У “Геркулес” — за здароўем і добрым настроем!

У мінулую пятніцу адбылася знамянальная для нашага горада падзея — адкрыццё трэнажорнай залы, якая атрымала назву “Геркулес”. Размясцілася яна ў будынку раённага Дома культуры (уваход — збоку, з вул.Ленінскай).
Патрэба ў такой зале наспела даўно, і вось, дзякуючы зацікаўленасці і актыўнаму садзейнічанню кіраўніцтва раёна і асабіста старшыні райвыканкама У.У.Піскіжава, укладу будаўнічых і іншых арганізацый горада, грамадскіх аб’яднанняў, мары ўвасобіліся ў жыццё. У палку новых спартыўных аб’ектаў райцэнтра прыбыло: разам з адкрытай летась на стадыёне футбольнай пляцоўкай са штучным пакрыццём трэнажорная зала “Геркулес” таксама заклікана стаць запатрабаваным месцам у аматараў спорту і ўсіх жадаючых быць у добрай фізічнай форме. Невыпадкова для яе дзейнасці вызначаны дэвіз: “Сіла, грацыя, спорт, здароўе!”.
На цырымонію ўрачыстага адкрыцця залы сабраліся прыхільнікі спорту, моладзь і ўсе, маючыя дачыненне да таго, каб гэты аб’ект увайшоў у строй дзеючых. З віншаваннямі з нагоды прыемнай падзеі да іх звярнуўся старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў. Ён адзначыў, што кіраўчане даўно чакалі з’яўлення ў горадзе падобнага спартыўнага аб’екта, выказвалі гэтае жаданне на сустрэчах у працоўных калектывах. Напэўна, усім хацелася б рэалізацыі гэтых пажаданняў у больш значных маштабах, але дзейнічалі згодна маючыхся магчымасцей. Галоўнае, зроблены істотны крок у напрамку таго, каб сур’ёзна займацца вырашэннем пытанняў развіцця спорту, прапагандай здаровага ладу жыцця. У новай зале, заўважыў кіраўнік раёна, кіраўчане змогуць свой вольны час скарыстоўваць на карысць здароўя і прыгажосці, а нашы спартсмены — на карысць умацавання сваіх здольнасцей для дасягнення лепшых вынікаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Ідэя стварэння такой залы належыць начальніку аддзела культуры райвыканкама Т.Л.Галубоўскай: тры гады назад, практычна без ніякіх сродкаў, на адным энтузіязме культработнікі распачалі гэтую справу. Са студзеня мінулага года ўсімі зацікаўленымі структурамі пачалася актыўная работа па давядзенні памяшкання да ладу, абсталяванні трэнажорамі, душавымі, неабходнай мэбляй, і паступова, без прыцягнення сродкаў абласнога бюджэту, за ўласныя — колькі маглі, столькі ўкладалі — усё атрымала лагічнае завяршэнне.
Кіраўнік раёна выказаў шчырую ўдзячнасць кіраўнікам арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў за разуменне, падтрымку, актыўны ўдзел у справе ўладкавання і абсталявання залы.
Старшыня райвыканкама выказаў пажаданне, каб зала была максімальна загружана, сфарміраваны рознаўзроставыя групы. Будзе распрацавана гібкая сістэма цэн на паслугі, каб той, хто шмат займаецца на трэнажорах ці фітнесам, мог набыць абанемент. Прадугледжана сістэма скідак для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з малазабяспечаных сем’яў, для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Дзейнасць залы павінна спрыяць прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх: энергію і эмоцыі можна “выплёскваць” тут, а не на негатыўныя праявы.
Як актыўнаму прыхільніку фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця, Уладзіміру Уладзіміравічу Піскіжаву быў уручаны першы абанемент на наведванне трэнажорнай залы.
Кіраўнікі ПМК-255, раённых структур “Белаграпрамбанка” і “Беларусбанка”, цэнтральнай раённай бальніцы, райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі Фонд міру”, аддзела адукацыі райвыканкама і прадстаўнікі арганізацый, маючых дачыненне да ўзвядзення і аздаблення аб’екта, жадалі яму шчаслівага шляху. Быў таксама адзначаны ўклад “Кіраўсквадгаса”, УКП “Жылкамгас” і “Бытпаслугі”, раённага вузла электрасувязі, індывідуальнага прадпрымальніка С.В.Паліўкіна.
Была разрэзана сімвалічная стужка, і прысутныя накіраваліся да трэнажораў у суправаджэнні трэнера-інструктара, які ахарактарызаваў кожны трэнажор, а мясцовыя спартсмены паказалі, як на ім займацца.
Застаецца дадаць, што трэнажорная зала будзе працаваць з панядзелка па пятніцу з 14 да 21 гадзіны, у суботу і нядзелю — з 9 да 21 гадзіны. Так што, спяшайцеся, кіраўчане, за здароўем і добрым настроем!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.