Паказалі сябе сапраўднымі інтэрнацыяналістамі

…У той вечар на адной з вуліц в.Самадумаўка нашага раёна гучала музыка і дзявочыя спевы. На службу ў армію праводзілі мясцовага юнака Аляксея Нікіфарава. Весяліліся сябры і дзяўчаты. Толькі віноўнік урачыстасці быў сур’ёзным ды трывожна шчыміла сэрца яго маці…
Першая вестка родным ад салдата Нікіфарава прыйшла з-пад Барысава, дзе пачалася яго воінская служба. Ён, служачы 114-га танкавага палка выдатна здаў армейскія іспыты і атрымаў ваенную прафесію — механік-вадзіцель.
Трапіў у сфарміраваны ў Полацку танкавы полк. Адтуль маладых танкістаў накіравалі ў Ніжні Тагіл. А затым напрацягу 11-ці сутак эшалон ішоў на мяжу, у Кушку. Па прыбыцці на месца па наведзеных мастах праз хуткую раку Амудар’ю полк перакінулі ў Афганістан. Гэта былі адны з першых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія крочылі на афганскую зямлю.
Вядома ж, служба ў баявой кропцы давалася маладому чалавеку, як і яго сябрам і саслужыўцам, нялёгка. Іншая краіна, іншы клімат, гарыстая мясцовасць. А яшчэ стрэлы, выбухі, засады душманаў, гібель сяброў…
Аляксей Еўдакімавіч узгадвае, што мясцовае насельніцтва часта прасіла дапамогі ў салдат. І яны дапамагалі медыкаментамі, прадуктамі харчавання. А тыя, у сваю чаргу, падказвалі, дзе заселі банды душманаў, у якіх арыках атручаная вада, а з якіх яе можна піць.
У памяці мужчыны яскрава ўсплывае эпізод, калі яны бралі Палац Аміна. У выніку баявых дзеянняў Аляксей Нікіфараў быў кантужаны. Шрам на галаве ад гэтага застаўся на ўсё жыццё.
Аднойчы танк, якім кіраваў Аляксей Еўдакімавіч, павіс над прорвай. Машыну падымалі кранам. А пальцы механіка не маглі расціснуць нават медсёстры. Дзве гадзіны мёртвай хваткай трымаў іх баец, пакуль знаходзіўся ў вісячым над прорвай танку. Вышыня была 5 тысяч кіламетраў над узроўнем мора.
На шчасце, гэты кашмар для Аляксея Нікіфарава скончыўся паспяхова. Адслужыўшы вызначаны тэрмін, з баявымі узнагародамі і падарункамі для родных ён вярнуўся дадому. Толькі вось маці яго не дачакалася, памерла… З радасцю і цеплынёй сустрэлі Аляксея бацька і сёстры.
Былога салдата запрасілі на пасаду інжынера-механіка ў тагачасным саўгасе “50 год БССР”. Але не доўга працаваў Нікіфараў на гэтай пасадзе. Ён любіў тэхніку. І дзень, і ноч быў гатоў працаваць менавіта на ёй. Шчыраваў на трактары, на камбайне, не шкадуючы сіл і асабістага часу. Хутка да баявых узнагарод дадаліся і працоўныя.
Зараз Аляксей Еўдакімавіч працуе начальнікам аднаго з вытворчых падраздзяленняў СВК “Калгас “Беларусь”. У Хвайніцы, дзе жыве Нікіфараў, яго паважаюць як чалавека, які душой хварэе за справу, за людзей, за сваю зямлю, якую любіць і шануе з маленства.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.