Не хвалюйцеся, памыцца будзе дзе!

У мінулыя выхадныя завяршыла сваю работу Кіраўская грамадская лазня. Яе функцыі часова будзе выконваць лазня, што працуе пры Кіраўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. У сувязі з гэтым некаторыя нашы чытачы — наведвальнікі гарадской лазні захваляваліся, маўляў, памяшканне для мыцця пры ДЮСШ невялікае, не змогуць памыцца ўсе жадаючыя, а кошт гэтай паслугі, напэўна, будзе надта перавышаць папярэдні.
За адказамі на гэтыя пытанні мы звярнуліся да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама І.М.БЯРЖАНІНА:

— Сапраўды, з сённяшняга дня пачаўся разбор будынка гарадской грамадскай лазні. Як толькі гэтыя работы будуць завершаны, калектыў Кіраўскай ПМК-255 прыступіць да будаўніцтва новай лазні. Пакуль яшчэ немагчыма дакладна сказаць, калі яна зможа прыняць сваіх наведвальнікаў.
У перыяд будаўніцтва памыцца можна будзе ў лазневым памяшканні ДЮСШ. Кіраўчанам няма чаго хвалявацца, бо ўмовы там адпавядаюць неабходным патрабаванням, ды і кошт паслугі на некалькі рублёў таннейшы. Улічваючы колькасць наведвальнікаў гарадской лазні, магу запэўніць, што ў лазні ДЮСШ усім ім хопіць месца, каб памыцца.
Магчыма, будаўніцтва гарадской лазні і будзе выклікаць у некаторых людзей нейкія нязручнасці, але ж новы будынак, разлічаны на 50 месцаў, будзе, зразумела, камфортным, абсталяваным па сучасных тэхналогіях, у поўнай меры будзе адпавядаць санітарным нормам і сацыяльным стандартам.
Падрыхтавала Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.