Настаўнік года-2011

Падведзены вынікі раённага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў; і незалежна ад таго, хто заваяваў ганаровае званне “Настаўнік года-2011”, усе 8 канкурсантаў заслугоўваюць самых лепшых слоў у свой адрас, бо яны — лепшыя!
Ганаровае званне “Настаўнік года -2011” заваяваў выкладчык фізічнай культуры і здароўя СШ №1 А.С.Каранкевіч (на здымку справа). Упершыню выкладчык такога прадмета прымаў удзел у конкурсе. А чаму б і не? Ці не галоўнае, каб нашы дзеці былі фізічна здаровымі, падрыхтаванымі да абароны сваёй Радзімы, да працоўнай дзейнасці?! Менавіта на гэта і накіраваны яго праект “Гармонія духу і здароўя”.

Па ўмовах правядзення сёлетні конкурс крыху адрозніваўся ад папярэдніх. Не было абмежавання канкурсантаў па стажу работы і наяўнасці пэўнай катэгорыі, ад чаго конкурс атрымаўся яшчэ больш цікавым і непрадказальным. На роўных змагаліся педагогі, якія могуць ужо пахваліцца дасягненнямі сваіх выпускнікоў, і педагогі, якія толькі пішуць першыя старонкі сваёй працоўнай біяграфіі.
Канкурсанты хваляваліся, але падтрымка калег, адміністрацыі надавала ўпэўненасці. Хварэла за ўдзельнікаў конкурсу і леташняя яго пераможца, суперфіналістка абласнога этапу В.П.Гаўрылава, якая запэўніла, што стомленасць, напружанасць конкурсных дзён пройдзе, а пачуццё задавальнення, упэўненасці ва ўласных сілах застанецца.
Традыцыйна конкурс складаўся з некалькіх этапаў, кожны з якіх ацэньваўся адпаведнай колькасцю балаў. Самыя высокія балы канкурсанты маглі атрымаць за праведзены ў незнаёмым класе ўрок і адукацыйны праект, які прадастаўляўся для азнаямлення журы яшчэ да пачатку конкурсу. Астатнія этапы: самапрадстаўленне, абарона адукацыйнага праекта, псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, тэхналагічная карта (план) і самааналіз урока — ацэньваліся значна меншай колькасцю балаў.
— Сёлетні конкурс, — адзначыла старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі А.М.Каранкевіч, — быў на парадак вышэй папярэдніх, бо члены журы становяцца вопытней, і канкурсанты дэманструюць усё больш высокі ўзровень падрыхтоўкі. Не сакрэт, што нам было цяжка вызначыць лепшых, бо кожны ўдзельнік — сапраўдны прафесіянал, таленавіты педагог. І ўсё ж, адным не хапіла вопыту, другім — упэўненасці ў сваіх здольнасцях.
Падчас самапрадстаўлення ўсіх пакарыў настаўнік СШ №1 А.С.Каранкевіч. Найбольшую колькасць балаў на тэсціраванні набрала настаўніца гэтай жа школы В.М.Завішава. У яе ж атрымаўся і самы лепшы ўрок. Журы адзначыла высокі ўзровень адукацыйных праектаў, але лепшымі, на іх думку, аказаліся тыя, над якімі працавалі і адміністрацыя ўстановы, і іншыя педагогі, іншымі словамі — цэлая каманда. Найбольшы аб’ём работы падчас падрыхтоўкі праекта быў адзначаны ў настаўніцы Жыліцкай СШ С.Г.Лапянок. Лепшае афармленне праектаў — у В.М.Завішавай і А.С. Каранкевіча з СШ №1. І афармленнем, і аб’ёмам работ вызначыліся праекты настаўнікаў Л.Б. Вараб’ёвай з Баравіцкай СШ і А.В.Котавай з Паўлавіцкай СШ.
Цікавы, на думку журы, праект Л.Я.Кірылавай з Мышкавіцкай СШ, якая прадставіла новую форму работы з дзецьмі: гісторыка-краязнаўчую сцяжынку. Не пакінулі абыякавымі членаў журы і самыя маладыя ўдзельнікі конкурсу. А.У.Крываруцкая з Любоніцкай СШ, якая працуе другі год, уразіла сваёй эрудыцыяй і любоўю да рускай мовы і літаратуры. А настаўнік гімназіі А.А.Бяляўскі, які хоць і працуе толькі першы год, затое вельмі лёгка знайшоў кантакт з дзецьмі на ўроку, дзякуючы чаму, а таксама прымяненню інфармацыйных тэхналогій і адначасова ўменню выкарыстоўваць спадручныя сродкі навучання, урок у яго атрымаўся цікавым.
Але конкурс ёсць конкурс. І пераможца толькі адзін — ім стаў А.С.Каранкевіч з СШ №1.
Дыплом другой ступені атрымала настаўнік біялогіі Паўлавіцкай СШ А.В.Котава. Трэцім прызёрам конкурсу стала зноў жа прадстаўніца СШ №1, настаўніца пачатковых класаў В.М.Завішава.
Віншуем і пераможцу, і прызёраў, і ўсіх удзельнікаў конкурсу з іх асабістай перамогай! Яны адкрылі сябе па-новаму, павысілі свой прафесійны ўзровень і аўтарытэт сярод калег, вучняў і іх бацькоў.
Усе канкурсанты ўдзячныя сваім калегам і вучням за ўсебаковую дапамогу і падтрымку.
Галіна РУСЕЦКАЯ/

Настаўнік года — 2011

У раёне праходзіць традыцыйны конкурс педагагічнага майстэрства. Сёлета за ганаровае званне “Настаўнік года-2011” змагаюцца 8 лепшых прадстаўнікоў педагагічных калектываў агульна-адукацыйных навучальных устаноў раёна.
У суботу 29 студзеня ў Цэнтры пазашкольнай работы адбыліся першыя тры этапы конкурсу: самапрадстаўленне, абарона адукацыйных праектаў і тэсціраванне на веданне педагогікі, псіхалогіі і нарматыўнай дакументацыі. Сёння і заўтра на базе СШ №1 праходзіць заключны этап — канкурсанты даюць адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах.
Аб ходзе конкурсу і яго выніках чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў раённай газеты.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.