У мяса-малочнай галіне пралікаў быць не павінна

На мінулым тыдні на базе ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” прайшоў раённы семінар-нарада па падвядзенні вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны за мінулы год. У ім прымалі ўдзел старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу А.В.Осіпаў, яго намеснікі, начальнікі аддзелаў, спецыялісты райсельгасхарчу і раённых зааветслужбаў, кіраўнікі, эканамісты, заатэхнікі, ветурачы сельгаспрадпрыемстваў.
Удзельнікі семінара-нарады наведалі сервісны цэнтр РАПТЗ, які займаецца абслугоўваннем і рамонтам лінейных даільных малакаправодаў. Начальнік цэнтра Ю.Р.Каган засяродзіў увагу прысутных на тых непаладках абсталявання, якія ўплываюць на недаатрыманне прадукцыі. Адзначалася, што пры выхадзе са строю адной сасковай гумы ў даільным апараце пажадана мяняць усе чатыры.
Нельга дапускаць, заўважыў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, каб з-за няякаснай работы даільнага абсталявання выбракоўваліся высокапрадуктыўныя каровы. Летась па гэтай прычыне з гаспадарак раёна здадзена на мясакамбінат 400 галоў. А для таго, каб атрымаць дойную карову, неабходна затраціць як мінімум 3 гады. Дык ці ж гэта не разбазарванне грамадскіх сродкаў?
Каб не дапускаць у далейшым такіх адмоўных фактаў у рабоце, вырашана распрацаваць графік і наладзіць абучэнне інжынераў па працаёмкіх працэсах і слесараў па абслугоўванні малочнага абсталявання.
Затым удзельнікі наведалі Любоніцкую малочнатаварную ферму. Тут праведзены рамонт малочнага блока, набыта новае халадзільнае абсталяванне, створаны належныя бытавыя ўмовы для працуючых.
Усё пагалоўе, а гэта 2408 галоў БРЖ, утрымліваецца ў чыстых хлявах, аб чым сведчыў выгляд жывёлы. Скептыкі могуць запярэчыць: дык быў жа час падрыхтавацца да семінара! Але, згадзіцеся, паважаныя чытачы, усіх кароў так хутка не вымыеш…
З вынікамі працы жывёлаводаў фермы пазнаёміў дырэктар РАПТЗ А.І.Гіраеўскі. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што за два папярэднія гады колькасць жывёлы тут павялічылася на 200 галоў. Ад кожнай каровы за 2010 год атрымана ў сярэднім па 5708 кг малака. Надоена 3768 т малака, што складае 126,7% да ўзроўню 2009 года. Дзяржаве рэалізавана 3255 тон прадукцыі (140,1% — гэта самы лепшы паказчык па раёне), 2888 т — вышэйшым гатункам. Атрымана 326 млн. руб. прыбытку.
На дарошчванні і адкорме знаходзіцца 1695 галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачныя прывагі за мінулы год склалі 654 г (101,7%). На прыёмныя пункты пастаўлена 279 тон, пры гэтым 214 т — вышэйшай укормленасці.
Як заўважыў старшыня райвыканкама У.У. Піскіжаў, недапушчальны той факт, што пры аднолькавым рацыёне кармлення жывёлы вынікі працы ў жывёлаводаў фермы розныя. У першую чаргу кіраўнік раёна гэта звязвае з нізкай заработнай платай: у сярэднім яна тут складае каля 700 тыс. рублёў, таму многія не імкнуцца добрасумленна працаваць. Па той жа прычыне не хапае спецыялістаў. Неэфектыўна выкарыстоўваюцца дойныя месцы, не запоўнены пад поўную магутнасць хлявы. Гэта назіраецца і на МТФ іншых гаспадарак, якія абсталяваны даільнымі заламі.
Галоўны ветурач раёна М.С. Маслаў звярнуў увагу на неабходнасць абавязковага правядзення ў гаспадарках такіх мерапрыемстваў, як прафілактыка і лячэнне маладняку, фарміраванне груп цялушак і сухастойных кароў, прафілактычныя апрацоўкі, пазнаёміў прысутных з новымі прэпаратамі, расказаў аб іх эфектыўнасці пры лячэнні захворванняў жывёлы і іх прафілактыцы.
Галоўны ветурач СВК “Чырвоны баец” С.А.Іслеўскі правёў практычныя заняткі па выкарыстанні прыбора для вызначэння якасці малодзіва, якое кормам для цялятак з першых хвілін іх жыцця.
З аналізам вядзення дакументацыі па бухгалтарскаму ўліку, паўнаты запаўнення і тэрмінаў здачы пярвічнай справаздачнасці выступіла галоўны бухгалтар райсельгасхарчу Н.М.Лук’янава. Яна таксама спынілася на тым, што ў многіх гаспадарках безадказна ставяцца да выкарыстання вагавага абсталявання. Так, на 38 аб’ектах гаспадарання ў наяўнасці маецца 47 адзінак вагаў, з якіх толькі 18 — павераныя.
У сувязі з гэтым кіраўнік раёна даручыў арганізаваць рамонт, паверку вагавага абсталявання, пры неабходнасці — набыць новае. Перавагу жывёлы ў гаспадарках трэба ажыццяўляць у адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі.
Наступным аб’ектам наведвання стаў Уласавіцкі малочнатаварны комплекс, дзе ўтрымліваецца 500 галоў БРЖ, з якіх 300 кароў. Сур’ёзна ставяцца тут да запаўнення памяшканняў высокаўдойнымі каровамі, перавагу аддавалі першацёлкам, нават куплялі ў іншых гаспадарках. Дарэчы, толькі ў студзені ў СВК “Калгас “Ніва” закуплена 15 цялушак. Значную ўвагу на сельгаспрадпрыемстве надаюць санітарнаму стану вытворчых цэхаў, даільнай залы, малочным блокам, добраўпарадкаванню тэрыторыі фермы. Малочная лабараторыя ўкамплектавана сучаснымі вымяральнымі прыборамі. Таму і малако прадаюць адсюль вышэйшым гатункам.
Па пытаннях захавання тэхналогіі вытворчасці малака, раздою нецеляў, кармлення жывёлы з улікам яе прадуктыўнасці і фізіялагічнага стану, эфектыўнасці выкарыстання камбікармоў і бялковай сыравіны каментарыі даваў намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі І.Л.Грышчанка.
Значная ўвага ў выступленнях урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі І.Я.Чыстабаевай і галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу С.І.Назарчук была нададзена такім пытанням, як якасць атрымліваемай прадукцыі і наяўнасць сучаснага абсталявання ў малочных лабараторыях.
Прадстаўнікі ААТ “БелаграСістэма Сервіс” расказалі аб навінцы — малочным таксі, паслугамі якога ўжо карыстаюцца гаспадаркі іншых абласцей рэспублікі, дзе памяшканні для кармлення маладняку старога ўзору. Выкарыстанне дазваляе аднаму аператару абслугоўваць 60-70 галоў маладняку, значна аблягчае працу абслугоўваючага персаналу. Да таго ж, у ім абеззаражваецца і пастэрызуецца малако, што дае магчымасць выкарыстоўваць малако ад хворых кароў.
У актавай зале РАПТЗ працягвалася работа семінара-нарады. Адзначалася, што за мінулы год па раёне вытворчасць малака склала 43187 тон, у сярэднім на карову атрымана па 5663 кг малака (-298 кг да 2009 г.). У такіх гаспадарках, як СВК “Чырвоны баец”, “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Добасна-агра”, сярэднясутачныя надоі значна вышэйшыя.
Летась пастаўлена дзяржаве 37040 тон малака, з іх 14% — гатункам “экстра”, 64,3% — вышэйшым. Страты ад рэалізацыі малака нізкім гатункам склалі 890 млн. рублёў. Па павелічэнні тэмпаў росту вытворчасці малака, яго рэалізацыі, якасці лідарам у раёне з’яўляецца СГФ “Чыгірынка”.
Як адзначыў старшыня райвыканкама, у вытворчасці малака дробязей не павінна быць. Вядома, што многія малочнатаварныя фермы пабудаваны даўно, яны не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Але ж многае залежыць і ад іншых фактараў: санітарыі, збалансаванага кармлення, прафілактыцы захворванняў кароў. Над гэтым неабходна працаваць пастаянна.
За мінулы год гаспадаркамі раёна прададзена 3513 т ялавічыны (103,5%). У сярэднім у суткі гадаванцы прыбаўлялі па 668 г (+55 г). Найбольшую валавую прывагу атрымалі ў СВК “Добасна-агра”, найменшую — СВК “Калгас “Свярдлова”. Свініны пастаўлена 1309 т (с/пр. 549 г).
Значная ўвага на семінары-нарадзе надавалася пытанням адкорму БРЖ.
Пастаўлена задача на належным узроўні наладзіць племянную работу, да 15 сакавіка выкарыстаць усе маючыеся рэсурсы і не ўпусціць тэрміны, каб у наступным годзе атрымаць запланаваную колькасць маладняку. Адзначалася, што да 1 сакавіка неабходна поўнасцю ўкамплектаваць штаты на фермах, забяспечыць іх вучобу. Дарэчы, летась толькі 6 тэхнікаў-асемянатараў прайшлі абучэнне.
Як падкрэсліў У.У. Піскіжаў, поспехаў дабіваюцца, у першую чаргу, тыя, хто зацікаўлены ў канчатковым выніку сваёй працы. Але зацікаўленасць — гэта толькі стымул, які без захавання тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны не дасць плануемых рэзультатаў. Павінна быць сістэма ва ўсім. Напрыклад, упусціў тэрміны асемянення кароў — зрушыцца графік атрымання прыплоду. Недапушчальна тое, што даільныя залы не запоўнены пад поўную патрэбнасць. Каб атрымаць аддачу, неабходна надойваць не менш 20 кг малака ад таварнай каровы.
Вялікая раскоша — утрыманне непрадуктыўных кароў на сучасных комплексах, як гэта назіраецца ў СВК “Калгас “Ніва”. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства І.У.Рыняк запэўніў, што ў бліжэйшы час гэта сітуацыя будзе выпраўлена.
Як адзначыў старшыня райвыканкама, наш раён адным з першых у вобласці ўкараняе ў вытворчасць навінкі. Таму неабходна заняцца павышэннем прафесійнага ўзроўню працуючых у жывёлагадоўчай галіне кадраў: у многіх гаспадарках няма абучанага персаналу, каб паспяхова працаваць на сучасным тэхналагічным абсталяванні.
Шмат пытанняў да прысутных у зале было ў першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу А.В.Осіпава. Ён засяродзіў увагу на рабоце па захаванасці маладняку, збалансаваным кармленні, павышэнні колькасці і якасці атрым-ліваемай прадукцыі. Тыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, да якіх ставіліся канкрэтныя пытанні, давалі тлумачэнні па ўказаных недапрацоўках, называлі магчымасці выхаду са склаўшагася становішча.
Сёлетні год — стартавы год новай пяцігодкі. Зараз кіраўнікі і галоўныя спецыяісты сельгаспрадпрыемстваў абараняюць бізнес-планы работы іх працоўных калектываў. А для таго, каб яны былі ажыццёўлены, ужо сёння неабходна прыкласці для гэтага максімум намаганняў. І тут трэба разлічваць не толькі на калектыўныя формы работы, але і на ініцыятыву і прадпрымальнасць кожнага. Гэтаму будзе садзейнічаць і тое, што бягучы год аб’яўлены Годам прадпрымальнасці.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.