Іван Фігурэнка: з прыцэлам на Алімпійскія гульні

Прыемная навіна прыйшла днямі ў раён: наш зямляк Іван Фігурэнка стаў пераможцам чэмпіянату рэспублікі па боксу ў вагавай катэгорыі да 52-х кілаграмаў.
Спаборніцтвы праходзілі ў канцы студзеня ў г.Магілёве. Атрыманая перамога — заслужаная: пастаянныя штодзённыя трэніроўкі плюс напорыстасць юнака, яго папярэднія поспехі дапамаглі спартсмену стаць чэмпіёнам краіны.

Сям’я Фігурэнкаў пераехала ў Мышкавічы, калі Іван быў яшчэ чацвёртакласнікам. Разам з іншымі сябрамі стаў наведваць баксёрскі клуб «Рассвет». Яго трэнеры М.І.Рубленка і А.М.Беразюк выявілі ў хлопца неабходныя спартыўныя дадзеныя і сталі ўшчыльную з ім займацца. Поспеху доўга чакаць не давялося: праз тры месяцы заняткаў у секцыі Іван стаў пераможцам у першынстве г.Бабруйска сярод юніёраў. У гэтым жа, 2005 годзе, ён стаў чэмпіёнам вобласці, затым — сярэбраным прызёрам краіны сярод юніёраў.
Вельмі радаваліся трэнеры і выхаванцы Беларускага дзяржаўнага вучылішча алімпій-скага рэзерву г.Бабруйска, дзе Іван займаўся, калі ён стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь сярод моладзі, а пасля прымаў удзел у чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Польшчы і Германіі.
У 2009 годзе 19-гадовы юнак выйграў Кубак Беларусі сярод спартсменаў ва ўзросце да 21 года. А праз год заняў 2-е месца на чэмпіянаце краіны.
Наперадзе ў юнака — удзел у чэмпіянаце Еўропы ў Ірландыі, чэмпіянат свету ў Баку, дзе будуць разыграны ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2012 года, якія адбудуцца ў Лондане. Як адзначыў у размове яго першы трэнер М.І.Рубленка, усе шанцы прыняць удзел у Алімпіядзе ў Івана ёсць. Як ёсць і жаданне выйграць!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.