Саграваючы адзінокія сэрцы

На абласным конкурсе на званне “Лепшы па прафесіі” сярод сацыяльных работнікаў прадстаўніца нашага раёна Н.І.Ждановіч заняла ганаровае 2-е месца (на здымку).
Настасся Іванаўна стала пераможцай конкурсу невыпадкова: за трынаццаць гадоў, на працягу якіх яна працуе сацыяльным работнікам, жанчына здолела заваяваць аўтарытэт і павагу кіраўніцтва раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, калег, а самае галоўнае — любоў сваіх падапечных. Зараз у яе на абслугоўванні 9 адзінокапражываючых сталых жыхароў а/г Любонічы, а таксама састарэлая жанчына з дачкой-інвалідам з дзяцінства. Да іх Настасся Іванаўна згодна рабочага графіка павінна наведвацца два-тры разы на тыдні, каб выканаць неабходнае кола абавязкаў: прыбраць у доме, а зараз, зімой, расчысціць снег у двары, зрабіць аплату за камунальныя і іншыя паслугі, купіць прадукты і г.д. Але звычайна так ніколі не бывае — падапечныя чакаюць яе заўсёды і з нецярпеннем, і Настасся Іванаўна, не лічачыся з уласным часам, ідзе да іх з задавальненнем. Састарэлыя людзі ўспрымаюць яе як роднага чалавека, а яна не можа пакінуць іх нават у свой выхадны. Часам здараецца так, што камусьці з падапечных тэрмінова патрабуецца купіць лякарствы ці расчысціць ад снегу дарожкі, і тады жанчына абавязкова прыйдзе ім на выручку. А таму ў адрас Настассі Іванаўны пастаянна гучаць словы ўдзячнасці не толькі ад тых, каго яна абслугоўвае, але і ад іх дзяцей, што жывуць у іншых населеных пунктах і не могуць часта прыязджаць у родны дом. Але, калі наведваюць сваіх бацькоў, то сустракаюцца з Настассяй Іванаўнай, абмяркоўваюць з ёй розныя пытанні. Нядаўна ў раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прыйшло пісьмо ад дачкі адной з падапечных Н.І.Ждановіч, якая пражывае ў г.Мінску. “Мы даўно разляцеліся з роднага дома і клічам маці жыць да сябе, — піша жанчына ў сваім пісьме.— Толькі ехаць да нас яна не згаджаецца, бо задаволена тым, як яе даглядае сацыяльны работнік Н.І.Ждановіч. Гэта добрай душы чалавек, спагадлівая і шчырая жанчына. Дзякуй ёй за яе старанныя адносіны да нашай маці”.
— Зразумела, словы ўдзячнасці трэба заслужыць. І вельмі прыемна, калі яны выказваюцца ад душы,— адзначаыла ў размове Н.І.Ждановіч. — А я ў сваю чаргу ўдзячна мужу, які па дарозе на работу абавязкова зайдзе да маіх бабуль і дзядуляў, прынясе вады з калодзежа, наносіць дроў, расчысціць ад снегу дарожкі, а таксама дапамагае мне ўпраўляцца з хатняй гаспадаркай, якая ў нас значная.
Але не думайце, што мне не застаецца работы…
Калі Настасся Іванаўна загаварыла пра свайго мужа, то ў голасе пачулася пяшчота, вочы свяціліся радасцю. Пазнаёмілася з Зігмундам, калі разам з яго сястрой вучылася ў прафтэхвучылішчы ў г.Маладзечна. Малады хлопец прыехаў да сястры на дзень нараджэння, там жа была і Насця. Пасля заканчэння навучальнай установы яна працавала зборшчыкам мікрасхем на заводзе “Інтэграл” у г.Мінску. У хуткім часе маладыя пажаніліся, і дзяўчына паехала за мужам у г.Вільнюс. Там нарадзілася старэйшая дачка Яўгенія, якая зараз вучыцца ў МДУ імя А.А.Куляшова, набывае спецыяльнасць сацыяльнага работніка. Менавіта дачка дапамагла маці тэарэтычна падрыхтавацца да ўдзелу ў абласным конкурсе.
Дваццаць гадоў назад сям’я Ждановічаў пераехала жыць на радзіму Настассі Іванаўны ў Любонічы. Мясцовая гаспадарка, куды муж з жонкай пайшлі на працу, выдзеліла ім катэдж. У Любонічах нарадзілася малодшая дачка Вераніка, якая зараз вучыцца на дызайнера ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. У сям’і пануюць лад і згода, узаемаразуменне і спагада, любоў і пяшчота. Няхай і ў далейшым у іх ладзяцца справы, радуюць поспехі, нязменнай застаецца павага людзей!
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.