Са шчырай удзячнасцю

Для некаторых жыхароў раёна, як яны самі адзначаюць, “Кіравец” часам становіцца апошняй інстанцыяй у вырашэнні хвалюючых іх пытанняў і праблем. У рэдакцыю “раёнкі” звяртаюцца з надзеяй атрымаць дапамогу пры разборцы складанай жыццёвай сітуацыі, адказы, каментарыі, рэкамендацыі кампетэнтных спецыялістаў. Прыемна, калі атрымліваецца апраўдаць надзеі чытачоў. А яшчэ прыемней, калі праз газету людзі просяць выказаць шчырыя словы ўдзячнасці за аказаную дапамогу, дасылаюць лісты, у якіх расказваюць пра людзей і іх добрыя справы.
Нам патэлефанавала жыхарка в.Цяса Ніна Костка. Яна расказала пра паштальёна Мышкавіцкага аддзялення паштовай сувязі Тамару Лупекіну, якая носіць жыхарам в.Цяса газеты, часопісы, лісты і пенсіі ўжо 23 гады. “Згадзіцеся, — адзначыла Н.Костка, — не кожны чалавек здолее столькі год працаваць з людзьмі без канфліктаў і нараканняў. Тамара Мікалаеўна з павагай ставіцца да нас: і выслухае, і падтрымае, і параіць нешта карыснае. Вялікі ёй дзякуй за гэта!”.
Шчырая падзяка ў лісце жыхара в.Кострычы Яўгена Казекі таксама была адрасавана работнікам раённага вузла паштовай сувязі: “Нам, жыхарам аддаленай вёскі, вельмі пашанцавала з паштовым экіпажам: паштальёнам Таццянай Каранкевіч і вадзіцелем аўтамабіля Васілём Краўчанкам. З нецярпеннем мы чакаем, калі на вуліцах вёскі з’явіцца іх машына. Не толькі, каб атрымаць пошту, але і каб пагаварыць з добрымі людзьмі, падзяліцца з імі сваімі думкамі, уражаннямі. Я — інвалід першай групы з дзяцінства і часта прашу Таццяну Віктараўну прывезці лякарствы з гарадской аптэкі, пакласці грошы на “мабільнік”, аплаціць камунальныя паслугі. І заўсёды ўпэўнены, што і мае просьбы, і просьбы іншых жыхароў вёскі будуць выкананы. Хочацца падзякаваць гэтым людзям, пажадаць ім моцнага здароўя і цудоўнага настрою”.
Самыя добрыя, удзячныя словы выказала пенсіянерка з Кіраўска Л.Б.Храмовіч у адрас паштальёна гарадскога аддзялення сувязі Людмілы Васільеўны Аляшкевіч. Маўляў, яна і свае службовыя абавязкі выконвае добрасумленна, і чалавек — чулы, добразычлівы, ветлівы. Актыўна праводзіць падпіску на перыядычныя выданні, у тым ліку і на “Кіравец”. Л.Б.Храмовіч адзначыла, што “раёнка” для яе — вакно ў свет, калі па стану здароўя не маецца магчымасці выходзіць за межы дома. Паштальён Л.В. Аляшкевіч не пакідае перыёдыку ў паштовай скрыні на вуліцы, а прыносіць Лізавеце Барысаўне дадому.
Жанчына падзякавала рэдакцыі “Кіраўца” за разнастайную інфармацыю і навіны, цікавыя матэрыялы і ўвогуле — поўную карціну жыцця раёна, пажадала журналістам далейшых творчых здабыткаў.
У наступных двух лістах чытачоў “раёнкі” ўтрымліваліся добрыя словы аб работніках цэнтральнай раённай бальніцы.
Наш даўні чытач А.І.Маскалёў зачараваны ўрачом ЦРБ А.Р. Дворкіным, як чалавекам і выдатным спецыялістам: “З Алегам Рыгоравічам я знаёмы шмат год. Нас з ім аб’ядноўвае моцная мужчынская дружба. Да сваіх пацыентаў ён ставіцца з выключнай увагай і цеплынёй. Не толькі аказвае медыцынскую дапамогу хворым, але і ўсяляе ў іх жыццёвы аптымізм. Быў сведкам, калі адна з пацыентак А.Р. Дворкіна пасля гутаркі з ім усміхнулася і сказала: “Дзякуй, доктар, мне нават лягчэй стала!”.
“Не знаходжу слоў, якімі б можна было выказаць вялікую ўдзячнасць работнікам хірургічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў райбальніцы”, — так пачынаецца ліст нашай чытачкі Т.С.Аўсянікавай з г. Маладзечна. Яна расказала, што яе брат 3 месяцы ляжаў у Кіраўскай райбальніцы. На працягу гэтага перыяду ён атрымліваў выдатны медыцынскі догляд, а таксама увагу, клопат і душэўную цеплыню. “Я сама — гараджанка і не раз даводзілася карыстацца паслугамі гарадской бальніцы г.Маладзечна, і такога я там не бачыла. — піша Тамара Сцяпанаўна. — Мяне ўразілі чысціня, утульнасць, павага, добрае і клапатлівае стаўленне да пацыентаў Кіраўскай раённай бальніцы. Нізкі паклон яе калектыву!”.
Агляд праводзіла
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.