Быць побач і дапамагаць

Міжнародная Федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага паўмесяца, у састаў якой уваходзіць і Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, з’яўляецца самай буйной у свеце гуманітарнай арганізацыяй, якая аказвае дапамогу без якой-небудзь дыскрымінацыі па нацыянальных ці расавых прыкметах, рэлігійных перакананнях ці палітычных поглядах.
Абараняць і паляпшаць жыццё і здароўе людзей, мабілізуючы гуманны патэнцыял грамадства і гарантуючы павагу да асобы — такую місію выконвае таварыства Чырвонага Крыжа, а значыць, і члены раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, якіх на сённяшні дзень каля 5,5 тысячы чалавек, аб’яднаных у 37 пярвічак. Гэта людзі— неабыякавыя да чужой бяды, гатовыя ў любы момант аказаць пасільную дапамогу тым, каму гэта патрэбна.
Аб дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа за апошнія 5 гадоў мы папрасілі расказаць яе старшыню А.А.Хрысталюбаву:

— На рахунку нашай раённай арганізацыі шмат добрых і карысных спраў. Удзел у арганізацыі і правядзенні асобных мерапрыемстваў стаў традыцыйным. Гэта святкаванне Дзён пажылога чалавека, маці, інвалідаў, жанчын. Сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама да Дня сям’і праводзім спартыўныя святы з удзелам мнагадзетных і прыёмных сем’яў.
Заўсёды ў полі нашага зроку знаходзяцца выхаванцы раённага дзіцячага сацыяльнага прытулку в.Лёўкавічы, насельнікі аддзялення кругласутачнага знахо-джання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва ў в.Хвайніца. Як бачна , мы працуем з той катэгорыяй людзей, якім неабходны пастаянныя ўвага і клопат.
Нельга не ўзгадаць і атрыманыя за гэты перыяд гранды Чырвонага Крыжа. Першы з іх у 2009 г. выйграла група маладых валанцёраў Мышкавіцкай СШ на рэалізацыю міні-праекта па арганізацыі летняй занятасці непаўналетніх “Зялёны куток” (кіраўнік Н.П.Маісеенка). Другі — “Мастацтва быць здаровым” (2009 г.) — на рахунку валанцёраў-пенсіянераў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (кіраўнік В.М.Русецкая). Трэці гранд у 2010г. атрымалі маладыя валанцёры-інваліды аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на рэалізацыю міні-праекта “Кропелька святла” (кіраўнік І.І.Тарабуева).
Раённае таварыства Чырвонага Крыжа ўнесла свой пасільны ўклад і ў рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу ў в.Боркі: на гэтыя мэты быў выдаткаваны 1 млн. рублёў.
Штогод у раёне праводзіцца медыцынскае абследаванне насельніцтва перасовачнай дыягнастычнай станцыяй Магілёўскай абласной арганізацы Чырвонага Крыжа. Толькі сёлета, у першыя дні студзеня, дыягностыку шчытападобнай залозы зрабілі больш 500 чалавек.
Вядома, ёсць людзі, якім патрэбна больш рэальная дапамога. З гэтай мэтай выдаецца гуманітарная дапамога тым катэгорыям насельніцтва, якія маюць у ёй патрэбу. Дарэчы, рэчавую гуманітарную дапамогу можна атрымаць і зараз у раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, папярэдне звярнуўшыся па тэлефоне (8029) 155-64-57 (Vel).
Гэта толькі невялікая частка нашых спраў.
Безумоўна, у адзіночку цяжка справіцца з любой задачай, таму, выконваючы сваю дабрачынную місію, мы цесна супрацоўнічаем з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзеламі райвыканкама, раённымі саветам ветэранаў і таварыствам інвалідаў, а таксама іншымі грамадскімі аб’яднаннямі.
Зразумела і тое, што аказанне людзям дапамогі, правядзенне гуманітарных акцый, масавых грамадскіх мерапрыемстваў, на рэалізацыю якіх неабходны пэўныя матэрыяльныя сродкі, немагчыма без дабрачынных членскіх узносаў. Наша раённая арганізацыя пастаянна выконвае гадавыя планы па іх збору. Зараз гэтая работа праводзіцца па заяўным прынцыпе, што дае станоўчы вынік. Да прыкладу, за 2010 г. сабрана 19300 тыс. рублёў.
Упэўнена, што і надалей міласэрнасць жыхароў Кіраўшчыны, іх непасрэдны ўдзел у дзейнасці таварыства Чырвонага Крыжа дадуць свой плён.
Запісала
Галіна РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.