15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

У армейскім асяроддзі служба ў пагранвойсках — адна з найбольш прэстыжных. Так было і ў далёкія 80-я гады мінулага стагоддзя. Адбор для праходжання службы на граніцы быў строгім, і туды траплялі лепшыя з лепшых. Так атрымалася і з кіраўчанінам Алегам Ушанковым, які нарадзіўся і вырас у простай працоўнай сям’і ў в. Хамічы.
На сапраўдную службу ў армію гэты высокі і статны юнак прызываўся ў1985 годзе. Трапіў у Сярэдне-Азіяцкую ваенную акругу. Ужо ў дарозе, калі ехалі поездам Масква-Душанбэ, даведаўся, што наперадзе — граніца. Чатыры месяцы праходзіў Алег спецыяльную падрыхтоўку ў Пянджскім пагранічным атрадзе, а потым быў накіраваны ў Афганістан…
Маладое папаўненне адразу трапіла ў зону баявых дзеянняў, нязвыклыя ўмовы спякоты, гарыстай мясцовасці з цяснінамі, серпантынам вузкіх дарог…
Давялося зведаць маладому воіну і горыч страты баявых сяброў: у адной групе з Ушанковым быў Аляксандр Ядлоўскі — адзін з трох загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, выхадцаў з Кіраўшчыны.
Адказна выконваў Алег Ушанкоў свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак, вызначаныя правілы паводзінаў на тэрыторыі сяброўскага Афганістана.
Падчас службы на афганскай зямлі ўступіў баец Ушанкоў у рады Камуністычнай партыі
Бездакорная служба камандзіра БТР, сяржанта А.М. Ушанкова была адзначана Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета СССР, ЦК ВЛКСМ.
Дэмабілізаваўся А.М.Ушанкоў у 1987 годзе, за два гады да вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Калі самалёт, які даставіў іх у Маскву, прызямліўся, былыя салдаты не стрымлівалі слёз: лёсам было наканавана перанесці жорсткія выпрабаванні, вярнуцца жывымі дадому…
На “грамадзянцы”, пасля адпаведнай вучобы, А.М.Ушанкоў пайшоў служыць у органы ўнутраных спраў. Аднак па стане здароўя неўзабаве павінен быў змяніць сферу дзейнасці. Але дзе б потым ні працаваў былы воін-інтэрнацыяналіст, усюды вызначаўся высокай адказнасцю, быў надзейным таварышам.
Зарэкамендаваў Ушанкоў сябе і як добры сем’янін, клапатлівы бацька і любячы муж, старанны гаспадар.
А Афган тым часам не забываецца. Алег Мікалаевіч падтрымлівае сувязь з былымі аднапалчанамі. На памяць аб апаленай вайной маладосці застаўся армейкі фотаальбом і часопіс “Пагранічнік” №11 за кастрычнік 1986 года, на кожнай старонцы якога паверх тэксту напісаны пажаданні і адрасы рабят-саслужыўцаў перад выхадам на дзембель…
Людміла ЛУКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.