21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Мова продкаў — гэта наша багацце, наша жывая спадчына, тое, што павінна вылучаць нас сярод іншых народаў свету.
На здымку: Таццяна Іванаўна Бяляўская з вучнямі 5 «А» класа гімназіі горада Кіраўска.

Такім прынцыпам у рабоце і жыцці карыстаецца выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі г.Кіраўска Т.І.Бяляўская.
Калі ў 1992 годзе Таццяна Бяляўская была выпускніцай СШ №1 райцэнтра, пытанняў: “Куды пайсці вучыцца?” і “Які прафесійны шлях выбраць?” у яе не ўзнікала. Дзяўчына ведала: яна будзе вучыць дзяцей паважаць і любіць, шанаваць нашу бацькоўскую, родную, непаўторную, мілагучную і самую прыгожую ў свеце беларускую мову.
Таццяна паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя А.Куляшова на філалагічны факультэт — зразумела, на беларускае аддзяленне. Скончыла ВНУ з адзнакай і ў 1997 годзе пачала выкладаць у СШ №2 імя К.П.Арлоўскага (зараз — гімназія г.Кіраўска).
— Любоў да бацькоўскай мовы — гэта патрабаванне маёй душы, — адзначае Таццяна Іванаўна. — Калі была яшчэ школьніцай, перачытала ўсе творы Івана Мележа і Васіля Быкава. Так мне падабалася чытаць, разважаць ды і размаўляць па-беларуску.
Дарэчы, са сваімі вучнямі Т.І.Бяляўская заўсёды размаўляе на роднай мове. А вось з калегамі па рабоце гэта цяжкавата, бо, на жаль, не ўсе разумеюць.
За гады настаўніцтва Таццяна Іванаўна ўжо атрымала радуючыя яе душу вынікі: дзве яе былыя вучаніцы абралі прафесію выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры; сёлета дзве выпускніцы прымалі ўдзел у школьнай абласной алімпіядзе па гэтым прадмеце.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.