перамогі мы папрасілі трэнера ДЮСШ і дзявочай каманды Сяргея ЛАЗАКОВІЧА:

— У пятым традыцыйным турніры “Навагодні кубак Кіраўшчыны” прымалі ўдзел пяць каманд: наша, а таксама з Мінска, Шклова, Віцебска і Маладзечна. Прычым дзве апошнія каманды прыехалі да нас упершыню. Спадзяёмся, што яны стануць традыцыйнымі ўдзельнікамі нашага турніру.
Як і звычайна, усе ўдзельнікі адзначылі добрую арганізацыю спаборніцтваў, цудоўныя ўмовы для пражывання ў інтэрнаце Жыліцкага сельгаскаледжа і на базе адпачынку ў Барсуках.
А мы ў сваю чаргу задаволены ўзроўнем прадэманстраванай нашымі гасцямі гульні.
Практычна ўсе гульні прайшлі ва ўпартай барацьбе. У выніку наша каманда ўпершыню за пяць год стала чэмпіёнам. Тры з чатырох сваіх гульняў нашы дзяўчаты завяршылі з лікам 2:1.
Другое месца заваявала каманда г.Маладзечна. На трэцяй пазіцыі — каманда г.Віцебска.
Хачу адзначыць, што два ігракі нашай каманды былі адзначаны індывідуальнымі прызамі. Кацярына Сушко прызнана лепшым іграком турніру, а Вікторыя Ганчаронак — лепшым нападаючым іграком.
Добрую гульню на пляцоўцы паказала Таццяна Белакурская, якая была прызнана лепшым іграком каманды.
Новы год наша каманда сустрэла з добрым настроем і добрымі спартыўнымі вынікамі.
Зараз мы рыхтуемся да ўдзелу ў міжнародным турніры па валейболе, які ў першыя дні студзеня пройдзе ва Украіне ў г.Белая Царква.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.