“Мама, не хвалюйся, адслужу і вярнуся!”

Год таму такімі ж марознымі зімовымі днямі жыхарка аграгарадка Добасна Алена Саўчанка праводзіла свайго сыночка Юру — старэйшага з дзяцей на службу ў армію. Усё было на душы ў жанчыны: і хваляванне, і шчымлівае ёканне ў сэрцы, і страх за сваё дзіцяці.
— Аднак, калі сын паслужыў некаторы час, — гаворыць Алена Сяргееўна, — і я запрыкмеціла, што служба ў арміі ідзе яму на карысць, крыху супакоілася.
А калі Юра прыйшоў дадому ў 10-дзённы водпуск у прыгожай ваеннай форме, памужнеўшы, з сур’ёзным выразам вачэй, больш уважлівы да маці і малодшай сястры Жэні, на душы ў жанчыны стала зусім спакойна і радасна.
Гвардыі радавы Юрый Саўчанка служыць у Віцебску, у паветрана-дэсантных войсках. Да арміі юнак набыў прафесію тэхніка-механіка ў Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, працаваў у СВК “Добасна-агра”.
— Я ніколькі не шкадую, што давялося прыпыніць працоўную дзейнасць, каб пайсці служыць, — гаворыць Юра. — Лічу, што кожны мужчына павінен выканаць свой воінскі абавязак. Нічога страшнага ў службе няма! Наадварот, больш дасканала разумееш сэнс такіх паняццяў, як “мужнасць”, “вынослівасць”, “дысцыплінаванасць”, “мацярынская любоў”, “сапраўдная мужчынская дружба”, “сум па родным доме”.
Заўтра, у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, для Юры будуць гучаць віншаванні і пажаданні ад родных і сяброў, а ўжо 24 лютага закончыцца яго водпуск, і ён накіруецца ў сваю ваенную часць. Дарэчы, у гэты ж дзень разам з ім працягваць службу ў Віцебск едзе яшчэ адзін наш зямляк — жыхар в.Юзафін гвардыі радавы Дзяніс Аляксееў.
…І зноў трывожна за-шчыміць мацярынскае сэрца. Аднак цвёрдае і ўпэўненае: “Не хвалюйся, мама, адслужу і вярнуся дадому!” — як запавет: Алена Саўчанка абавязкова дачакаецца свайго сыночка, сваю надзею, свайго абаронцу!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.