Прыклад для пераймання

Прачытаў у “раёнцы” аб тым, як вучні Мышкавіцкай СШ з карысцю бавяць вольны час. Сапраўды, знайшоўшы сабе справу па душы, можна без алкаголю і тытуню цікава і змястоўна адпачыць. Аднак гэта ў калектыве, падчас масавых мерапрыемстваў. А як складваецца сітуацыя ў звычайнай маладой сям’і?
Прыгадваю сваю размову са знаёмай — кіраўчанкай Аленай К. Разам з мужам яны выхоўваюць дачку-трэцякласніцу Святлану, маюць свой дом. Гаспадар, надараецца, і ўжывае алкаголь, але, як гаворыцца, выключна па святах. А тут, расказала Алена, сустрэла неяк сваю даўнюю сяброўку Ніну. Тая пачала хваліцца, што яе муж цяпер наогул не п’е, закадзіраваўся. Сямейныя святы адзначаюць за кубкам гарбаты, ціха, спакойна… І з такім імпэтам сяброўка расказвала аб гэтым, што Алена міжволі задумалася, а ці не наладзіць ім сумесныя пасядзелкі за безалкагольным сталом? Ідэя сяброўцы спадабалася, і Алена стала актыўна рыхтавацца да сустрэчы. Дапамагаць ёй вызвалася суседка Валянціна. Разам жанчыны напрыдумвалі розных цікавых забаўляльных конкурсаў, каб весялей было. Вырашылі, што спаборнічаць будуць не сем’ямі, а мужчынскай і жаночай камандамі. У якасці першага задання для моцнай паловы падрыхтавалі пакеты з нажніцамі, ніткамі, іголкамі гузікамі і тканінай, а для жанчын падабралі з дзіцячых канструктараў вінцікі, розныя тэхнічныя дэталі, адвёрткі…
Дачка суседкі Анжэла прапанавала свой конкурс: хто з дарослых хутчэй рошыць алгебраічную задачку, узгадае больш слоў на вызначаную літару. А яшчэ падрыхтавалі пытанні віктарыны, своеасаблівую латарэю.
Тым часам быў накрыты святочны стол. Пачэснае месца на ім занялі напіткі: морсы, сокі, кампоты. Такі падыход спачатку крыху засмуціў гасцей, але дэгустацыя хутка развеяла сумненні — смаката! Асабліва ўразіў бураковы морс. А вырабляецца ён, аказваецца, проста. Трэба абабраць чырвоныя буракі, нацерці на дробнай тарцы, адціснуць сок. Бурак заліць кіпенем, крыху праварыць на слабым агні, працадзіць, дадаць цукру і лімоннай кіслаты, астудзіць, змяшаць з бураковым сокам…
Слухаў сваю знаёмую і з задавальненнем прыкмячаў, як свецяцца яе вочы, з якім імпэтам распавядае яна пра свае “эксперыменты”. “Раней я думала, — працягвала між тым Алена, — што закадзіраваныя ад алкагольнай залежнасці людзі ходзяць з халоднымі вачыма, мала чым цікавяцца, нібы на ўсіх пакрыўджаныя. А цяпер пераканалася, што гэта не так. Муж Ніны — цудоўны, добры чалавек з выдатным пачуццём гумару!”.
Прапанаваныя на сямейных пасядзелках конкурсы прайшлі на “ўра!”, дадалі настрою, дазволілі адчуць сябе зноў маладымі і бесклапотнымі. А потым былі пірагі з духмянай гарбатай, адвечныя размовы аб хатняй гаспадарцы, поспехах дзяцей. Не прамінулі пагаварыць і аб будучых сустрэчах, у тым ліку ў цёплы час года — з вылазкай на прыроду.
А яшчэ, адзначыла ў размове Алена, яна заўважыла, як радаваліся новым адносінам да застолля іх дзеці, як “хварэлі” за тату і маму падчас конкурсаў. Вось такое стаўленне бацькоў да ўласнага жыцця і будучага дзяцей — лепшы прыклад для пераймання!
Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.